На мяжы Марыя парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі. Марыі Калесьнікавай, якую ў сьвеце прызналі палітычнай зьняволенай і вязьнем сумленьня, цяпер 40 гадоў, два зь іх яна правяла за кратамі.
Сабралі найважнейшыя факты пра жыцьцё на волі і ў турме кіраўніцы перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, паплечніцы Сьвятланы Ціханоўскай, радніцы Каардынацыйнай рады, старшыні TEDx, арганізатаркі міжнародных праектаў, арт-дырэктаркі менскай прасторы «ОК16», флейтысткі, выкладчыцы музыкі, дырыгенткі, стваральніцы праекту «Ўрокі музыкі для дарослых», фэміністкі Марыі Калесьнікавай.
Інфармацыю мы атрымалі з розных крыніцаў, якія не называем на іх просьбу і дзеля бясьпекі.
Вымушаная шыць форму для сілавікоў у гомельскай жаночай калёніі
З студзеня 2022 году Калесьнікаву трымаюць у гомельскай жаночай калёніі. Марыя — адна сярод больш чым тысячы зьняволеных жанчын і адна з сарака палітычных зьняволеных у гэтай пэнітэнцыярнай установе.
У інтэрнаце з двухпавярховымі нарамі разам зь ёю знаходзяцца 14 жанчын. Большую частку свайго часу Марыя працуе. Кіраўніцтва разьмеркавала зьняволеных жанчын па атрадах, у атрадзе Марыі 80 чалавек, кожная зьняволеная мае свае задачы. Працуюць яны зьменамі, па 8 гадзінаў.
Марыя вымушаная шыць адзеньне — форму для міліцыянтаў і вайскоўцаў. Яшчэ ў кастрычніку 2020 году Калесьнікава ў лісьце зь СІЗА паведаміла, што падчас выкраданьня ёй пагражаў асабіста намесьнік кіраўніка МУС Беларусі Генадзь Казакевіч, які казаў, што калі яна ня зьедзе, то будзе «25 гадоў без зубоў на зоне шыць кашулі сілавікам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ абнавіў сьпіс «тэрарыстаў» — у ім 15 новых прозьвішчаў, сярод іх Марыя Калесьнікава і Максім ЗнакМае 15 хвілінаў на чытаньне
Паведамляецца, што ў вольны час яна можа чытаць, але мае на гэта ўсяго 15 хвілінаў. 30 хвілінаў даецца на прагулку. У свой вольны час зьняволеныя абавязаныя слухаць палітынфармацыі, якія праводзіць для іх адміністрацыя калёніі.
Марыя стараецца займацца спортам, як толькі зьяўляецца магчымасьць. А часу на гэта ў яе сапраўды вельмі мала, і гэта цяжка фізычна рабіць, калі ў атрадзе 80 зьняволеных.
Ёй не дазвалялі вітацца і размаўляць зь іншымі палітзьняволенымі
Марыю Калесьнікаву накіравалі ў атрад № 18, у якім, акрамя яе, няма палітычных зьняволеных. У іншых атрадах такіх па некалькі. Раней Марыя перадавала, што ёй не дазваляюць вітацца ці размаўляць з тымі, у каго таксама жоўтая бірка, па якой палітычныя зьняволеныя жанчыны лёгка пазнаюць адна адну.
Наколькі можна меркаваць, адносіны ў атрадзе зь іншымі ў Марыі нармальныя, але больш дэталёвай інфармацыі пра гэта няма. Збольшага інфармацыя пра жыцьцё і правілы ў калёніі — як і хто кантактуе, ці сябруюць паміж сабой вязьні, а іншыя дэталі мала вядомыя і не выносяцца на публіку.
