У ім Быкаў каменя на камені не пакідаў ад інтэрвію дырэктара саўгасу «Гарадзец», дэпутата Лукашэнкі маскоўскай камуністычнай газэце «Правда», якое выйшла пад загалоўкам «Да возродится!».
«Возродиться» павінен быў Савецкі Саюз. І пачаць Лукашэнка прапанаваў з аб’яднаньня Беларусі і Расеі. Або, калі іншымі словамі, зь ліквідацыі беларускай незалежнасьці.
«Увогуле, не было б вялікага сэнсу палемізаваць з гэтым газэтным ёкатам перапалоханага чалавека, які за гады ідэалягічнага ачмурэньня, відаць, не разабраўся ў гістарычнай сутнасьці часу, — пісаў Быкаў, — калі б аўтарам таго інтэрвію, дадзенага ваяўнічаму прадстаўніку камуністычнай журналістыкі, ня быў народны дэпутат, прадстаўнік выбранай улады... Гэты і да яго падобныя дэпутаты, ужо ня тоячыся, узялі курс на ліквідацыю той дзяржаўнасьці, на дэнансацыю белавескіх пагадненьняў і «воссоздание единой союзной государственности».
На добры лад, пасьля такой заявы дэпутат Лукашэнка павінен быў быць пазбаўлены дэпутацкага мандату, чаго і запатрабавалі дэпутаты БНФ. Але менш як праз год Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. І сваю крыўду на Быкава не забыў.
Сёньня ён прадэманстраваў узнагароды Быкава, якія падманам махляры ўзялі (а фактычна — скралі) у 95-гадовай удавы — Ірыны Міхайлаўны. Лукашэнка ўсклаў віну на сваякоў пісьменьніка.
Якім чынам ордэны і мэдалі апынуліся ў руках Лукашэнкі, які ланцуг быў паміж злодзеямі і Лукашэнкам — мы, упэўнены, цяпер не даведаемся.
Але добра вядома адно: Лукашэнка помсьціў Быкаву пры жыцьці, калі ў падкантрольных яму СМІ Васіля Ўладзімеравіча палівалі брудам і фактычна прымусілі яго пакінуць Беларусь. Рэжым помсьціў Быкаву, калі на пачатку 2003 году пазбавіў яго і жонку прапіскі ў менскай кватэры (усе, хто быў тады побач з Быкавым, сьцьвярджаюць, што гэта прысьпешыла ягоную сьмерць). Помсьціць яму і пасьля сьмерці — у беларускай сталіцы няма ні помніка Быкаву, ні вуліцы ягонага імя.
Помсьціць і блізкім: засталося невядомым, хто ўвесну 2016 году зьбіў Валянціну Ўладзімераўну, родную сястру Быкава, ды гэтак моцна, што яна неўзабаве памерла. Зьбілі, між іншым, у яе доме.
І вось цяпер — цынічнае абвінавачваньне ў бок родных з вуснаў Лукашэнкі, які ў той жа тырадзе перад школьнікамі назваў Быкава «неадназначным чалавекам».
З Быкавым, аднак, усё адназначна: вялікі беларускі пісьменьнік, гонар беларускай нацыі, адзін зь лідэраў нацыянальнага Адраджэньня.
Наконт Лукашэнкі таксама ўсё адназначна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў! Абсурд» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль Быкаў: «У мяне да Ўкраіны самае шчымлівае пачуцьцё...». Цытаты з раней не апублікаванага ліста