«Ну падпішы, ты што, дадому ня хочаш?». Былы палітвязень расказвае, як яго прасілі напісаць прашэньне аб памілаваньні

Былы палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў пасьля вызваленьня. Менск, 2011

Аляксандар Лукашэнка анансаваў вялікую амністыю для асуджаных да 17 верасьня. Умовай для яе ён назваў раскаяньне і прашэньне аб памілаваньні.

Упершыню Лукашэнка заявіў аб магчымай амністыі ў тым ліку і для палітзьняволеных на «адкрытым уроку» 1 верасьня. Тады ён паведаміў, што хоча гэта зрабіць «у сувязі з заклапочанасьцю многіх грамадзян краіны», а таксама таму, што «часам перагібы дапускаюцца і з боку нашых прыхільнікаў».

Празь некалькі дзён будучую амністыю пракамэнтавалі міністар унутраных справаў Кубракоў і генпракурор Швед. Па іх словах, выйсьці на свабоду 17 верасьня могуць нават 8-8,5 тысячы чалавек. Але рашэньне аб асуджаных за ўдзел у пратэстах будзе прымаць асабіста Лукашэнка на падставе прашэньняў аб памілаваньні.

13 верасьня ў інтэрнэце зьявіўся дакумэнт, які на шэрагу тэлеграм-каналаў назвалі магчымым праектам амністыі для палітзьняволеных. Паводле яго, выйсьці на волю могуць асуджаныя альбо абвінавачаныя паводле артыкулаў 293 і 342. Прычым рашэньне аб вызваленьні кожнай канкрэтнай асобы можа быць прынятае адвольна нават кіраўніцтвам калёніі. Ніякіх пацьверджаньняў сапраўднасьці дакумэнту няма. У мінулыя гады закон аб амністыі публікаваўся ў дзень яе абвяшчэньня на нацыянальным прававым партале.

Пра тое, якім чынам адбывалася вызваленьне палітвязьняў у мінулыя гады, Свабодзе расказаў Аляксандар Атрошчанкаў. Пасьля выбараў 2010 году ён быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакараньне ў Наваполацку, там жа цяпер знаходзяцца такія вядомыя палітвязьні, як Віктар Бабарыка і журналіст Свабоды Ігар Лосік. Большасьць з асуджаных за Плошчу-2010 выйшла на волю летам і на пачатку восені 2011 году. Пры гэтым частку зь іх вызвалілі, нягледзячы на адмову пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Сярод іх быў і Атрошчанкаў, які ў выбарчую кампанію 2010 году працаваў прэсавым сакратаром кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект аб амністыі да 17 верасьня не паступаў у Палату прадстаўнікоў

«Далі грошы на дарогу дадому, і я выйшаў»

«Гэта адбылося вельмі сьмешна, — расказвае Аляксандар пра тое, як даведаўся пра сваё памілаваньне. — Я прыйшоў на так званую „атаварку“, дзе можна купіць прадукты за грошы. Гатоўкі, зразумела, ты ня маеш. Сродкі здымаюцца з твайго ўнутранага турэмнага рахунку. І прадавачка неяк вельмі дзіўна адрэагавала на мяне. Сказала, што ня можа мне нічога прадаць. Званіла некуды, пыталася, маўляў прыйшоў Атрошчанкаў на атаварку, што яму сказаць?»

Аляксандар Атрошчанкаў, Варшава, 2018

Як узгадвае Аляксандар, у выніку ён так нічога і ня змог сабе купіць, а прадавачка параіла яму «ісьці зьбіраць рэчы». Што гэта азначала, палітвязень на той момант зразумець ня мог.

«Маглі і сьведкам некуды выклікаць, на „этап“ адправіць», — кажа Атрошчанкаў. — Але тады быў такі час, што ўжо выпускалі кагосьці. Мяне намаўлялі напісаць прашэньне аб памілаваньні. Разумеў, што можа ўсё здарыцца, але стараўся сябе ня цешыць надзеяй на памілаваньне. Пайшоў, сабраў лісты свае. Раздаў некаторыя рэчы сябрам і знаёмым па зоне. Людзі казалі, што мяне могуць выпусьціць, але можа і «этап». Таму сабралі мне крыху шакаляду, сала ў дарогу. Але пасьля мяне проста выпусьцілі. Азнаёмілі з тым, што падпісана памілаваньне. Я штосьці падпісаў, мне далі грошай на дарогу дадому. Пяць даляраў у эквіваленце, нешта такое. І я выйшаў пад браму«.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяніс зь першага дня адмовіўся ад супрацоўніцтва». Журналіст Івашын сустрэўся з бацькамі ў турме

«Падпалкоўнікі сядзелі і нылі, гэта працягвалася 6-8 гадзін запар»

Прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі Атрошчанкаў за час знаходжаньня ў калёніі адмаўляўся пісаць тройчы. Былы палітвязень расказвае, што першы і другі раз просьбы напісаць такі ліст былі ненастойлівымі. Аднойчы пра гэта сказаў пракурор, які нібыта прыехаў у калёнію апытваць Аляксандра аб пагрозах у адрас судзьдзі. Другі раз прапанову напісаць ліст Лукашэнку агучыў чалавек, які нават не прадстаўляўся, але паводзіўся вельмі ветліва і да адмовы паставіўся з разуменьнем. Далей было ўжо ня так далікатна.

