13 верасьня стала вядома пра чарговае затрыманьне адвакатаў. Паводле інфармацыі МУС, былі затрыманыя адвакаты Анастасія Сагановіч і Міхаіл Макараў. Паведамляецца, што затрыманыя нібыта перадалі «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам пэрсанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіК, СК, пракуратуры і судзьдзяў, якія разглядалі крымінальную справу «Рэвалюцыйнага дзеяньня» (артыкул 407 КК), а таксама — што яны актыўна ўдзельнічалі ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (342 артыкул КК).
У сераду 14 верасьня «Мэдыязона» паведаміла, што Міхаіл Макараў асуджаны на 15 сутак. Затрыманая і асуджаная яго жонка Вікторыя Гулькова, якая таксама працуе адвакаткай. Расказваем пра арыштаваных абаронцаў падрабязьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі адвакатаў фігурантаў справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня»«Заўсёды была на сувязі і кансультавала на працягу ўсяго працэсу»
Анастасія Сагановіч працуе адвакаткай з 2014 году, яшчэ год да гэтага яна мела досьвед працы юрысткай. На сваёй старонцы ў інстаграме адвакатка расказвае, што спэцыялізуецца ў асноўным па грамадзянскіх справах. Яна аказвае дапамогу на працэсах, зьвязаных з працоўнымі і сямейна-побытавымі спрэчкамі, а таксама займаецца кансультацыямі ў галіне зямельных спрэчак.На адмысловым сайце, дзе ацэньваецца якасьць аказаных у тым ліку адвакатамі паслуг, можна пабачыць некалькі водгукаў на яе ранейшую працу.
«Хачу выказаць падзяку Сагановіч Анастасіі за вядзеньне маёй справы ў судзе аб падзеле дома! — піша адзін з карыстальнікаў. — Заўсёды была на сувязі і кансультавала цягам усяго працэсу, што дапамагло выйграць справу. Дзякуй вялікі за прафэсіяналізм!».
«Хачу падзякаваць Настасьсі Аляксандраўне за выдатную працу, — піша яшчэ адзін былы кліент адвакаткі. — Змагла разабрацца ва ўнікальнай складанай справе аб пакрыцьці маральнай шкоды. Дзякуючы яе ўдзелу быў атрыманы выдатны вынік. Спэцыяліст вышэйшай клясы. Дзякуй».
Дзе дакладна цяпер Анастасія Сагановіч і які ў яе статус, невядома. Муж Сагановіч, паводле інфармацыі выданьня «Наша Ніва», працуе ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску і быў адным з пацярпелых па справе аб разгалошваньні асабістых зьвестак сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Схапілі адваката, які абараняў адваката затрыманага адваката». За што караюць беларускіх юрыстаў і як ім працаваць«На Міхаіла глядзіш — і заўсёды супакойваесься»
Яшчэ адным затрыманым адвакатам стаў Міхаіл Макараў, які па «справе анархістаў» абараняў Мікіту Дранца. Знаёмая Міхаіла расказала Свабодзе, што ён скончыў юрфак БДУ ў 2016 годзе, пасьля чаго яшчэ некалькі гадоў атрымліваў досьвед. Ліцэнзію адваката атрымаў толькі ў 2019-м.«Ён вельмі добры чалавек, — расказала суразмоўца. — Я яго зь юрфаку памятаю як супэрспакойнага. Вельмі адказнага. Ён заўсёды з усьмешкай. На Міхаіла глядзіш — і заўсёды супакойваесься. Толькі станоўча яго можна ахарактарызаваць. Як прафэсіянал Міхаіл таксама вельмі добры. Вельмі адказны, вельмі пра людзей клапоціцца. Чалавек для яго вялікая каштоўнасьць».
Па словах знаёмай Міхаіла Макарава, у 2020 годзе ён браўся за адміністрацыйныя справы затрыманых падчас пратэстаў і заўсёды зьдзіўляўся таму беззаконьню, якое тады пабачыў.
«Я яго сустрэла ў судзе Заводзкага раёну, — кажа дзяўчына. — Ён тады вельмі зьдзіўлены быў. Для праваабаронцаў, для журналістаў нічога новага не адбывалася тады, а вось ён моцна быў уражаны як адвакат. Наіўна так усё ўспрымаў. Пытаўся, як так можна заканадаўства парушаць на адміністрацыйных справах. Але гэта добрая якасьць Міхаіла, мне падаецца».
