Хроніка перасьледу: у Віцебску зноў асудзілі ксяндза, ГУБАЗіК затрымаў былога сілавіка

Ілюстрацыйнае фота. Сілавікі ў Менску, 2021 год

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У Віцебску зноў асудзілі ксяндза, але ён пакінуў Беларусь

Як даведаліся праваабаронцы «Вясны», 9 верасьня ў судзе Першамайскага раёну Віцебска адбыўся суд над ксяндзом і пробашчам парафіі Сьвятога Духа ў Віцебску Андрэем Вашчуком. Яго абвінавацілі ў разьмяшчэньні 21 лютага ў тэлеграм-чаце «Рэальная Беларусь» выявы са свастыкай у карыкатурнай форме. Пратакол паводле арт. 19.10 КаАП быў складзены на ксяндза, пакуль той знаходзіўся за кратамі па іншым адміністрацыйным пратаколе.

Судзьдзя Андрэй Андрушэнка зачытаў дадзеныя Памежнага камітэту: «Вашчук у пешым парадку сышоў у Літву 15 жніўня». Таму справу Вашчука разглядалі без яго ўдзелу. У выніку суд пакараў сьвятара штрафам у памеры 320 рублёў.

ГУБАЗіК затрымаў Андрэя Вашчука 15 ліпеня. Праз тры дні над ім адбыўся першы суд па арт. 24.23 КаАП, а 20 ліпеня — другі, але па арт. 19.11 КаАП. Вынікам сталі 30 дзён арышту. Пасьля вызваленьня ксёндз пакінуў Беларусь. Паведамляецца, што ў касьцёле Сьвятога Духа правялі ператрус.

ГУБАЗіК затрымаў экс-сілавіка, якога абвінавачваюць у «зьліве» дадзеных былых калег і рэгістрацыі ў боце для жадаючых ваяваць за Ўкраіну

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал паведаміў аб затрыманьні экс-сілавіка і апублікаваў «пакаяльнае» відэа зь ім. Выданьне «Медыязона» знайшло старонку затрыманага ў сацсетках — яго завуць Алег Гайдук.

Сілавікі сьцьвярджаюць, што затрыманы «зьліваў» дадзеныя былых калегаў у «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і пакідаў у такіх каналах абразьлівыя камэнтары аб «вышэйшых службовых асобах Рэспублікі Беларусь», зарэгістраваўся ў пляне «Перамога» і «хацеў паехаць ваяваць» на баку Ўкраіны.

У «пакаяльным» відэа Гайдук кажа, што прайшоў вэрыфікацыю ў пляне «Перамога» і стэлефанаваўся з Аляксандрам Азаравым. Былы сілавік дадае, што падаў заяўку на рэгістрацыю ў бот «Воины света», каб паехаць ваяваць «на баку нацыянальных батальёнаў Украіны», і зьліваў дадзеныя былых калег у «Чорную кнігу Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 верасьня: менчука затрымалі за удзел у пратэстах 2020 года
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 верасьня: 2,5 года «хіміі» за бел-чырвона-белы і ўкраінскі сьцягі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 верасьня: тры новыя прысуды ў «справе Зельцара», 7 гадоў калёніі за камэнтары ў Telegram