Цэнтралізаваны выпускны экзамэн у 11 клясе
Уводзіцца цэнтралізаваны экзамэн у якасьці выпускнога пасьля 11 клясы: расейская ці беларуская мовы на выбар і матэматыка. Іншых іспытаў у 11 клясе ня будзе. У атэстат выпускнікам будуць выстаўляць ацэнку, вылічаную як сярэдняе арытмэтычнае з улікам гадавой і па цэнтралізаваным экзамэне.
Абавязковая сярэдняя адукацыя, дзевяці клясаў ужо замала
Цяпер нельга будзе скончыць толькі 9 клясаў і атрымаць няпоўную сярэднюю адукацыю. Вучобу давядзецца прадоўжыць у прафэсійна-тэхнічным каледжы або наступных дзьвюх клясах школы.
Зьменіцца колькасьць гадзін на вывучэньне дзяржаўных моваў
У профільных клясах колькасьць урокаў беларускай і расейскай мовы застаецца ранейшай — па 3 урокі на тыдзень. У няпрофільных — скарачаецца: у першым паўгодзьдзі 1 урок расейскай і 2 — беларускай, у другім — наадварот: 2 урокі расейскай мовы і 1 беларускай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад аб школьнай адукацыі ў Беларусі: улада выхоўвае ў дзецях «пакорлівасьць і ляяльнасьць»Урокаў замежнай мовы стане менш
Калі раней у звычайных школах было па 3 урокі замежнай мовы на тыдзень, а ў профільных — па 5, то цяпер паўсюль будзе на 1 урок менш (па 2 і 4 адпаведна). Адмяняецца экзамэн па замежнай мове ў 11 клясе.
Захаваецца перавага сусьветнай гісторыі над гісторыяй Беларусі
Гісторыя Беларусі вывучаецца толькі з 6-й клясы (а сусьветная — з 5-й), і да канца школы толькі адну гадзіну на тыдзень. А вось сусьветнай гісторыі ў другім паўгодзьдзі 9-й клясы будзе дзьве гадзіны. Да таго ж у 9-й клясе ўводзіцца адмысловы прадмет «Вялікая Айчынная вайна». У профільных 10-11-х клясах дзеці вучаць абодва прадметы па дзьве ці тры гадзіны на тыдзень у залежнасьці ад паўгодзьдзя.
Яшчэ менш астраноміі — 1 урок у 11 клясе, але за кошт гэтага крыху больш чарчэньня
Зь верасьня з прадметаў для вывучэньня на павышаным узроўні выключаецца астраномія. Яна выкладаецца толькі ў 11-й клясе, у звычайных клясах — раз на тыдзень, у профільных было па два ўрокі. Цяпер для ўсіх аднолькава — гадзіна ў тыдзень. Затое ўрокаў чарчэньня будзе на адзін больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб дзеці па вяртаньні ў Беларусь змаглі без праблем вучыцца на радзіме». Новы набор у Першую беларускую онлайн-школу ва ЎкраінеАбавязковая школьная форма і эмблема
У кожнай школе форма можа быць свая. Да таго ж школа павінна распрацаваць адметны элемэнт альбо эмблему, па якой яе вучняў можна адрозьніваць ад іншых.
Забарона смартфонаў
Пра разумныя гаджэты, у прыватнасьці тэлефоны і пляншэты, у сьценах школы давядзецца забыцца. Гук смартфонаў трэба будзе адключаць, сами смартфоны пакідаць у адмысловых скрынках. На перапынку тэлефанаваць сваякам магчыма толькі пры пільнай патрэбе. Здымаць на відэа без дазволу настаўніка забаронена. Калі школьнік парушыць правілы, давядзецца пісаць тлумачальную. Пры паўторным парушэньні тэлефон забяруць і вернуць толькі пасьля размовы дырэктара з бацькамі.
Герб і сьцяг — элемэнты патрыятычнага выхаваньня
Усе ўрачыстыя лінейкі, пачатак і канец вучэбных чвэрцяў павінны праводзіцца з абавязковым праслухоўваньнем дзяржаўнага гімна, вынасам і ўзьняцьцем сьцяга. Таксама гімн і сьцяг — абавязковыя атрыбуты ў дні дзяржаўных сьвятаў (Дзень народнага адзінства, Дзень абаронцаў Айчыны і Ўзброеных Сілаў, Дзень Канстытуцыі, Дзень працы, Дзень дзяржаўнага герба і сьцяга, Дзень Незалежнасьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 5 гадоў на вёсцы закрыліся 118 дзіцячых садкоў і 146 школ. Глядзім, што з рэгіёнамі, якія хоча разьвіваць уладаХто будзе вучыць дзяцей: у Рэспубліканскай базе 665 вакансій настаўнікаў
Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі працуе 106,7 тысячы настаўнікаў.
Сярэдні заробак у сфэры адукацыі за красавік 2022 году склаў 1088 рублёў. Сярэдняя налічаная зарплата настаўнікаў у красавіку дасягнула 1369 рублёў, у выхавацеляў дзіцячых садкоў — 977 рублёў.
