Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі, пэўна, новы антырэкорд у нараджальнасьці. Белстат статыстыкі не публікуе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З даступных на цяперашні момант у Беларусі статыстычных зьвестак вынікае, што летась у краіне нарадзілася каля 79,4 тысячы дзяцей — гэта найніжэйшы паказьнік за ўсю гісторыю незалежнасьці Беларусі.

Некалькі месяцаў таму Белстат апублікаваў зьвесткі пра колькасьць насельніцтва, зь якіх стала вядома, што беларусаў стала менш на 94,1 тысячы. За кошт чаго гэта здарылася, дакладна не вядома, бо ведамства перастала выпускаць зьвесткі па нараджальнасьці, сьмяротнасьці і міграцыі. Журналісты Zerkalo.io прааналізавалі сытуацыю з нараджальнасьцю ў Беларусі і высьветлілі, што летась у Беларусі на сьвет зьявілася менш за 80 тысяч немаўлят.

Вывучыўшы іншыя зьвесткі, па якіх можна зразумець, колькі прыкладна ў Беларусі ў мінулым годзе нарадзілася дзяцей, журналісты выданьня прыйшлі да высновы, што летась у краіне нарадзілася каля 79,4 тысячы дзяцей. Гэта найніжэйшы паказьнік за ўсю гісторыю незалежнасьці Беларусі.

Як лічылі журналісты

У Беларусі перасталі публікаваць полаўзроставую структуру насельніцтва ў разьбіўцы па ўзросьце, таму немагчыма даведацца, колькі летась у Беларусі было немаўлят да года. У базе зьвестак Белстату інфармацыя ёсьць толькі ў разьбіўцы па групах па 5 гадоў — напрыклад, колькасьць дзяцей ва ўзросьце 0–4 гадоў, 5–9 гадоў, 10–14 гадоў.

На 1 студзеня 2021 году ў Беларусі было 83 015 чалавек ва ўзросьце да года, іншымі словамі, якія нарадзіліся ў 2020-м.

Паводле зьвестак Белстату на 1 студзеня 2022 году, у краіне было 444 851 дзяцей ва ўзросьце 0–4 гады. Калі ад гэтай колькасьці адняць малых ва ўзросьце 0–3 гады, прыведзеных у леташняй статыстыцы (на пачатак 2021 году іх было 365 933), атрымліваецца лічба ў 78 918 чалавек. З пэўнай хібнасьцю можна сказаць, што гэта дзеці, маладзейшыя за адзін год, якія на пачатак 2022-га пражывалі ў Беларусі.

У той жа час нельга казаць, што гэта і ёсьць колькасьць дзяцей, якія нарадзіліся летась. Па-першае, калі параўнаць статыстыку за 2021 год, дык зьвесткі Белстату па фактычнай колькасьці дзяцей малодшых за 1 год і зьвесткі, атрыманыя пры падліках названым вышэй спосабам, адрозьніваюцца. Колькасьць дзяцей ва ўзросьце да 12 месяцаў па стане на 1 студзеня 2021 году аказваецца большай за афіцыйна апублікаваную Белстатам на 0,57%. Калі прымяніць гэтую розьніцу ў працэнтах да вышэй прыведзенага падліку журналістаў, атрымліваецца 78 470 дзяцей ва ўзросьце да 1 году.

Таксама важна ўлічваць яшчэ некалькі фактараў:

  • сьмяротнасьць дзяцей да году (зьвесткі аб ёй, як і сьмяротнасьці ў цэлым, таксама не публікуюцца з 2020 году),
  • міграцыя: ня ўсе немаўляты, якія жылі ў Беларусі на 1 студзеня 2022 году, нарадзіліся ў Беларусі. Могуць быць сем’і зь дзецьмі, якія летась пераехалі ў Беларусь, ці наадварот, некаторыя малыя, якія нарадзіліся ў Беларусі за гэты пэрыяд, выехалі з бацькамі ў іншыя краіны.

Прымаючы да ўвагі гэтыя фактары, журналісты вывелі сярэдні «каэфіцыент чыстага выбыцьця нованароджаных» за пэрыяд з 1989-га па 2019 год — ён атрымаўся роўным 1,18%. Гэта значыць, калі колькасьць дзетак, якія нарадзіліся за год, паменшыць на 1,18%, атрымаецца, колькі іх аказалася ў Беларусі на пачатак наступнага году. З улікам гэтага каэфіцыенту колькасьць нараджэньняў у 2020 годзе атрымліваецца 83 995, а ў 2021-м — 79 396.

Атрымліваецца, што за 2 апошнія гады працягнуўся трэнд на зьніжэньне нараджальнасьці. У 2020 годзе яна скарацілася на 4,1% і ў 2021 — на 5,5%. Упаў і агульны каэфіцыент нараджальнасьці (гэта колькасьць нараджэньняў на 1000 чалавек насельніцтва). Зыходзячы з атрыманых зьвестак, ён таксама апынуўся на гістарычным мінімуме — 8,53 нараджэньня на тысячу жыхароў. Ня так даўно, у 2016 годзе, гэты каэфіцыент быў 12,4, а папярэдні гістарычны мінімум (8,55 нараджэньняў на тысячу чалавек) быў у 1997 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG