«Настаўніцы вышэйшай катэгорыі, 17 год стажу, не працягнулі кантракт, спасылаючыся на тое, што прыйшлі дакумэнты з пастановай суду па маёй адміністрацыйнай справе (жоўта-блакітныя стужкі ў валасах). Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо паводле закону, калі ёсьць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасьці ўтрымліваць сям'ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя», — напісала ў сацсетках Ларыса Секержыцкая.
4 сакавіка Ларыса Секержыцкая прыйшла ў школу з жоўтай і блакітнай стужкамі ў прычосцы. Гэта не спадабалася настаўніцы матэматыкі і кіраўніцы вайскова-патрыятычнай клясы Натальлі Сіманенцы, тая разам з настаўніцай гісторыі Сьвятланай Хутаранскай пачалі патрабаваць, каб яна зьняла гэтыя стужкі. Сіманенка і Хутаранская казалі, што самі маюць родзічаў ва Ўкраіне, але «гэта цяпер не да месца». Секержыцкая адмаўлялася здымаць жаночы аксэсуар, і адміністрацыя выклікала міліцыю, настаўніцу забралі ў ГУУС.
Секержыцкую абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў масавым мерапрыемстве ў выглядзе пікетаваньня, што выразілася ў публічным дэманстраваньні жоўта-блакітных стужак у валасах, якія сымбалізавалі сьцяг Украіны».
Судзьдзя Ганна Асіпенка палічыла актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве даказаным і прысудзіла Ларысе Секержыцкай штраф 70 базавых — 2240 рублёў.
Цяпер настаўніца шукае працу. Ейная спэцыялізацыя — гісторыя Беларусі, сусьветная гісторыя і грамадазнаўства.