Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан і Таджыкістан дамовіліся аб спыненьні агню і агучылі колькасьць палеглых і параненых


Кіргізстан, памежны пункт Баткен
Кіргізстан, памежны пункт Баткен

Кіргізстан і Таджыкістан дамовіліся аб спыненьні агню і ўрэгуляваньні канфлікту на мяжы, які абвастрыўся 27 студзеня.

Як паведамляе кіргіская памежная служба, кожны з бакоў, згодна з дамоўленасьцямі, павінен таксама цалкам адвесьці вайскоўцаў ад мяжы ў месцы пастаяннай дысьлякацыі, сумесна патруляваць прымежныя раёны і адкрыць рух па дарозе Баткен — Ісфана.

На раніцу 28 студзеня становішча на кіргіска-таджыцкай мяжы характарызуецца як стабільнае, паведамляе Радыё Азатык.

Учора цягам дня бакі неаднаразова спрабавалі правесьці перамовы на розных узроўнях, але ўсе яны скончыліся правалам. Дамоўленасьці былі дасягнуты ў ноч на пятніцу пасьля перамоваў, у якіх удзельнічалі прадстаўнік прэзыдэнта Кіргізстану ў Баткенскай вобласьці і кіраўнік Сагдыйскай вобласьці Таджыкістану, а таксама прадстаўнікі памежных службаў і праваахоўных органаў дзьвюх краін.

Перастрэлка на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану адбылася 27 студзеня. У Бішкеку заявілі, што канфлікт пачаўся пасьля таго, як памежнікі Таджыкістану ў аднабаковым парадку перакрылі ўчастак дарогі, якая злучае кіргіскія гарады Баткен і Ісфану. Частка гэтай трасы праходзіць па тэрыторыі, якую Таджыкістан лічыць сваёй. У Душанбэ настойваюць, што першымі страляніну пачаў кіргіскі бок.

Кіргіскія ўлады паведамілі аб 11 пацярпелых. Таджыкістан заявіў аб гібелі двух чалавек — мясцовага жыхара і кіроўца аўтамабіля хуткай дапамогі. Паранены 10 чалавек, шэсьць зь якіх вайскоўцы.

Кіргізстан і Таджыкістан уваходзяць у адзін вайсковы саюз — Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Аднак на мяжы дзьвюх краін рэгулярна адбываюцца ўзброеныя канфлікты. Звычайна з прычыны спрэчных тэрыторый — з 970 кілямэтраў агульнай мяжы дэлімітавана і дэмаркавана крыху больш за палову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG