Прырост жыхароў у гарадах-спадарожніках у 7 разоў меншы, чым плянавалі ўлады. У некаторых людзей стала менш

Заслаўе, архіўнае фота

Улады зноў загаварылі пра рост гарадоў-спадарожнікаў Менску. Глядзім, што зь імі і ці прыбывае там жыхароў.

12 верасьня старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімір Кухараў чарговым разам заявіў, што неабходна разьвіваць гарады-спадарожнікі сталіцы. Пра гэта ўлады гавораць штогод. Прыгадваем, як гэта пачыналася і ці рэалізаваліся пляны ўладаў.

Плянавалі рост на 130 тысяч, атрымалі на 18 тысяч

У 2014 годзе з падачы Лукашэнкі ўлады пачалі разьвіваць гарады-спадарожнікі. Рост жыхароў там за 10–15 гадоў мусіў скласьці 120–130 тысяч. Толькі зь Менску, па плянах уладаў, туды павінны былі пераехаць жыць 50–60 тысяч чалавек. Прайшло 8 гадоў, прырост жыхароў у шасьці гарадах-спадарожніках за гэты час склаў толькі 18 336 чалавекі, або ў 7 разоў менш, чым плянавалі ўлады.

А менавіта:

Дзяржынск +3525 (плянавалі +18 000)
Рудзенск -64 (плянавалі +70 000)
Фаніпаль +3667 (плянавалі +9000)
Лагойск +3313 (плянавалі +7000)
Заслаўе +2952 (плянавалі +9000)
Смалявічы +4943 (плянавалі +14 500)

У Рудзенску, дзе плянавалі самы большы прырост, атрымалі мінус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2021 годзе насельніцтва Беларусі скарацілася на 94 тысячы чалавек

Як жывуць гарады-спадарожнікі

Дзяржынскі раён

Сярэдні заробак — 1670,9 рубля за студзень — ліпень, гэта менш у 1,3 раза, чым у Менску. 22,6% арганізацый раёну стратныя. Раён мае 71,3 мільёна рублёў крэдытаў. У Дзяржынскі раён уваходзіць таксама Фаніпаль.

Пухавіцкі раён (Рудзенск)

Сярэдні заробак — 1437,6 рубля на месяц, гэта ў 1,5 раза менш, чым у Менску. У раёне 2,5% стратных арганізацый. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць арганізацый раёну — 83,7 мільёна рублёў.

Лагойскі раён

Сярэдні заробак — 1436,3 рубля, гэта ў 1,6 раза менш, чым у Менску. У раёне 6,1% стратных арганізацый, пратэрмінаваная запазычанасьць усіх арганізацый раёну — 34,8 мільёна рублёў.

Менскі раён (Заслаўе)

Сярэдні заробак — 1881,2 рубля, гэта ў 1,2 раза менш, чым у Менску. 19,1% арганізацый раёну стратныя, у арганізацый раёну 344,7 мільёна рублёў пратэрмінаваных крэдытаў.

Смалявіцкі раён

Сярэдні заробак — 1535,7 рубля, гэта ў 1,5 раза менш, чым у Менску, 18,2% арганізацый раёну стратныя, у арганізацый раёну 76 мільёнаў рублёў пратэрмінаваных даўгоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі, пэўна, новы антырэкорд у нараджальнасьці. Белстат статыстыкі не публікуе

А калі параўнаць зь Менскам?

За 8 гадоў жыхароў у Менску паболела на 74 746 чалавек. Гэта ў 4 разы больш, чым прырост жыхароў у гарадах-спадарожніках сталіцы. Згодна з Генплянам разьвіцьця Менску ўзору 2014 году, колькасьць жыхароў сталіцы не павінна перавышаць 2,1 мільёна чалавек. На 1 студзеня 2022 году колькасьць жыхароў сталіцы — 1 921 807 чалавек.