Сваё тлумачэньне гэтага прапануе ў калёнцы на партале Зеркало Юры Дракахруст.
Прыгадаем толькі некаторыя з гэтых палітычных крокаў і тэзісаў прапаганды.
- Абвяшчэньне дня 17 верасьня — пачатку далучэньня Заходняй Беларусі да СССР — сьвятам — Днём народнага адзінства;
- Кастусь Каліноўскі — польскі бунтаўшчык супраць законнай улады;
- Рэч Паспалітая — дзяржава, якая сыстэматычна прыгнятала беларусаў;
- Падпольная антынацысцкая польская Армія Краёва (АК) часоў Другой сусьветнай — інструмэнт генацыду беларусаў;
- Разбурэньне магілаў байцоў АК;
- Польшчы варта выставіць рахунак за «шкоду, учыненую польскім панаваньнем» у міжваенны пэрыяд;
- «Трэба разабрацца» з уладальнікамі «карт паляка».
Нешта з гэтага ўжо рэалізавана ў практычнай палітыцы, нешта дэкляруе Аляксандр Лукашэнка, нешта агучвае прапаганда ці праўладныя экспэрты. Але ў цэлым вымалёўваецца ня проста набор рэакцыяў на нейкія крокі Варшавы, а вельмі сыстэмная і пасьлядоўная стратэгія распальваньня нянавісьці да суседняй краіны і яе народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Горадзеншчыне зноў разбурылі могілкі жаўнераў Арміі Краёвай. Гэта ўжо сёмы выпадакЦяперашнюю Беларусь вельмі часта называюць рэліктам «саўка». Аднак варта адзначыць, што амаль ва ўсіх пералічаных вышэй дзеяньнях і тэзісах беларуская ўлада адыходзіць ад савецкіх наратываў. Згодна з тымі наратывамі Каліноўскі — беларускі рэвалюцыянэр, змагар з самадзяржаўем. Пышна сьвяткаваць 17 верасьня пасьля Другой сусьветнай вайны ў галаву не прыходзіла, дзейнасьць АК проста замоўчвалі, магілы байцоў АК, калі такія былі, не разбуралі. Ну і нейкія рахункі БССР да Польскай Народнай Рэспублікі за міжваенны пэрыяд былі немагчымыя па вызначэньні.
У яшчэ большай ступені новая палітыка ў дачыненьні да Польшчы і беларускай гісторыі, зьвязанай з суседняй краінай, уяўляе сабой адыход ад палітыкі, якая праводзіцца незалежнай Рэспублікай Беларусь пасьля 1991 году, у тым ліку і пры кіраваньні Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што віцэ-прэм’ер Беларусі сказаў пра Каліноўскага і паўстанцаў у ВільніЯшчэ ў 2019 годзе афіцыйны Менск узяў удзел у перапахаваньні парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні.
Цяпер пазыцыя мяняецца на 180 градусаў і ў гэтым пытаньні, і па ўсім спэктры двухбаковых адносін.
Чаму?
Тут можна даваць розныя тлумачэньні. Можна ўбачыць прычыны ў асабістай палёнафобіі Лукашэнкі, у яго ўяўленьні аб асаблівай датычнасьці Польшчы да пратэстаў 2020 году, у капіяваньні расейскіх наратываў больш чым стогадовай даўніны, згодна зь якімі і Беларусь, і Украіна — поле культурнага і геапалітычнага суперніцтва Расеі і Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зайздрасьць і помста палёнафоба. За што Лукашэнка так ня любіць Польшчу і палякаўУсе гэтыя інтэрпрэтацыі маюць права на існаваньне. Але больш праўдападобным уяўляецца іншае — Лукашэнка вырашыў выкарыстоўваць для ўмацаваньня сваёй улады нацыяналізм.
Галоўная праблема гэтага палітыка пасьля 2020 году — у тым, што беларусы разьлюбілі яго. А як вярнуць іх любоў? Працяг і паглыбленьне рэпрэсіяў узмацняе страх, але зусім не любоў. Аслабіць хватку, даць волю? Ага, і атрымаць новы 2020 год. Падвышаць дабрабыт, «карміць лепей»? А за кошт чаго — пад санкцыямі, а цяпер яшчэ і побач з вайной?
