Раней дробныя недахопы ліквідоўвалі паралельна з навучальным працэсам, а сёлета так нельга. Пэдагогі нэрвуюцца, бацькі абураюцца.
Прыватныя школы зьявіліся ў Беларусі ў 1991 годзе. З кожным годам колькасьць іх расла. Летась у Менску іх было 25, сёлета — ужо 35. І 14 дашкольных прыватных устаноў. Дзяржаўную акрэдытацыю, якая дае права выдаваць выпускнікам пасьведчаньні і атэстаты, пасьпяхова прайшлі толькі 13 навучальных устаноў, такія лічбы прывёў міністар адукацыі Андрэй Іванец.
21 з 35 прыватных школ не атрымалі сэртыфікатаў гатоўнасьці
Дырэктар дэпартамэнту кантролю якасьці адукацыі Міністэрства адукацыі Міхаіл Мірончык 8 верасьня паведаміў Дзяржаўнай інфармагенцыі БелТА, што большая частка з 35 прыватных школ, што ёсьць у краіне, не атрымалі сэртыфікату гатоўнасьці да пачатку навучальнага году. Маюць сэртыфікаты 14 прыватных установаў, 21 школа не прайшла шматлікіх праверак пажарнай інспэкцыі, санстанцыі ды іншых кантрольных інстанцый.
Чыноўнік сказаў таксама пра адсутнасьць матэрыяльна-тэхнічнай базы для правядзеньня заняткаў па розных прадметах, недастатковую забясьпечанасьць інвэнтаром і сродкамі навучаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Месца, дзе на дзяцей не крычаць, — гэта альбо ўтопія, альбо добрая прыватная школа». Маці, псыхоляг і юрыст пра барацьбу за правы дзяцей«Прыдзіркі кантрольных органаў — гэта фармальна выдуманыя прычыны»
Заснавальнікі і кіраўнікі школ гавораць аб прыдзірках: то правяральнікам не спадабаўся фасад школы (хаця ні ў якіх дакумэнтах пра вонкавы выгляд не вядзецца гаворкі), то нібыта для дзяцей няма паветкі на школьнай тэрыторыі, дзе можна было б схавацца ад сонца ці дажджу. Супрацоўнікі і адміністрацыя ў аўральным парадку стараюцца ўсё выправіць, але ў размовах з журналістамі просяць ня згадваць нават назваў навучальных устаноў. Бо ўсё ж спадзяюцца ў найбліжэйшыя дні прайсьці сэртыфікацыю і пачаць працаваць.
Бацькі аказаліся больш сьмелымі і паведамілі, што заняткі дагэтуль не пачаліся ў школах Stembridgeш, Eduhill, «Атмасфэры», «Інавацыі», «Альтасфэры», «Горад сонца», Менскай мужчынскай гімназіі ды іншых.
Гэтая інфармацыя ёсьць і на афіцыйным сайце камітэту адукацыі Менгарвыканкаму.
На думку дасьведчанай у пытаньнях прыватных школ асобы, якая папрасіла не называць яе імя, «прыдзіркі кантрольных органаў — гэта фармальна выдуманыя прычыны».
Насамрэч Мінадукацыі занепакоенае ростам папулярнасьці прыватных школ.
«Летась павыганялі добрых настаўнікаў са школ, некаторыя самі вымушаны былі звольніцца. Таму шмат бацькоў вырашылі сваіх дзяцей вучыць у прыватных школах, куды тыя ж добрыя настаўнікі ўладкаваліся. Ну і пайшоў наступ на прыватныя школы. Прычым чыноўнікі адкрытым тэкстам пагражалі кіраўнікам прыватных школ, што ў іх будуць праблемы, калі яны возьмуць на працу „нядобранадзейных“, скажам так.
Значыць, прыйшоў час рабіць падпольныя і онлайн-школы, такую паралельную сыстэму адукацыі», — кажа дасьведчаная ў праблемах прыватных школ асоба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі бракуе каля 700 настаўнікаў, пры гэтым іх працягваюць звальняць «за палітыку». Як Беларусь сустракае 1 верасьня«Цалкам забараніць прыватныя школы ўсё ж асьцерагаюцца, дык хоць нэрвы патрэплюць людзям»
Алег, бацька пяціклясьніцы, расказаў, што перавёў дачку ў прыватную школу ў мінулым навучальным годзе. Уладкаваў дзіця зь цяжкасьцю — аказваецца, у школы з добрай рэпутацыяй ня так лёгка трапіць, нягледзячы на даволі высокі кошт навучаньня — цэньнік пачынаецца ад 500 даляраў за месяц.
«Справа не ў грашах, хоць гэта і нятанна. Але адзінае, што мы можам даць сваім дзецям, гэта добрую адукацыю. Дачка правучылася адзін год, прыватная школа (ня буду называць, каб яшчэ больш не „наехалі“) у параўнаньні за звычайнай — неба і зямля.
Аднак заняткі яшчэ не пачаліся: не прайшлі нейкую праверку. І мяне насьцярожыла тэлефанаваньне з райаддзелу адукацыі: маўляў, „ваша дзіця ня ходзіць у школу, можам дапамагчы з уладкаваньнем у школу паблізу з домам“. Я зразумеў, што гэта намёк, што атэстацыю наша прыватная школа можа не прайсьці», — мяркуе бацька пяціклясьніцы Алег.
Маці 10-клясьніка спадарыня Алена не хавае абурэньня, што сын дагэтуль не пайшоў у школу.
«І раней былі нейкія дробныя прыдзіркі да школы, але пачатак навучальнага году ніхто не адмяняў. Тым больш што ў нас салідная вялікая школа, акрэдытаваная. Сын у перадапошняй клясе, і што нам цяпер — школу мяняць?
Мне вельмі шкада кіраўніцтва, на дырэктару ўжо няма твару, але ў яго хапае цярпеньня яшчэ і бацькоў суцяшаць. Даведаліся, што двух любімых настаўнікаў ужо ня будзе — ім давялося звольніцца, „каб школу не падстаўляць“. Вось калі існуе штосьці добрае, задавальняе і бацькоў, і дзяцей — абавязкова ўладам трэба ўсунуць свой нос. Цалкам забараніць прыватныя школы ўсё ж асьцерагаюцца, дык хоць нэрвы патрэплюць людзям», — маці дзесяціклясьніка не хавае эмоцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольненыя выкладчыкі, студэнты-ўцекачы і студэнты-вязьні. Як пратэсты 2020 году зьмянілі школы і ВНУ Беларусі ў 2021Колькі каштуе навучаньне ў прыватных школах і садках
Дакладнай статыстыкі, колькі дзяцей вучацца ў прыватных школах, яшчэ няма. Ёсьць леташняя лічба — 2700 дзяцей. Сёлета іх будзе значна больш: у некаторыя прыватныя школы немагчыма было запісацца.
Да прыкладу, у прыватных дзіцячых садках («Маленькі прынц», «Апэльсін») месячная аплата адпаведна 1450 і 1350 рублёў.
У прыватнай школе «Атмасфэра» (якая сёлета плянуе адкрыцца ў новым пяціпавярховым будынку ў раёне Залатой Горкі) навучаньне дзіцяці абыдзецца ад 540 да 700 даляраў у месяц па курсу Нацбанку ў залежнасьці ад выбранага пакету адукацыйных паслуг.
Навучаньне ў адной з самых старых і вялікіх прыватных школ «Стэмбрыджы» будзе каштаваць ад 15400 рублёў на год.
Самай дарагой у Беларусі застаецца міжнародная QSI International School. У асноўным там вучацца дзеці дыпляматаў, якія працуюць у амбасадах у Менску. Школа адкрылася ў 1993 годзе, усе прадметы вывучаюцца па-ангельску. Прэйскуранту на сайце няма, але кажуць, што навучаньне каштуе некалькі дзясяткаў тысяч даляраў на год.
Невядомыя і расцэнкі Менскай міжнароднай гімназіі, якая знаходзіцца ў Драздах (там вучыліся малодшы сын і ўнукі Лукашэнкі, дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Мікалая Лукашэнкі заснавала прыватную гімназію, даходы якой перавышаюць мільён даляраў — расьследаваньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 прапаноў рэфармаваньня сфэры адукацыі. Частку зь іх не ўхваліў Мікалай Лукашэнка, кажа бацька