У Мінадукацыі расказалі, як зьменіцца ЦТ для школьнікаў

Ілюстрацыйнае фота

Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец расказаў, што ў цэнтралізаваным тэставаньні хочуць прыбраць варыянты адказаў і ператварыць яго ў «звычайную кантрольную» па розных прадметах, паведамляе БелТА.

Паводле Андрэя Іванца, цяпер Міністэрства адукацыі праводзіць «сур’ёзную работу па зьмяненьні структуры ЦТ».

«Калі раней у нас прыкладна палова заданьняў у тэсьце былі з выбарам варыянтаў адказу, і тады можна было або дзесьці адгадаць, альбо ўзгадаць, паглядзеўшы на варыянты.Сёньня мы практычна зводзім да мінімуму гэты складнік з выбарам, гэта будзе звычайная кантрольная, напрыклад, па матэматыцы, дзе неабходна вырашыць задачу, але ў клетку адказаў упісаць пэўны вынік без варыянтаў. Па вялікім рахунку мы практычна цалкам адыдзем ад магчымасьці тых ці іншых угадваньняў, альбо нейкіх выпадковасьцяў», — сказаў Андрэй Іванец.

Паводле яго, ад ЦТ у новай форме арганізацыі выніковай атэстацыі застанецца толькі машынная праверка вынікаў, каб выключыць чалавечы фактар пры ацэньваньні выніку.

«Усё астатняе — гэта будзе звычайная кантрольная работа, але з назвай «тэставаньне», — дадаў міністар адукацыі.

Раней міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец анансаваў, што для выпускнікоў 11-х клясаў з наступнага году замест ЦТ увядуць цэнтралізаваны іспыт. «Мяркуем, што выйдзем на лічбы, дзе тэставая частка зойме толькі 20-25% ад 100 балаў», — казаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля першага дня ЦТ у матэматыцы яго заданьні апынуліся ў сеціве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства адукацыі рыхтуе новыя правілы для сваіх устаноў: здаваць тэлефоны, выносіць чырвона-зялёны сьцяг, адкрыць у кожнай школе музэй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ЦТ, але ў траўні і для ўсіх. Мінадукацыі паведаміла пра ўвядзеньне цэнтралізаванага экзамэну ў школах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грызлоў: вынікі ЦТ і расейскага ЕГЭ сумесьцяць, каб беларускія выпускнікі маглі «свабадней паступаць у Расею»