Перастрэлка на мяжы Таджыкістану і Кіргізстану. Загінуў таджыцкі вайсковец, яшчэ двое параненыя

Перамовы на мяжы Таджыкістану і Кіргізстану, студзень 2022

Па словах афіцыйных асоб з абодвух бакоў, ноччу адбыліся новыя сутыкненьні паміж таджыцкімі і кіргіскімі памежнікамі пасьля спрэчкі аб мяжы паміж дзьвюма краінамі ў Цэнтральнай Азіі.

Сутычка адбылася пасьля таго, як кіргіскія памежнікі абвінавацілі таджыкаў у тым, што тыя занялі пазыцыі на недэмаркаваным участку мяжы.

Таджыцкія вайскоўцы ў сваю чаргу абвінавацілі кіргіскіх калег у тым, што яны «беспадстаўна абстралялі таджыцкія пазыцыі». Тады таджыцкі бок адкрыў агонь у адказ.

У Дзяржкамітэце нацыянальнай бясьпекі Таджыкістану таксама заявілі, што «Кіргіскай Рэспублікай у гэты раён былі перакінутыя дадатковыя вайсковыя сілы і сродкі». Па словах кіргіскага боку, Таджыкістан прымяніў у перастрэлцы мінамёты.

Карэспандэнты мясцовых службаў Радыё Свабода паведамляюць, што бакі пачалі перамовы для ўрэгуляваньня спрэчкі. Пакуль вядома, што адзін таджыцкі памежнік загінуў, яшчэ двое параненыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас перастрэлкі на кіргіска-таджыцкай мяжы дайшло да мінамётаў, ёсьць параненыя

Амаль палова 970-кілямэтровай мяжы Кіргізстану і Таджыкістану яшчэ не дэмаркаваная, што ня раз прыводзіла да напружанасьці і сутыкненьняў са сьмяротнымі ахвярамі з моманту здабыцьця дзьвюма краінамі незалежнасьці тры дзесяцігодзьдзі таму. Да таго яны ўваходзілі ў СССР.

Спрэчнымі застаюцца ўчасткі паміж Баткенскай вобласьцю Кіргізстану і Сагдыйскай вобласьцю Таджыкістану, дзе вёскі, а часам і дамы жыхароў дзьвюх краін разьмешчаныя побач, што абцяжарвае працу па вызначэньні мяжы. Праз гэтую нявызначанасьць паміж жыхарамі і памежнікамі суседніх дзяржаў часта адбываюцца сутыкненьні за права доступу да вады, зямлі і камунікацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіргізстан і Таджыкістан дамовіліся аб спыненьні агню і агучылі колькасьць палеглых і параненых

Чакаецца, што кіраўнікі Кіргізстану і Таджыкістану возьмуць удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШAС) ва Ўзбэкістане на гэтым тыдні разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і лідэрам Кітая Сі Цзіньпінам і іншымі сусьветнымі лідэрамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў ШАС