Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абзывае экстрэмістамі, а сам чытае і натхняецца намі, а не Азаронкам», — незалежны аналітык, якога цытаваў Лукашэнка на адкрытым уроку


Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

На «адкрытым уроку» Аляксандар Лукашэнка пачаў сваю прамову з цытаты аналітыка, экспэрта і рэдактара «Беларускага Штогодніка» Вадзіма Мажэйкі.

У артыкуле для «Позірку» экспэрт напісаў: «Разрастаньне культу асобы кіраўніка, уключаючы абавязак для моладзі слухаць ягоныя настаўленьні перад пачаткам школьнага году, — тыповы элемэнт таталітарных рэжымаў».

Аўтара цытаты Лукашэнка не назваў, толькі ахарактарызаваў: «адзін мярзотны заявіў».

«Для мяне было нечакана, што Лукашэнка пачне прамову з маёй цытаты. Але ён умее зьдзіўляць. Весела, з аднаго боку, што ён займаецца цытаваньнем незалежных аналітыкаў. Але ніякіх аргумэнтаў, што гэта не таталітарызм, ён не прывёў і не пераканаў мяне», — пракамэнтаваў Вадзім Мажэйка для Свабоды.

Экспэрт зазначыў, што хоць улады прызнаюць незалежных аналітыкаў і аўтараў «экстрэмістамі», самі ж уважліва чытаюць іх.

«Гэты тэкст быў надрукаваны ўчора апоўдні. Сёньня зранку ён ужо раздрукаваны, і Лукашэнка чытае яго на шырокую публіку. Пачытаў, натхніўся. Прычым „экстрэмістамі“, а ня, скажам, Мукавозчыкам ці Азаронкам», — кажа аналітык.

Прамова з цытатай, на ягоную думку, паказвае, «наколькі гэтыя людзі нязвыклыя да крытыкі».

«Як яго зачапіла азначэньне „таталітарызм“. Улады настолькі прызвычаіліся да свайго ладу жыцьця, што іх зьдзіўляе, што гэта прыкметы таталітарызму, гэта для іх нешта новае», — дадаў Вадзім Мажэйка.

Ён лічыць, што «ня надта карэктна для чалавека з высокай пасадай» называць незалежных аўтараў «мярзотнымі». «Але для Лукашэнкі гэта не навіна і ня дзіва», — кажа экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG