«Азэрбайджан спрабуе ўсё гэта (абстрэлы) прадставіць у якасьці адказу на нібыта правакацыі з боку Армэніі, але гэта абсалютна лжывая інфармацыя», — сьцьвярджае Пашыньян.
Пра тое, што войскі Азэрбайджану пачалі абстрэльваць памежныя армянскія гарады, стала вядома 12 верасьня вечарам. Пад ударам апынуліся населеныя пункты Горыс, Сотк і Джармук. Баку абгрунтаваў свае дзеяньні тым, што армянскія вайскоўцы правялі «шырокамаштабныя правакацыі» побач з вайсковымі абʼектамі на іх баку. Пасьля гэтага Нікол Пашыньян зьвярнуўся да расейскіх уладаў, АДКБ і Рады Бясьпекі ААН з просьбай дапамагчы ва ўрэгуляваньні канфлікту.
Пазьней МЗС Расеі паведаміў, што Баку і Ерэван пры іх садзейнічаньні дамовіліся аб спыненьні агню з 09:00 паводле маскоўскага часу.
Рэакцыя АДКБ
АДКБ заяўляе, што задзейнічала мэханізмы арганізацыі для ўрэгуляваньня сытуацыі на армяна-азэрбайджанскай мяжы.
Пра якія мэханізмы ідзе гаворка, не паведамляецца. Арганізацыя толькі адзначае, што лічыць ужываньне сілы непрымальным.
Рада Бясьпекі ААН
Францыя, якая старшынюе ў Радзе Бясьпекі ААН, скліча пасяджэньне Рады з прычыны абвастрэньня сытуацыі на мяжы Армэніі і Азэрбайджану. Пра гэта паведамілі ў аўторак у Елісейскім палацы.
Тэрміны абмеркаваньня пытаньня ў Радзе Бясьпекі ААН і іншыя дэталі не ўдакладняюцца. Раней паведамлялася, што прэм'ер-міністар Армэніі правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Францыі.
Рэакцыя Расеі
«Прэзыдэнт [Уладзімір Пуцін] робіць усё, каб садзейнічаць дээскаляцыі напружанасьці на мяжы. Праца працягваецца», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў.
Ці будзе Масква нешта рабіць з просьбай Ерэвана да АДКБ аб дапамозе? Падрабязна на гэтае пытаньне Пяскоў не адказаў. «Больш я б зараз нічога не хацеў казаць. Праца ідзе, ёсьць розныя дамоўленасьці, я б не хацеў нічога абвяшчаць, пакуль не завершыцца працэс узгадненьня», — падкрэсьліў Пяскоў.
Рэакцыя Турэччыны
Саюзьнік Азэрбайджану Турэччына абвінаваціла ў сутыкненьнях Армэнію і заклікала Ерэван спыніць правакацыі супраць Баку.
«Армэнія павінна спыніць правакацыі і засяродзіцца на мірных перамовах і супрацоўніцтве з Азэрбайджанам», — напісаў у Твітэры міністар замежных спраў Меўлют Чавушоглу пасьля тэлефоннай размовы з МЗС Азэрбайджану.