Знаёмая Міхаіла Макарава кажа, што ён разумеў небясьпеку працы на палітычных працэсах. Суразмоўца падкрэсьлівае, што Міхаіл быў вельмі асьцярожны ў паводзінах, стараўся не парушаць ніякіх правілаў нават у гэтых умовах.
«Але ён усё адно зьдзіўлена рэагаваў на падзеі, — кажа дзяўчына. — Мы абмяркоўвалі справу інкасатараў „Белгазпрамбанку“ (масавае затрыманьне сілавікамі інкасатараў і абвінавачваньне іх у падпісцы на „экстрэмісцкія“ тэлеграм-каналы. — РС), ён зьдзіўлены быў. Я ня думаю, што Міхаіл чакаў арышту, што ён думаў пра такі варыянт».
Яшчэ адна сяброўка Міхаіла Макарава расказала Свабодзе, што прафэсію адваката ён абраў не выпадкова. Уся сям’я затрыманага адваката мае юрыдычную адукацыю. Пасьля затрыманьня Міхаіла сувязь зь ягонай жонкай таксама зьнікла. Пра тое, што яе арыштавалі на 15 сутак, стала вядома 14 верасьня.
«І маці, і брат Міхаіла — таксама юрысты, — кажа суразмоўца. — Міхаіл расказваў пра сваю працу пасьля 2020 году. Ён казаў, што працаваць стала складана. Што адбываецца шмат рэчаў, якія ня ўпісваюцца нікуды, ні ў якае законнае поле. Яму як адвакату было складана».
Па словах сяброўкі, Міхаіл у 2020 годзе дапамагаў па адміністрацыйных справах, пасьля браўся і за крымінальныя. Зь вядомых працэсаў ён удзельнічаў у абароне журналісткі Кацярыны Бахвалавай.
«Тое, што зараз інкрымінуюць яму, гэта поўны абсурд, — кажа сяброўка Міхаіла Макарава. — Я добра ведаю Мішу, ён ніколі б не палез у нейкія справы, якія маглі б быць небясьпечнымі для яго, для яго сямʼі. Міхаіл усьведамляў, у якой краіне ён жыве. Заўсёды быў вельмі акуратны. Не пераходзіў дарогу на чырвонае сьвятло, каб да сябе лішні раз не прыцягваць увагі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін адвакат, які ў Беларусі бараніў палітвязьняў, перабраўся працаваць у Расею«За два гады ліцэнзій пазбавілі больш як 60 адвакатаў»
Па словах юрыста Праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, за апошнія два гады больш за 60 беларускіх адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі або выключаныя са складу калегій. Некалькі зь іх цяпер у СІЗА.«Асноўная прычына арыштаў адвакатаў — гэта жаданьне аказаць ціск на ўсе больш-менш датычныя да пратэстаў слаі насельніцтва, — кажа Павал Сапелка. — Ціснуць на ўдзельнікаў пратэстаў, ціснуць на тых, хто іх абараняе. На тых, хто гэта асьвятляе, на журналістаў. Адвакаты мішэньню насамрэч сталі ўжо даўно. Новыя затрыманьні адвакатаў — з таго самага шэрагу».
Па словах Паўла Сапелкі, улады карыстаюцца празьмерна агульным вызначэньнем тэрміна «судовая таямніца» ў беларускім заканадаўстве. А акрамя гэтага, мэтанакіравана выкарыстоўваюць яго для ціску на адвакатаў. Але пры неабходнасьці супраць адвакатаў выкарыстоўваюць і іншыя артыкулы КК.«Мы бачым, у чым зараз падазраюць, а фактычна ўжо абвінавачваюць Макарава, — кажа Сапелка. — Зразумела, што гэта не разгалошваньне матэрыялаў папярэдняга расьсьледаваньня, не разгалошваньне матэрыялаў закрытага судовага паседжаньня».
Па словах праваабаронцы, сытуацыя з арыштамі адвакатаў, іх перасьледам уплывае на магчымасьць адвакатаў якасна абараняць правы сваіх падабаронных. Сапелка зьвяртае ўвагу, што беларускае заканадаўства прадугледжвае ня толькі права на абарону, але і магчымасьць аказваць гэтую абарону якасна і бязь ціску.
«Пасьля падзей 2020 году адвакатаў і так было ня вельмі лёгка запрасіць на палітычна матываваны працэс, — кажа праваабаронца. — А цяпер колькасьць гатовых брацца за такія справы зьменшылася. І тое, што адвакат возьмецца за справу, павінна таксама падмацоўвацца яшчэ і адсутнасьцю пагрозаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-чат беларускіх адвакатаў