Армэнія паведаміла, што ў выніку гэтых абстрэлаў загінула 49 грамадзянаў. Прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян зьвярнуўся па дапамогу ва ўрэгуляваньні канфлікту да кіраўніцтва Расеі і краін АДКБ. На ранак 13 верасьня баі спыніліся.
Беларус Рыгор жыве ў Армэніі ўжо некалькі месяцаў. Зь Беларусі мужчына зьехаў пасьля задушэньня пратэстаў 2020 году, адчуваў для сябе небясьпеку.
«Аб’ехаў шмат краін, пакуль не апынуўся ў Армэніі. Я — напалову армянін. Маці беларуска, а бацька — армянін. Можна сказаць, што ў нейкай ступені я рэпатрыяваўся на зямлю продкаў. Мяркую, што буду жыць у Армэніі да той пары, пакуль у Беларусі нешта ня зьменіцца», — кажа Рыгор.\
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія паведаміла пра 49 загінулых у баях з Азэрбайджанам. Як на канфлікт рэагуюць АДКБ, ААН, Расея і ТурэччынаСуразмоўца мяркуе, што адаптавацца ў армянскім грамадзтве ня так проста, бо ўсё іншае — людзі, стасункі між людзьмі, дзяржаўная сыстэма.
«Спрабую стаць тут сваім, не магу сказаць, што шлях просты, але пераадолею, куды я дзенуся», — расказвае Рыгор.
Па ягоных словах, пытаньне Нагорнага Карабаху, ці як называюць яго армяне «Арцаху», вельмі вострае ў армянскім грамадзтве, яно абмяркоўваецца амаль пры кожнай размове.
«Грамадзтва моцна палітызаванае. Амаль кожны мае сваё меркаваньне па бягучых падзеях. Тэма Арцаху ўзьнікае паўсюль: на плошчах, на кухнях, абмяркоўваюць простыя людзі, чыноўнікі — усе. Тут амаль няма абыякавых, якія б сказалі, што нам гэта нецікава, нас гэта не датычыць. Гэтым армяне выклікаюць маю вялікую павагу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сутычкі на мяжы Азэрбайджану і Армэніі. Ерэван зьвярнуўся па дапамогу да Расеі, АДКБ і ААНРыгор хоць ідэнтыфікуе сябе як беларуса, але для яго важна, каб раёны з кампактным пражываньнем армян не адышлі да Азэрбайджану.
«Мы бачым, што Азэрбайджан робіць на захопленых тэрыторыях, як яны зьнішчаюць армянскія помнікі культуры, высялялі людзей, нават забівалі ў тым ліку мірнае насельніцтва. Гэта небясьпечна для людзей, якія жывуць у Арцаху. Цяпер пагроза ўзьнікла ня толькі для жыхароў Арцаху, але для памежных гарадоў. Я спадзяюся, што будзе знойдзенае мірнае выйсьце з гэтай сытуацыі. Хаця я асабіста ня веру, што Азэрбайджан на гэта пойдзе», — мяркуе Рыгор.
Горад Ванадзор, дзе жыве суразмоўца Свабоды, знаходзіцца далёка ад месцаў баявых дзеяньняў, але водгульле падзеяў чуваць і там.
«Людзі паўсюль баяцца вайны. Але сытуацыя Армэніі такая, што тут, як у Ізраілі, заўжды гатовыя да баявых дзеяньняў і небясьпекі. Пэрсанальна ў нас усё спакойна, людзі кажуць, каб дайсьці да Ванадзору, ім патрэбна захапіць спачатку Ерэван».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Карабаху новыя баі, ёсьць загінулыя. Абвясьцілі частковую мабілізацыюШто тычыцца ўдзелу ў гэтым канфлікце Расеі, то Рыгор ня мае асаблівых спадзяваньняў. Асабліва пасьля падзеяў Другой карабахскай вайны (верасень — лістапад 2020 году). Тады Расея пасярэднічала ў мірных перамовах, а Азэрбайджану адышоў горад Шуша і яшчэ невялікая частка Карабаху.
«Мне падаецца, што пасьля падзей 2020 году людзі Расеі больш ня вераць. Яны кінулі нас у 2020, цяпер таксама зробяць так, але нам няма да каго яшчэ зьвяртацца па дапамогу. Гэтак мяркуюць збольшага людзі, зь якімі я размаўляю. У гэтым розьніца між Беларусьсю і Армэніяй. Для Беларусі Расея — гэта крыніца небясьпекі, а для Армэніі — адзіны, хай і паганы, саюзьнік, які паспрабуе абараніць».
Рыгор кажа, што хацеў бы ў будучыні мірных адносін між армянамі і азэрбайджанцамі, але ня надта ў гэта верыць.
«Занадта глыбокія раны, занадта ўсё складана», — падсумоўвае мужчына.