Выдаленьне «Альпійскай баляды» Васіля Быкава са школьнай праграмы ва Ўкраіне тлумачаць саўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расеі.
І сьведчыць гэта пра поўнае няведаньне цяперашнімі кіраўнікамі Ўкраіны палітычных рэалій у Беларусі, што, зрэшты, дэманструецца ледзь не штодня на ўзроўнях больш высокіх, чым чыноўнікі Міністэрства адукацыі.
Я ўжо не кажу пра гісторыю Беларусі — даўную і нядаўнюю.
Можна было б узгадаць, што 17-гадовы Васіль Быкаў сустрэў вайну ва Ўкраіне, на ўкраінскай зямлі прыняў свой першы бой, за яе праліў сваю кроў, і нават «пахаронка» ягоным бацькам прыйшла з Украіны — імя Быкава было на абеліску каля Кіраваграду).
Ці прыгадаць, што Васіль Быкаў вітаў вынікі рэфэрэндуму ў сьнежні 1991-га, на якім 90% украінцаў выказаліся за Незалежнасьць.
Васіль Быкаў выступіў супраць імпэрскіх памкненьняў дэпутата Лукашэнкі яшчэ ў 1993 годзез і быў адным з самых пасьлядоўных ягоных крытыкаў як прэзыдэнта. Менавіта з гэтай прычыны ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і апошнія гады жыцьця правесьці на чужыне.
Увесь гэты час, нагадаю, кіраўнікі Ўкраіны сустракаліся, цёпла віталіся і нават цалаваліся з Лукашэнкам. Ні слова асуджэньня ягонай замежнай палітыкі, накіраванай на інтэграцыю з Расеяй або дыктатарскіх мэтадаў мы ад іх ня чулі.
Цяпер, калі тая палітыка прывяла да ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для расейскай агрэсіі, вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў!
Ну ці не абсурд?
Застаецца верыць, што калі-небудзь Гасподзь верне розум тым, хто яго згубіў.
І прыгадаць апошнія радкі апошняй кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому»:
«Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне аптымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Ўкраінка: «Без надіі такі сподюваюсь» ...
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.