Жыхары Ўкраіны паведамляюць аб праблемах з электрычнасьцю

У Харкаўскай вобласьці мясцовыя жыхары паведамляюць аб спыненьні падачы электраэнэргіі.

Улады Ўкраіны патлумачылі прычыну ўдарам расейскіх сіл. Пра яго распавялі і ў Дзергачоўскім гарадзкім савеце, дзе цалкам абясточаная тэрыторыя гэтага населенага пункта ў сувязі з ударам па аб’ектах крытычнай інфраструктуры.

«Гэта подлая і цынічная помста расейскага агрэсара за посьпехі нашай арміі на фронце, у прыватнасьці — у Харкаўскай вобласьці», — напісаў у тэлеграме мэр Харкава Ігар Церахаў. Ён заклікаў жыхароў да спакою.

Аб падзеньні напружаньня ў электрасетцы па ўсёй Сумскай вобласьці расказаў і кіраўнік Абласной ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Дзьмітрый Жывіцкі. Гэтыя праблемы прывялі да перабояў з пастаўкамі вады, бо адключаны помпы.

Аб праблемах з электрычнасьцю паведамлялі ў расейскім Белгарадзе. Па словах мясцовых уладаў, горад быў часткова абясточаны з-за збою на падстанцыі «Паўднёвая». Пасьля электразабесьпячэньне аднавілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскае войска пакінула некалькі населеных пунктаў на Луганшчыне і Хэрсоншчыне — Генштаб
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэзэрвовая лінія электраперадачы Запароскай АЭС запрацавала, — МАГАТЭ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі больш за 40 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці — кіраўнік абласной адміністрацыі