Вядома, што Калесьнікава пад сталым наглядам адміністрацыі, кожны дзень праходзіць некалькі дадатковых праверак. Зь ліставаньнем, як і многія палітзьняволеныя, мае праблемы — цэнзары прапускаюць лісты толькі ад блізкіх родных, пад забарону можа трапіць нават ліст з сэрцайкам на капэрце. Непрыемнай навіной для Марыі ў траўні стала ўнясеньне яе спэцслужбамі Беларусі ў «сьпіс тэрарыстаў», пра што яна даведалася толькі пасьля візыту адваката.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава пра мову, гвалт, шопінг утрох і парады АлексіевічНосіць ружовую сукенку ў кветкі, пінжак колеру хакі і чорны абутак
Што вядома пра адзеньне Марыі, акрамя таго, што на яе нанесеная жоўтая пазнака (так пазначаюць асобаў, схільных да экстрэмізму, такія знакі маюць за кратамі яе паплечнікі Максім Знак і Віктар Бабарыка). У астатнім гардэроб Марыі нічым не адрозьніваецца ад адзеньня іншых палітзьняволеных. Гэта ружовая сукенка ў кветкі, пінжак колеру хакі, узімку целагрэйка колеру «каралеўскі сіні».
У абутку, які выдаюць вязьням, узімку халодна, а ўлетку горача, але можна перадаваць свой, таму, як і многім, Марыі кладуць абутак у перадачы. Абавязкова мусіць быць чорны. Круглы год неабходны дажджавік, бо зьняволеныя шмат часу мусяць праводзіць у шыхтаваньні на вуліцы пры ўсякім надвор’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 хвілін на чытаньне, 30 хвілін на шпацыр. Стала вядома, як жыве Калесьнікава ў калёніі
Можа размаўляць па тэлефоне з бацькам і сястрой толькі пры супрацоўніках
У калёніі сувязь з роднымі магчымая праз тэлефон, відэасувязь, лісты і сустрэчы. Для званкоў графік у кожным атрадзе. Ад студзеня 2022-га сястра Тацяна размаўляла з Марыяй шэсьць разоў, сама больш па 6 хвілінаў. Паводле турэмных правілаў званіць можна двойчы на месяц, але папраўдзе так не бывае. Апошні раз Тацяна размаўляла з Марыяй празь відэасувязь у канцы ліпеня. Нядаўна стала вядома, што больш відэазванкоў з Марыяй у яе на будзе.
Бацька Марыі Аляксандар Калесьнікаў размаўляе з дачкой па мабільным тэлефоне раз на тыдзень, але таксама каротка — не даўжэй чым 5 хвілінаў. Падчас размоваў праз тэлефон ці відэасувязь побач з Марыяй знаходзяцца супрацоўнікі калёніі, у кожны момант размова можа спыніцца, калі супрацоўніку нешта не спадабаецца.
Атрымлівае падборку навінаў пра палітыку, эканоміку і музыку
Акрамя размоваў з роднымі, сувязь са сьветам у Марыі адбываецца празь яе адвакатаў, якія прыяжджаць у калёнію раз на тыдзень, пытаюць яе пра самаадчуваньнем, фіксуюць запыты, скаргі і парушэньні правоў, а таксама дзеляцца навінамі. Адвакат рыхтуе на яе просьбу падборку матэрыялаў зь яе ўлюбёных выданьняў пра эканоміку, палітыку і музыку.
Марыі Калесьнікавай дазволена атрымліваць пасылкі/перадачы чатыры разы на год па 50 кіляграмаў. Іх прывозіць бацька Аляксандар Калесьнікаў. Яна мае права на тры доўгатэрміновыя спатканьні з роднымі (1–3 дні, для палітвязьняў гэта звычайна 1 дзень) на год, а таксама чатыры кароткатэрміновыя спатканьні па 4 гадзіны праз шкло. Пакуль іх не было з прычыны дысцыплінарных спагнаньняў, накладзеных на Марыю. Лісты ад яе прыходзяць толькі блізкім родным, сябры зусім не атрымліваюць лістоў, хаця вядома, што Марыя піша ўсім кожны тыдзень.
Заўсёды кідала выклік правілам і выбірала «непапулярны» шлях
Людзі, якія добра ведаюць Марыю, сьведчаць, што яна ніколі не баялася мяняць сваё жыцьцё, пачынаць нешта новае, кідаць выклік існуючым правілам, нават калі ёй гэта цяжка давалася. Напрыклад, другой спэцыяльнасьцю (першая — флейта), якую яна засвоіла ў Беларускай акадэміі музыкі, было дырыгаваньне — «непапулярны» на той час шлях для жанчыны, асабліва ў Беларусі. Але гэта яе не спыніла.
