Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 5 гадоў на вёсцы закрыліся 118 дзіцячых садкоў і 146 школ. Глядзім, што з рэгіёнамі, якія хоча разьвіваць улада


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прыбытак за год падае ў 4 разы.

Штогод у вёсках Беларусі скарачаецца колькасьць жыхароў. Так, у 2019 годзе вясковае насельніцтва складала 2 137 500 чалавек, а сёлета ўжо 2 023 400 чалавек. То бок менш на 5,3%.

Напрыклад, Шаркаўшчынскі раён — самы бедны раён ужо некалькі гадоў запар, сярэдні заробак тут 940,8 рубля за першае паўгодзьдзе гэтага году. Колькасьць занятых у эканоміцы за год скарацілася на 146 чалавек.

Прыбытак усіх арганізацый раёну за год упаў у 4 разы: 396 тысяч рублёў у студзені-траўні супраць 1 мільёна 605 тысяч рублёў за такі ж пэрыяд летась.

У раёна 8,3 мільёна пратэрмінаваных крэдытаў. Рэнтабэльнасьць продажаў у раёне — мінус 14,7%, за год гэты паказчык пагоршыўся ў 1,5 раза.

Менск застаецца рухавіком

Чысты прыбытак арганізацый у Менску ў 13,7 раза большы, чым усіх арганізацый Гомельскай вобласьці: 2,6 мільярда рублёў у Менску супраць 191 мільёна ў Гомельскай вобласьці.

Чысты прыбытак арганізацый Магілёўскай вобласьці ў 10 разоў ніжэйшы, чым у Менску, у Віцебскай — у 6,9 раза. Ніводная вобласьць не апярэджвае Менск па чыстым прыбытку ўсіх арганізацый.

Рэнтабэльнасьць продажаў самая высокая — у Менску (12,5%), а самая нізкая — у Віцебскай вобласьці (1,4%).

Заробак у Менску амаль удвая вышэйшы, чым у Магілёўскай вобласьці

Самыя высокія заробкі па Беларусі застаюцца ў Менску — 2282,7 рубля за першае паўгодзьдзе 2022 году. А самыя нізкія — у Магілёўскай вобласьці: 1252,8 рубля, або ў 1,8 раза ніжэй, чым у Менску.

У Віцебскай вобласьці заробкі на 17,6% ніжэйшыя, чым у Менску, у Берасьцейскай вобласьці — ніжэйшыя на 15,8%, у Горадзенскай — на 13,6%, у Гомельскай — на 11,6%.

За 5 гадоў на вёсцы закрыліся 118 дзіцячых садкоў

На 118 дзіцячых садкоў стала менш на вёсцы з 2016 па 2021 год. Іх цяпер наведваюць на 1,4 тысячы дзяцей менш.

Школ за гэты час стала менш на 146, зачыняліся таксама ў асноўным малакамплектныя вясковыя школы.

Буйная прамысловасьць — у некалькіх гарадах

Па мапе аб’ёму прамысловай вытворчасьці бачна, што прамысловасьць засяроджана толькі ў некалькіх гарадах: Наваполацак — больш за 100 тысяч рублёў на душу насельніцтва, Жодзіна — 30–50 тысяч рублёў на душу насельніцтва, Горадня, Берасьце, Віцебск, Магілёў — 10–30 тысяч на душу насельніцтва, Менск, Баранавічы, Гомель, Бабруйск — да 10 тысяч.

Па раёнах найбольшы аб’ём прамысловасьці прыпадае на Мазырскі — 60 і болей тысяч рублёў на душу насельніцтва. Палова раёнаў мае аб’ём вытворчасьці да 5 тысяч рублёў на душу насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG