Дакумэнт мае назоў Kyiv Security Compact (Кіеўская дамова бясьпекі) і будзе базавацца на 51-м Статуце ААН, двухбаковых пагадненьнях, як палітычна, гэтак і юрыдычна абавязковых для выкананьня.
Вось гэты момант — юрыдычная абавязковасьць — адсылае нас да Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году, калі Беларусь, Казахстан і Ўкраіна адмовіліся ад ядзернай зброі ўзамен на гарантыі бясьпекі з боку Вялікай Брытаніі, Расеі і ЗША.
Словазлучэньне «гарантыі бясьпекі» ў назове Мэмарандуму было, але ў прававым аспэкце гарантыі гэтыя прапісаныя не былі.
Сёньня зрабіліся бачнымі плюсы і мінусы будапэшцкага дакумэнту.
Да плюсаў, бясспрэчна, можна аднесьці агульнае зьмяншэньне агульнасусьветнай колькасьці ядзерных боегаловак і істотнае зьніжэньне ўзроўню небясьпекі для заходнеэўрапейскіх краінаў (ракеты на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны былі нацэленыя на, у тым ліку, Бэрлін і Лёндан).
Плюсы былі відавочныя адразу, мінусы ж выявіліся пазьней. І зьвязаныя яны з расейскім фактарам.
Найперш гэта — вывад ня зьнішчанай зброі менавіта ў Расею, якую ў той час Захад бачыў гарантам дэмакратычнага разьвіцьця постсавецкіх рэспублік. Заходнія лідэры праігнаравалі папярэджаньні пра тое, што Расея, наадварот, будзе пагрозай для суседніх краінаў, пакуль застанецца ў фармаце імпэрыі.
Можна дыскутаваць, ці прайшоў бы на пасаду прэзыдэнта Лукашэнка, калі б Беларусь у 1992-93 гг атрымала адчувальную фінансавую дапамогу ад Захаду, найперш ад ЗША — ці ў выніку гандлю (мы выводзім зброю, але за грошы), ці ў якасьці кампэнсацыі за добраахвотнае ад ядзернай зброі адмаўленьне (нагадаю, што першы амэрыканскі амбасадар у Беларусі Дэвід Сўорц падаў у адстаўку менавіта з прычыны недастатковай, як ён лічыў, дапамогі Беларусі пасьля адмовы ад ядзерных боегаловак).
Але не падлягае сумневу, што пры наяўнасьці ва Ўкраіне ракет Расея наўрад ці асьмелілася б анэксаваць Крым і распачаць вайну на Данбасе ў 2014-м, ня кажучы ўжо пра поўнамаштабную вайну сёлета. Прыгадаем, што ў свой час ядзерны патэнцыял СССР «нястомны змагар за мір ва ўсім сьвеце» Леанід Ільіч называў не інакш, як «фактарам стрымліваньня». І гэта быў той рэдкі выпадак, калі з вуснаў генсека гучала праўда. Хаця і ня ўся: ядзерны арсэнал ЗША, у сваю чаргу, адыгрываў у дачыненьні да Крамля гэткую ж стрымліваючую ролю.
І ўжо абсалютна відавочна, што гарантыі бясьпекі, дадзеныя Ўкраіне паводле Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году ЗША і Вялікай Брытаніяй не былі выкананыя ў той форме, на якую разьлічваў Кіеў.
Аднак калі з Расейскай Фэдэрацыяй усё ясна (у 2014 яна наўпрост парушыла сувэрэнітэт Украіны), дык адносна іншых гарантаў да гэтага часу ідуць спрэчкі, у якой ступені Вашынгтон і Лёндан мусілі гэтыя гарантыі выконваць. Абама павінен быў увесьці ў Чорнае мора 6-ты флёт ЗША як папярэджаньне Крамлю? Патапіць расейскі Чарнаморскі флёт у адказ на крымскі «рэфэрэндум»? Нарэшце, нанесьці ядзерны ўдар па, як цяпер прынята казаць, «цэнтры прыняцьця рашэньняў» РФ, а калі без эўфэмізмаў — па Крамлі?
Правільнага адказу няма і быць ня можа, бо мэханізм рэалізацыі тых гарантый у Будапэшцкім мэмарандуме прапісаны ня быў.
Апошняе, канешне — правал тагачаснага кіраўніцтва Ўкраіны (а таксама і Беларусі, і Казахстану, якія мэмарандум таксама закранае).
Між іншым, калі Лукашэнка папракае Станіслава Шушкевіча і БНФ у тым, што «аддалі зброю», ён забываецца, што ў момант падпісаньня мэмарандуму Шушкевіч ужо ня быў вышэйшай службовай асобай, а Зянон Пазьняк яшчэ ў 1992-м заклікаў падысьці да тэмы з улікам небясьпекі з боку Расеі.
У кожным разе, у Лукашэнкі і ягоных дарадцаў былі ўсе магчымасьці аспрэчыць зьмест дакумэнту, унесьці свае прапановы ці ўвогуле яго не падпісваць. Нічога падобнага, як вядома, не было зроблена, Лукашэнка свой подпіс паставіў.