Яе пераезд у Нямеччыну на той час быў вельмі сьмелым рашэньнем. Адным з улюбёных прадметаў Марыі ў кансэрваторыі была барочная флейта (драўляная, зьявілася задоўга да сучаснай). Але гэта быў хутчэй «факультатыўны» прадмет, а не асобная спэцыяльнасьць. Марыю моцна ўразіў гэты інструмэнт і тое, як гучала барочная музыка ў яго выкананьні, і яна вырашыла, што хацела б вучыцца далей і разьвівацца ў гэтым кірунку. У Беларусі гэта было немагчыма, таму Калесьнікава вырашыла паступаць у Школу музыкі ў Штутгарце, хоць і ня ведала ў той час нямецкай мовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава ў інтэрвію з турмы: «Рэжым абраў для Беларусі шлях у нікуды»Хоча, каб у Беларусі было шмат жанчын-лідэрак
У сям’і Калесьнікавай дзьвюх дачок выхоўвалі вельмі самастойнымі. Бацькі тлумачылі Марыі і Тацяне, што яны павінны ўмець самі сябе забясьпечваць, і гэта збольшага сфармавала ў іх здольнасьць дзейнічаць самастойна, прымаць рашэньні, прымаць адказнасьць.
Бацька Аляксандар Калесьнікаў служыў на падводнай лодцы, выкладаў у авіяцыйным каледжы, займаўся бізнэсам. Сястра Тацяна Хоміч — бізнэс-аналітык, сьпявала ў рок-опэры «Чарадзей» у праекце Рамана Арлова.
Марыя Калесьнікава заўсёды гаварыла, што ў Беларусі бракуе жанчын-лідэрак, цікавілася гісторыямі жаночага посьпеху. Сваім прыкладам яна падтрымлівала і натхняла жанчын не баяцца гаварыць, выступаць, браць ініцыятыву на сябе.
Папулярызавала сучаснае мастацтва і музыку ў Беларусі
Калесьнікава адной зь першых стала папулярызаваць сучаснае мастацтва і музыку ў Беларусі. Была адной з стваральніц праекту Artemp — кампазытарскай акадэміі для студэнтаў-дырыгентаў з удзелам сучасных кампазытараў зь Нямеччыны.
Калесьнікава арганізоўвала выставы і пэрформансы з удзелам нямецкіх артыстаў. Уваходзіла ў каманду арганізатараў фэстывалю новай музыкі Eclat. Сярод яе праектаў — «Музыка і Галакост», цыкль пад назвай «Лекцыі музыкі для дарослых», праграма для школьнікаў «Аркестар робатаў».
Перакананая, што любоў мацнейшая за страх
Праз краты даходзяць і выказваньні Марыі Калесьнікавай пра вайну ва Ўкраіне. На другія ўгодкі выкраданьня ў фэйсбуку зьявіўся яе допіс:
— Ёсьць такія дні, пасьля якіх жыцьцё падзяляецца на «да» і «пасьля». 7 верасьня стаў менавіта такім днём для мяне і маіх блізкіх. У гэты дзень а 10-й раніцы мяне выкралі ў цэнтры любімага Менску, ля любімага музэю, і марна паспрабавалі сілком выгнаць з краіны.
За два гады шмат што зьмянілася — адбываецца катастрофа. Нас выкрадаюць адно ў аднаго, у нас выкрадаюць гісторыю і будучыню, у нас спрабуюць выкрасьці краіну. Нават у часы самага апраметнага жаху пачуцьцё ўласнай годнасьці, свабоду, дабро і каханьне выкрасьці, адабраць або забіць немагчыма.
Я дзякую і захапляюся ўсімі: маімі роднымі, блізкімі і беларусамі, зь якімі мы разам праходзім гэтае пекла. Нашыя падтрымка, любоў, сьмех і ўсьмешкі — і ёсьць наша перамога! Сёньня я буду, як і заўсёды, гучна сьмяяцца і зь велізарнай любоўю думаць пра тату, сястру і ўсіх блізкіх! Любоў мацнейшая за страх!
Напісаць ліст Марыі Калесьнікавай можна на адрас: 246035, Гомель, папраўчая калёнія № 4, вуліца Антошкіна, 3.