Aкупацыйны суд у Крыме аштрафаваў гасьцей вясельля, на якім танцавалі пад украінскія песьні 

Бахчысарай, Крым, анэксаваная Расеяй тэрыторыя Ўкраіны

Суд у Бахчысараі ў анэксаваным Расеяй Крыме пакараў шасьцярых удзельнікаў вясельля, дзе гучала песьня на ўкраінскай мове «Червона калина». Іх прыцягнулі да адказнасьці па артыкулах аб дэманстрацыі нацысцкай сымболікі і «дыскрэдытацыі» войска, гаворыцца ў паведамленьні суду.

Паводле заключэньня спэцыяліста, якога прыцягнуў суд, песьня «Червона калина» «зьяўляецца атрыбутыкай (баявой песьняй), якую выкарыстоўвае арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), дзейнасьць якой прызнана экстрэмісцкай і забаронена на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі». А яе ўзнаўленьне суд палічыў «публічным дзеяньнем, накіраваным на дыскрэдытацыю расейскіх вайскоўцаў», піша Настоящее время.

Суд адзначыў, што песьня выкарыстоўваецца АУН, а ў яе тэксьце ёсьць радкі: «вызваляць братоў-украінцаў з маскоўскіх кайданаў».

Уладальнік банкетнай залі, дзе прайшло вясельле, атрымаў 15 сутак арышту, дыджэй і танцорка — па 10 сутак, маці жаніха — 5 сутак, маці нявесты — штраф у 40 тысяч расейскіх рублёў (звыш 668 даляраў), жонка ўладальніка рэстарану — у 50 тысяч (больш за 835 даляраў). Сам рэстаран на час правядзеньня праверкі закрылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кіраўнік» анэксаванага Крыму прыгразіў перасьледам удзельнікам вясельляў, дзе гучалі ўкраінскія песьні

Раней уладальнік рэстарана публічна папрасіў прабачэньня за інцыдэнт, паабяцаўшы «фінансава падтрымаць байцоў, якія праводзяць спэцапэрацыю ва Ўкраіне». Тлумачачы тое, што здарылася, ён заявіў, што проста «не ўсачыў» і што песьню паставілі ненаўмысна.

Раней прарасейскі крымскі блогер Аляксандар Таліпаў у сваім тэлеграм-канале апублікаваў відэа крымскага вясельля, якое, паводле яго зьвестак, прайшло 10 верасьня ў бахчысарайскім рэстаране «Арпат». На відэа госьці танцуюць пад украінскую песьню «Червона калина».

Таксама Таліпаў апублікаваў відэа іншага вясельля, ужо ў Сімфэропалі, на якім гучала песьня «Stefania» ўкраінскага гурту Kalush Orchestra, які перамог на «Эўравізіі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы з Kalush Orchestra перамаглі ў «Эўравізіі». Яны заклікалі выратаваць Марыюпаль і «Азовсталь»

Расейскія акупацыйныя ўлады Крыму актыўна супрацьдзейнічаюць любым праявам антываенных настрояў. На паўвостраве назіраецца перасьлед людзей за праслухоўваньне і выкананьне ўкраінскіх песень. У Севастопалі мясцовыя ўлады нават запусьцілі спэцыяльны чат-бот для даносаў на тых, хто падтрымлівае Ўкраіну. Трактаваць як «падтрымку Ўкраіны» могуць любыя дзеяньні, ажно да выкананьня песень.

Пасьля інфармацыі пра вясельле начальнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў прыгразіў крымінальнай адказнасьцю жыхарам паўвострава, якія «скандуюць украінскія лёзунгі, сьпяваюць песьні, нацыяналістычныя гімны» ў пэрыяд «спэцапэрацыі» Расеі ва Ўкраіне.

Таксама Aксёнаў заклікаў крымчанаў, якія маюць праўкраінскія настроі, пакінуць паўвостраў. Пакуль жа Крым імкліва пакідаюць расейцы, якія засяліліся ў крымскія гарады пасьля анэксіі паўвострава ў 2014 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хацела быць адвакатам, удзельнічала ў «Голасе». Хто такая Мерыем Гера, якая сьпявала на Зыбіцкай песьню «Океану Ельзи»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр крымскіх татараў: выбухі на аэрадроме ў Крыме выклікалі «паніку» сярод тых, хто асеў там пасля анэксіі