А пакінулі апошнія ядзерныя ракеты тэрыторыю Беларусі, нагадаю, 27 лістапада 1996 году — яны былі вывезеныя ў Расею. Дарэчы, акурат на наступны дзень пасьля прызнаньня Крамлём вынікаў праведзенага 24 лістапада рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі ў бок узмацненьня паўнамоцтваў прэзыдэнта — здараюцца ж у прыродзе такія супадзеньні!
Але гэта — гісторыя, а будучыня (найбліжэйшая) акрэсьлена праектам новай дамовы, да стварэньня якога і дарадцы ўкраінскага прэзыдэнта, і заходнія партнэры падышлі з зусім іншай ступеньню адказнасьці. Паўплывала на такі падыход, несумненна, агрэсія з боку Расеі, якую ў дэмакратычным сьвеце ўжо ніхто не ўспрымае як колькі-небудзь надзейнага партнэра.
Кіеў не хавае, што дамова — толькі этап на шляху паўнавартаснага далучэньня Ўкраіны да NATO, статут якога, а менавіта знакаміты 5-ты параграф, ацэньвае напад на якую заўгодна краіну як агрэсію супраць усяго альянсу з усімі наступствамі.
Вось чаму інфармацыя пра дамову выклікала надзвычай нэрвовую рэакцыю ў Маскве. Першым адзначыўся намесьнік кіраўніка Рады бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў, які ў сваім допісе гэтым разам нават ня ўжыў улюблёную ім апошнім часам лексыку піцерскіх падваротняў — што міжволі наводзіць на думку пра аўтарства людзей больш сур’ёзных. Сярод іншага, Мядзьведзеў выказаў перакананьне, што ніхто ніякіх гарантыяў Украіне ня дасьць, дарэмна спадзяюцца. Інфармацыя пра спадзяваньне расейскага экс-прэзыдэнта паступіла адначасна з паведамленьнем пра посьпехі ўзброеных сілаў Украіны, атрыманыя з дапамогай заходняй зброі і заходніх ваенных кансультантаў.
Можна, канешне, задавацца пытаньнем, наколькі далёка пойдуць заходнія гаранты Ўкраіны — аж да таго, ці аддасьць прэзыдэнт ЗША загад бамбаваць Крэмль. Але пакінем гэта аўтарам апакаліптычных сцэнароў (слова «сцэнароў» ужываю і ў прамым сэнсе — кажуць, у Галівудзе ўжо праводзяць кастынгі на ролі Зяленскага, Пуціна і Байдэна, дзіўна, каб прадусары ўпусьцілі такі выгодны момант).
Важна іншае: на нашых вачах выбудоўваецца новая сыстэма агульнаэўрапейскай бясьпекі, дзе ўсходнеэўрапейскаму рэгіёну адведзеная цэнтральная роля.
А самае цэнтральнае месца ў гэтым рэгіёне мае Беларусь; каб зразумець гэта, дастаткова зірнуць на геаграфічную мапу. Апошнія паўгады неяк не чутно заяваў, што геаграфія засталася недзе ў XIX-ХХ стагодзьдзі; аказалася, што і ў лічбавыя часы рэльеф мясцовасьці, рэкі ды масты маюць значэньне.
Беларусь жа як краіна, якая фактычна знаходзіцца пад кантролем Крамля, зьяўляецца галаўным болем і для Кіева, і для Варшавы, і для Вільні, і для Рыгі. І наадварот — Беларусь як краіна вольная і дэмакратычная будзе цэмэнтаваць тую канфігурацыю агульнаэўрапейскай бясьпекі, якая можа адыграць важную ролю ў патэнцыйных, у тым ліку і міжкантынэнтальных, канфліктах.
Падаецца, «украінская» дамова, з пэўнымі ўдакладненьнямі, можа быць мадэльлю «дарожнай мапы» і для Беларусі (зразумела, бяз Лукашэнкі і з вэктарам, супрацьлеглым ад Масквы). А магчыма, падзеі пойдуць нагэтулькі імкліва, і зьмены адбудуцца такія, што Менск адразу заявіць пра як найхутчэйшае далучэньне да NATO.
Усё гэта ставіць, чарговым разам ужо, перад прыхільнікамі беларускай дэмакратыі пытаньне геапалітычнага выбару і распрацоўкі дастаткова дэталёвых варыянтаў удзелу краіны ў сыстэме агульнаэўрапейскай бясьпекі.
І вось тут прыдасца фрагмэнт найноўшай гісторыі: якраз тады, калі Беларусь, хай і зь цяжкасьцямі, але станавілася на шлях дэмакратычнага разьвіцьця, яна была першай у сьвеце краінай, якая адмовілася ад ядзернай зброі.
Добрыя справы часта забываюцца, таму ня грэх пра іх і нагадаць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці мог бы Лукашэнка шантажаваць Захад ядзернымі кампанэнтаміYour browser doesn’t support HTML5