У рэспубліканскім банку вакансій і рэзюмэ знаходзім 665 прапановаў для настаўнікаў па ўсёй Беларусі. Патрабуюцца настаўнікі ўсіх профіляў, уключна з настаўнікамі-дэфэктолягамі. Большасьць вакансій — профільныя настаўнікі-прадметнікі.
Сярэдняя зарплата, пазначаная ў абвестках, на 1 стаўку складае ад 500 до 800 рублёў.
Сярод 665 вакансій заробкі, большыя за 1 тысячу рублёў, прапануюцца літаральна дзясятку чалавек (да прыкладу, 36-я сталічная гімназія шукае настаўніка інфарматыкі на 1200–1400 рублёў).
А сярэдняя школа № 208 Менску гатовая прапанаваць настаўніку матэматыкі заробак ад 1500 да 1700 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новым навучальным годзе ў старэйшых клясах скароцяць гадзіны на замежныя мовыЗа апошнія 2 гады былі звольненыя дзясяткі настаўнікаў, якіх улада палічыла неляяльнымі
Беларускія настаўнікі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту летам і ўвосень 2020 году, пакідалі камэнтары ў сацсетках. А некаторыя аказаліся надзвычай прынцыповымі і сумленна палічылі галасы на прэзыдэнцкіх выбарах, за што і паплаціліся.
Адразу пасьля выбараў, 24 жніўня 2020 году, Лукашэнка сустрэўся з тагачасным міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. Паводле Лукашэнкі, у школах павінна прапагандавацца дзяржаўная ідэалёгія: «І тыя, хто хоча прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, калі ласка, калі ласка: ідзіце выкладайце, вучыце, працуйце. Тыя, хто ня хоча, значыць, яны ў школе быць не павінны». Такім чынам, была дадзеная «адмашка» зьверху — звальняць нязгодных настаўнікаў, не працягваць зь імі кантракты.
Прывядзем толькі некалькі прыкладаў. Некаторыя настаўнікі асуджаныя па крымінальных справах і адбываюць пакараньні.
На 2 гады пазбаўленьня волі была асуджаная намесьніца дырэктара сталічнай гімназіі № 42 Сьвятлана Хромава. Яны разам з дачкой Янай прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). У віну палітзьняволеным ставіўся ўдзел у трох маршах у 2020 годзе.
Звольнілі і некалькі дырэктараў школ, якія былі старшынямі выбарчых камісій і на іх участках перамагла Сьвятлана Ціханоўская. У прыватнасьці, Яўгена Макарэвіча, які 22 гады быў дырэктарам маладачанскай школы № 5. А ў Бярозаўскім раёне звольнілі адразу ажно чатырох дырэктараў школ.
Зь дзясяткамі неляяльных да ўлады настаўнікаў проста не працягнутыя кантракты. Часьцяком без тлумачэньня прычын.
Днямі настаўніцы гісторыі вышэйшай катэгорыі з 17-гадовым стажам Ларысе Секяржыцкай не працягнулі кантракт. 4 сакавіка Ларыса Секяржыцкая прыйшла ў школу з жоўтай і блакітнай стужкамі ў прычосцы. Яе тады абвінавацілі ў пікетаваньні і асудзілі па адміністрацыйнай справе на 70 базавых велічыняў (2240 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніцы з Бабруйску, на якую данесьлі калегі за жоўта-блакітны аксэсуар, не працягнулі кантракт у школе«Пасьля звальненьня настаўнікі ня могуць нікуды ўладкавацца. Калі некаторых пачалі браць на працу ў прыватныя школы, то ўлады адпомсьцілі: з надуманых прычын пазакрывалі тыя прыватныя школы. Да прыкладу, у Савецкім раёне Менску было зарэгістравана 6 прыватных устаноў адукацыі. На 31 жніўня так званы „сэртыфікат гатоўнасьці“ не падпісаны ніводнай прыватнай адукацыйнай установе раёну (у тым ліку і вядомай прыватнай школе „Стэмбрыдж“)», — расказала Свабодзе былая кіраўніца грамадзкай арганізацыі ў сфэры адукацыі, ліквідаванай у Беларусі.
Некаторыя звольненыя настаўнікі спрабуюць уладкавацца ў беларускія онлайн-школы, што адкрываюцца па-за межамі Беларусі. Як расказаў Свабодзе адзін з стваральнікаў Беларускай школы ў Варшаве, якая адкрыецца 3 верасьня, на 15 вакансій настаўнікаў было пададзена больш за 100 заявак.
«Мы ня можам абараніць настаўнікаў. Яны не журналісты ці айцішнікі, якіх рэлякуюць у іншыя краіны. За мяжой яны ня выцягнуць, калі нават здолеюць уцячы. Яны адмаўляюцца ад дапамогі, ад адвакатаў праваабарончага цэнтру „Вясна“. Яны вельмі асьцярожныя, але не здаюцца. Прабачце, гэта ўсё, што я магу сказаць прэсе», — кажа былая кіраўніца грамадзкай арганізацыі ў сфэры адукацыі.