Але ёсьць яшчэ адзін ключык, які прынамсі можна паспрабаваць. Імя яму — нацыяналізм. І Лукашэнка, і мы ўсё бачым на прыкладзе многіх краінаў, якая гэта магутная матывацыя. Вораг гуртуе грамадзтва, як нішто іншае, прычым гуртуе вакол «сьцягу», вакол лідэра. Прычым чужасьць гэтага ворага павінна быць яснай і простай: іншая вера, іншая кроў. Ну і пажадана, каб гэтая чужасьць мела хаця б нейкую гістарычную падставу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міжканфэсійныя канфлікты насамрэч былі». Што думаюць пра выказваньне Алексіевіч прафэсійныя гісторыкіУ 2017 годзе Сьвятлана Алексіевіч сказала: «Дайце ў Беларусь танкі, дайце туды зброю — і там каталікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна». Ад пісьменьніцы ня трэба чакаць дакладнага паліталягічнага аналізу. Але цікава, што Алексіевіч тады не пазначыла гіпатэтычныя сілы супрацьстаяньня, як багатых і бедных, як адукаваных і неадукаваных, як прыхільнікаў Лукашэнкі і яго праціўнікаў. Яна адзначыла менавіта падзел па веры, як часам у Беларусі ў прастамоўі кажуць — паміж верай «польскай» і «рускай».
Тое, што гэты падзел меў і мае вялікі канфліктны патэнцыял, інстынктыўна адчувала пісьменьніца Алексіевіч і інстынктыўна адчуваў і адчувае палітык Лукашэнка. І два апошнія гады ён выкарыстоўвае, эксплюатуе, выпускае на волю гэтага дэмана рэлігійна-племянной варажнечы. Бо адваротны бок гэтай варажнечы — гэта племянное адзінства сваіх супраць «іх», каб племя ізноў палюбіла правадыра, трэба, каб зьненавідзела іншае племя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насуперак антызаходняй прапагандзе беларусы добра ставяцца да ЗША і краін Эўразьвязу, — вынікі апытаньняВыбар тут невялікі. Прызначыць на гэтую ролю расейцаў — і цяжка, і з Расеі ў адказ прыедуць на танку «дэнацыфікаваць». Габрэі — але іх зусім мала і цкаваньне іх можа мець непрыемныя міжнародныя наступствы. Украінцы таксама ня вельмі падыходзяць — іх таксама мала, і гістарычныя сваркі і супярэчнасьці зь імі памятаюць хіба што спецыялісты-гісторыкі. Ну і выбар украінцаў і Ўкраіны на ролю галоўнага ворага псыхалягічна падштурхоўваў бы самога Лукашэнку да ўступленьня ў вайну. А ён гэтага якраз ня хоча, ён хоча, каб беларусы яго зноў палюбілі. За тое, што ён уплішчыў іх у вайну з Украінай, яны яго не палюбяць дакладна.
Ну, а палякі на ролю ворага падыходзяць ідэальна. Досыць моцная краіна, але зьвязаная рознымі міжнароднымі абавязаньнямі, каб на стратэгію нянавісьці адказаць сілай. Зь ёй і зь яе народам і праўда гістарычна складаныя адносіны. Складаныя — ня значыць, што толькі і выключна кепскія. Але спрэчныя і цёмныя аспэкты двухбаковых адносінаў можна акцэнтаваць, узмацніць, чым беларуская прапаганда і займаецца.
Праўда, посьпехі пакуль сьціплыя. Распаліць полымя нацыяналізму ў беларускіх масах у найноўшай гісторыі не ўдавалася нікому. І зусім невідавочна, што ўдасца і Лукашэнку зараз. Акрамя ўсяго іншага, таму што не яго гэта, неарганічна для яго. Ён усё ж занадта савецкі чалавек для такой гульні.
Але, відаць, для вяртаньня народнай любві не засталося наогул нічога іншага.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.