Дзяніс Знак, студэнт 1 курсу біялягічнага факультэту БДУ, спытаў у Лукашэнкі:
«Пасьля падзей 2020 году большая частка народу Беларусі адмаўляецца, скажам так, слухаць усякую праўладную інфармацыю, праўладную, патрыятычную і гэтак далей. У сувязі з гэтым у мяне пытаньне, якія дзеяньні мы можам зрабіць, каб зьняць гэтыя акалічнасьці».
Пасьля фразы «большая частка народу Беларусі» ў яго адключыўся мікрафон. Лукашэнка ўсё ж даслухаў студэнта і адказаў на гэта, што за яго прагаласавала 6,5 мільёна чалавек і «гэта немагчыма сфальсыфікаваць». Студэнта ён назваў апазыцыянэрам і пазьней, зьвяртаючыся да яго, дадаў:
«Майце на ўвазе, што дзяржава моцная сваім парадкам. Не парушайце законаў, бо за гэта наступае строгая адказнасьць. Ты на біялягічны факультэт паступіў? Я зараз у рэктара спытаю, як ён экзамэны прымаў».
9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Яны прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК Беларусі, у выбарах 2020 году ўзялі ўдзел 5,8 млн чалавек, за Лукашэнку прагаласавалі каля 4,66 млн чалавек (Аляксандар Лукашэнка нібыта набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%).
Паводле альтэрнатыўнага падліку галасоў на плятформе «Голас», сярод 1,26 млн чалавек, якія зарэгістраваліся на плятформе, 1,05 млн чалавек прагаласавалі за Сьвятлану Ціханоўскую. Шмат на якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты і затрыманьні, апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», з пачатку выбарчай кампаніі 2020 году ў Беларусі завялі больш за 5500 крымінальных спраў, зьвязаных з пратэстамі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Па стане на канец жніўня 2022 году вядома ўжо больш за 2040 вынікаў такіх судоў. На 1 верасьня праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 1308 чалавек.
11 жніўня Сьледчы камітэт паведаміў, што з 9 жніўня 2020 па 1 ліпеня 2022 году ў Беларусі завялі 11 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці».