Міжнародная працоўная група па пытаньнях гарантый бясьпекі для Ўкраіны прэзэнтавала Ўладзіміру Зяленскаму рэкамэндацыі адносна дакумэнту, які, як чакаецца, будзе называцца «Кіеўская дамова бясьпекі» (Kyiv Security Compact).
«Я падрабязна азнаёміўся з гэтым дакумэнтам. Мяркую, што ён падрыхтаваны на высокім узроўні. Гэта першы, але вельмі важны крок. Гэтыя рэкамэндацыі павінны стаць асновай будучай дамовы аб бясьпецы», — адзначыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
На ягоную думку, будучую дамову павінны падпісаць «лідэры самых магутных дзяржаў» (перш за ўсё тых, якія «прадэманстравалі магутную падтрымку Ўкраіны пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з Расеяй»).
Асноўныя пункты гарантый бясьпекі, выкладзеныя ў рэкамэндацыях:
- Самая моцная гарантыя бясьпекі для Ўкраіны — яе здольнасьць абараняцца ад агрэсара ў адпаведнасьці з артыкулам 51 Статуту ААН. Для гэтага Ўкраіне патрэбныя рэсурсы на ўтрыманьне баяздольных узброеных сіл, якія змогуць супрацьстаяць узброеным сілам і іншым ваенізаваным фармаваньням Расейскай Фэдэрацыі.
- Гарантыі бясьпекі павінны быць сьцьвярджальныя, і гарантыі павінны быць палітычна і юрыдычна абавязковыя для выкананьня на падставе двухбаковых пагадненьняў, але аб’яднаныя ў рамках сумеснага дакумэнта аб стратэгічным партнэрстве пад назвай Кіеўская дамова бясьпекі. Яны будуць акрэсьліваць шэраг абавязаньняў, узятых на сябе краінамі-гарантамі разам з Украінай.
- Пакет гарантый зьмяшчае як прэвэнтыўныя меры вайсковага, фінансавага, інфраструктурнага, тэхнічнага, інфармацыйнага характару для прадухіленьня новай агрэсіі, так і меры, якія павінны быць прынятыя неадкладна ў выпадку новага замаху на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
Структура Кіеўскай дамовы бясьпекі складаецца з паўнавартаснага пакету санкцый супраць краіны-агрэсара, а таксама можа ўтрымліваць дадатковыя кампанэнты, такія як дамовы аб забесьпячэньні Ўкраіны сучаснымі сыстэмамі СПА/СРА, рэгіянальныя дамовы аб бясьпецы ў Чорным моры і да таго падобнае.
Сярод краін-гарантаў сваёй бясьпекі Ўкраіна бачыць ЗША, Вялікую Брытанію, Канаду, Польшчу, Італію, Нямеччыну, Францыю, Аўстралію, Турэччыну, а таксама краіны Паўночнай Эўропы і Балтыі, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Сярод дзяржаў, якія не ўвайшлі ў папярэдні сьпіс гарантаў бясьпекі Украіны, — Расея, Кітай і Індыя.
Раней у інтэрвію выданьню «Новы час» кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак казаў, што Расея хацела быць гарантам бясьпекі Ўкраіны. «Немагчыма быць агрэсарам і адначасова гарантам бясьпекі. Пасьля Барадзянкі, пасьля Бучы ні мы, ні нашы партнэры ня бачаць магчымасьці, каб Расея была сярод краін, якія даюць нам гарантыі», — адзначаў у інтэрвію Ярмак.
Паводле Ермака, Украіна неадкладна пачне працу над рэкамэндацыямі адносна гарантый бясьпекі. Ён удакладніў, што «дамова аб гарантыях бясьпекі не зьяўляецца заменай уступленьня Ўкраіны ў NATO — яна будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль краіна не набудзе статус сябра Паўночнаатлянтычнага альянсу».
Тым часам у Крамлі адрэагавалі на прадстаўлены Ўкраінай праект гарантый бясьпекі.
У прыватнасьці, намесьнік старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што гэты дакумэнт зьяўляецца «пралёгам да трэцяй сусьветнай вайны» і, паводле яго перакананьня, «ніхто ніякіх гарантый» даваць Украіне «ня будзе».
У той жа час лідэр фракцыі ЛДПР у Дзярждуме Расеі і кіраўнік камітэту Думы па міжнародных справах Леанід Слуцкі назваў прадстаўлены Ўкраінай праект гарантый бясьпекі «эскаляцыяй, а не вырашэньнем бягучай сытуацыі».
«Па сутнасьці, прапануецца задакумэнтаваць прасоўваньне вайсковай інфраструктуры краін Захаду да расейскіх межаў, напампоўваньне (Украіны. — РС) заходнім узбраеньнем», — заявіў ён.