«Самым непрыемным было, калі прасіць напісаць прашэньне аб памілаваньні мяне сталі супрацоўнікі калёніі, — успамінае Аляксандар. — Гэта працягвалася некалькі дзён. Сядзелі два падпалкоўнікі насупраць мяне і вельмі марудна гаварылі штосьці накшталт „Ну падпішы, ты што, дадому ня хочаш? Ну падпішы“. Гэта працягвалася па 6-8 гадзін. Яны сядзелі і нылі, было вельмі непрыемна. На так званай „працы“ ў калёніі таксама пачаліся намёкі на тое, што пакуль я нармальна сяджу. А калі не падпішу прашэньне, то будзе зусім іначай. Могуць праблемы пачацца, пачнуць больш сачыць за выкананьнем правілаў. Людзі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, таксама пачалі ціснуць. Але гэта нядоўга працягвалася, недзе тыдні два».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У інтэрнэце апублікавалі праект магчымай амністыі палітвязьняў, аднак высьветлілася, што гэта старыя прапановы Васкрасенскага

Аляксандар кажа, што на той момант ужо ведаў, што некаторых палітвязьняў з тых, хто напісаў прашэньне аб памілаваньні, на той момант ужо выпусьцілі. Аднак гарантыі, што такі крок абавязкова азначае вызваленьне, усё ж не было.

«Праблема вязьня ў тым, што ён нічога ня ведае, — кажа Аляксандар. — Падпісаньне прашэньня нічога не гарантуе. І я сам вагаўся, калі адмаўляўся гэта рабіць. Было відаць, што некаторых выпускаюць. Зразумела, калі б ціск быў большым на мяне, і я мог яго напісаць. Але пакуль была магчымасьць праяўляць прынцыповасьць, то я трымаўся. Я быў не апошнім чалавекам сярод тых, хто выводзіў людзей на Плошчу. Для мяне было важна не пісаць прашэньня. Але калі б мне, скажам, прас на жывот паставілі, то я мог яго напісаць хутчэй, чым бы ён нагрэўся. Цалкам дапускаю і такое».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»

«Калі ёсьць ілюзорная надзея выйсьці, трэба пісаць прашэньне»

Аляксандар таксама прызнаецца, што адчуваў перад вызваленьнем унутраны канфлікт. Ён мог напісаць прашэньне аб памілаваньні і паехаць да жонкі, аднак не рабіў гэтага. Свае паводзіны летам 2011 году ён называе ў пэўным сэнсе інфантылізмам.

«Гэта было такое нейкае спаборніцтва з сабой, са сваімі калегамі, — прызнаецца Аляксандар. — У тым, хто больш вытрымае, хто больш прынцыповы. Практычнага сэнсу гэта ня мела ніякага. Таму я лічу, што калі сёньня ў некага ёсьць ілюзорная надзея, што можна падпісаць прашэньне, прызнаць сябе вінаватым і выйсьці, то гэта трэба рабіць усім. Тое, што я быў памілаваны без падпісаньня прашэньня аб памілаваньні, ня робіць мяне нейкім выключным. Гэта было спаборніцтва з сабой. Але яно ня ставіць мяне ў асаблівую пазыцыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пробліск літасьці пасярод лявіны рэпрэсій. Навошта Лукашэнку амністыя?

Па словах Аляксандра, ён ня верыць у тое, што сёньня беларускія ўлады могуць масава выпусьціць палітзьняволеных. На свабоду, хутчэй, выйдуць тыя, хто ўжо адседзеў свой тэрмін альбо амаль адседзеў. Тыя, хто атрымаў 1,5-2-3 гады за ўдзел у падзеях 2020 году, выходзяць на свабоду, цалкам адбыўшы тэрмін, альбо неўзабаве пачнуць масава гэта выходзіць.

Аляксандар Атрошчанкаў. Варшава, 2018

«Ці варта чакаць масавага вызваленьня? — кажа Атрошчанкаў. — Мы чакаць будзем і так, і так. І самі палітвязьні, і іхныя блізкія і родныя чакаюць вызваленьня зь першага дня затрыманьня. Я б меркаваў не па словах, а па ўчынках. Будзем чакаць іх. І яшчэ я ня бачу, што рэжым нейкія сур’ёзныя рэчы для сябе вырашаў, нават калі Захад, так скажам, будзе гатовы „купіць“ гэтую амністыю. Бо адносіны Лукашэнкі з Захадам зараз сапсаваныя ня толькі па лініі падзей унутры Беларусі».

Аляксандар Атрошчанкаў дадае, што вельмі ўсьцешаны тым, як беларускае грамадзтва рэагуе на магчымае памілаваньне палітвязьняў.

«Я асабіста не рабіў бы ніякай розьніцы паміж тымі, хто напіша прашэньне аб памілаваньні, і тымі, хто гэтага ня зробіць, — кажа былы палітвязень. — У кожнага свае ўмовы, свае меркаваньні, свой парог трываласьці ўрэшце. Я вельмі цешуся, што беларускае грамадзтва ў гэтым сэнсе вельмі вырасла ў параўнаньні з 2011 годам. Мы памятаем, якое было стаўленьне да палітвязьняў, якія пад ціскам зламаліся, зрабілі нейкія заявы на БТ. Чыталі там штосьці дрыжачым голасам. Цяпер, мне здаецца, у грамадзтва ўжо ёсьць кансэнсус, што такая людажэрная сыстэма можа зламаць амаль кожнага. „Пакаяльныя“ відэа ўжо не выклікаюць такой рэакцыі. Вельмі добра, што наша грамадзтва зразумела гэта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 вызваленых палітвязьняў — максымум гнуткасьці, на які цяпер здольны рэжым
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня маем права ні зьяжджаць, ні апускаць рукі, ні паміраць», — маці абвінавачанага ў тэрарызьме Ігара Аліневіча