Замест «адкрытага ўроку» — палітінфармацыя. Як нязручнае пытаньне студэнта паламала сцэнар Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка дэманструе школьнікам ордэн, які нібыта належыць пісьменьніку Васілю Быкаву

1 верасьня Лукашэнка правёў шматгадзінную палітынфармацыю для старшаклясьнікаў і студэнтаў у форме адкрытага ўроку. Што сымбалізуе новы падыход уладаў да сыстэмы адукацыі.

Сьцісла:

  • Галоўная задача, якая сёньня ставіцца рэжымам перад школай, — гэта фармаваньне палітычнай ляяльнасьці моладзі.
  • Была спроба гаварыць з удзельнікамі «ўроку» ў інтэрактыўнай форме. Атрымалася ня вельмі.
  • У Лукашэнкавай лекцыі па гісторыі самой гісторыі было няшмат — болей палітыкі.
  • Сюжэт пра ўзнагароды Васіля Быкава, якія родзічы нібыта прадавалі на рынку, быў «праколам». Тут Лукашэнка пераступіў праз народнае адчуваньне несправядлівасьці.
  • Пасьля вострага пытаньня Дзяніса Знака Лукашэнка сарваўся і ўжо да канца мерапрыемства ня мог супакоіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абзывае экстрэмістамі, а сам чытае і натхняецца намі, а не Азаронкам», — незалежны аналітык, якога цытаваў Лукашэнка на адкрытым уроку

Гаворка ідзе не пра новую функцыю школы, а хутчэй пра моцную зьмену прыярытэтаў. Сёньня ўлады не хаваюць, што для іх асноўная задача сыстэмы адукацыі — гэта не паляпшэньне яе якасьці ці падрыхтоўка добрых спэцыялістаў. Веды і кваліфікацыя маладых людзей сёньня не на першым пляне. Галоўнае — гэта фармаваньне іхнай палітычнай ляяльнасьці. Ляяльнасьці да ўлады і яе кіраўніка.

Таму на першы плян выходзіць функцыя выхаваньня, а ня ўласна адукацыі; дысцыпліна і парадак, кантроль (каб тэлефонамі не карысталіся, бо там жа могуць быць тэлеграм-каналы). Ідэал — гэта каб школа ператварылася ў казарму. І тут якраз дарэчы ўвядзеньне адзінай школьнай формы. Некаторыя дзівакі абураюцца — маўляў, ці ж гэта галоўнае. Але дзе вы бачылі казарму без адзінай формы?

Таму палітынфармацыі — гэта цяпер неабходны элемэнт сыстэмы адукацыі. І не выпадкова, што першы прыклад ідэалягічнага выхаваньня паказаў сам Лукашэнка. Былі і раней ягоныя выступы перад студэнтамі, але ня ў выглядзе адкрытага ўроку, лекцыі на тэму гісторыі. Вось цяпер Лукашэнка паказаў: маўляў, глядзіце, як трэба.

Была спроба гаварыць з моладзьдзю ў інтэрактыўнай форме. Атрымалася ня вельмі. Кожны з загадзя падрыхтаваных выступоўцаў гаварыў нешта сваё, прычым вельмі банальнае. Атрымаўся, як казалі ў савецкія часы, «сумбур замест музыкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвінаваціў сваякоў Быкава ў продажы ягоных мэдалёў «на рынку». Удава Быкава: іх забраў «прадстаўнік архіву»

Выступ на тэмы гісторыі сам Лукашэнка назваў «нацыяналістычным». Дзіўна, але само паняцьце «нацыяналізм» ён ацаніў са знакам плюс. Сапраўды, ухіл у беларускацэнтрычнасьць быў заўважны — асабліва калі Лукашэнка разважаў пра гістарычны пэрыяд Полацкага і Тураўскага княстваў, а таксама Вялікага Княства Літоўскага. Але на гэты гістарычны экскурс моцна паўплывала сучасная палітыка. Антыпольскасьць і прарасейскасьць Лукашэнкі занадта кідаліся ў вочы.

Уласна кажучы, у лекцыі па гісторыі самой гісторыі было няшмат: болей палітыкі.

Адзначыў бы два «праколы». Першы быў хатняй нарыхтоўкай. Гэта сюжэт пра ўзнагароды Васіля Быкава, якія родзічы нібыта прадавалі на рынку. Нагадвае ня вельмі чыстую апэрацыю спэцслужбаў. Тут Лукашэнка перайшоў нейкую рысу, лінію, якую, з гледзішча народных уяўленьняў, пераходзіць нельга. Ваяваць зь мёртвымі, тым больш з культавай, сакральнай фігурай беларускай культуры, празь якую сьвет ведае Беларусь, — гэта грэх. Так лічаць людзі, далёкія ад палітыкі. Тут Лукашэнка пераступіў вось гэтае народнае адчуваньне несправядлівасьці.

Другі «пракол» здарыўся зьнянацку. Студэнт біялягічнага факультэту БДУ Дзяніс Знак задаў Лукашэнку пытаньне, што «пасьля падзей 2020 году большая частка народу Беларусі адмаўляецца, скажам так, слухаць усякую праўладную інфармацыю». Гэта Лукашэнку вывела зь сябе, ён сарваўся і ўжо да канца мерапрыемства ня мог супакоіцца, увесь час узгадваў Дзяніса і нават цьмяна пагражаў. У пэўным сэнсе сцэнар быў паламаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнт спытаў Лукашэнку, што рабіць: большасьць беларусаў пасьля 2020-га перастала слухаць прапаганду

Яшчэ адзін сюжэт — наконт «беглых». Лукашэнка паабяцаў, што 17 верасьня, у «дзень народнага адзінства», будуць абвешчаныя нейкія важныя рашэньні ў гэтай справе. Мяркуючы па тым кірунку, у якім разьвіваюцца падзеі, напэўна, варта чакаць нейкіх новых рэпрэсіўных захадаў супраць палітычных эмігрантаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.