Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Жыхара Віцебску Ўладзімера Малахоўскага асудзілі на 3,5 года калёніі нібыта за гвалт над сілавікамі. Згодна з прысудам, мужчына павінен выплаціць да 25 чэрвеня агулам 3000 рублёў маральнай кампэнсацыі пацярпелым супрацоўнікам міліцыі — Качыхіну, Емяльянаву і Пазьнякову. У сям’і не атрымалася знайсьці такія грошы, на яе маёмасьць накладзены арышт.
Незадоўга да этапаваньня ў «Воўчыя норы» экспэртная камісія зьняла зь яго групу інваліднасьці, пасьля чаго яго пазбавілі пэнсіі ў памеры 250 рублёў, паведамілі праваабаронцы.
На думку Ірыны — жонкі Ўладзімера — у палітвязьня спэцыяльна забралі пэнсію: каб дадаць сямʼі праблемаў. Ірына цяпер адна выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей.
Малахоўскага прызналі вінаватым у тым, што падчас затрыманьня на акцыі пратэсту спрабаваў ударыць міліцыянтаў, пашкодзіў форму, распыліў у іх газавы балёнчык. Мужчына віны не прызнаў.
Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў вінаватым у гвалце адносна супрацоўніка міліцыі віцябляніна, інваліда па анкалёгіі Ўладзімера Малахоўскага і прысудзіў яму 3,5 года зьняволеньня.
Таксама суд цалкам задаволіў пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам — Уладзімер мусіць заплаціць кожнаму зь іх па 1 тысячы рублёў, агулам 3 тысячы.
Уладзімер Малахоўскі адпачатку не прызнаваў сябе вінаватым і казаў у судзе, што доказы ягонай віны сфальшаваныя.
Яшчэ на волі Малахоўскі прайшоў курс хіміятэрапіі. У лісьце зь СІЗА ён расказаў, што блага сябе адчувае, нямеюць рукі і ногі. Яму забараняюць ляжаць удзень на ложку. З волі перадалі інгалятар, таму стала лягчэй дыхаць.
Малахоўскага накіроўвалі на агляд у анкалягічны цэнтар. Па шпіталі яго вадзілі на ланцугу. Аднак яго не павезьлі ні на плянавую апэрацыю, ні на мэдыка-рэабілітацыйную экспэртную камісію (МРЭК).