Абаронца Аляксандра Фядуты адвакат Галіна Тарнаўскене ў адказ на патрабаваньне пракурора прысудзіць фігурантам справы 12 гадоў пазбаўленьня волі кожнаму папрасіла суд прызначыць Фядуту апраўдальны вырак. Пра гэта піша беларуская служба расейскага выданьня Sputnik. Незалежныя беларускія СМІ на суд не пусьцілі, большасьць рэдакцый вядучых выданьняў краіны і без таго знаходзяцца ў выгнаньні або пад строгім прэсінгам уладаў.
Працэс адбываецца ў Менскім абласным судзе з 29 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 12 гадоў турмы: пракурор запрасіў тэрміны для абвінавачаных Фядуты, Кастусёва, Зянковіча31 жніўня спрэчкі бакоў пачаліся з выступу абаронцы Рыгора Кастусёва. Адвакатка Інэса Аленская пераконвала суд у ягонай невінаватасьці. Паводле яе, абарона мяркуе, што вінаватасьць Кастусёва ва ўдзеле ў «змове» не знайшла пацьверджаньня ў судзе.
Адвакат адзначыла, што сьледзтва ня высьветліла даты ўступленьня яго ў змову. Паводле яе, Кастусёў не даваў згоды на ўдзел у нейкай палітычнай кааліцыі. Таксама ён ні з кім з удзельнікаў Zoom-канфэрэнцый, акрамя абвінавачанага Юрася Зянковіча, не сустракаўся. А ўсе размовы аб змове ўспрымаў як фэйк.
На думку абаронцы, орган папярэдняга сьледзтва правёў расьсьледаваньне ў дачыненьні Кастусёва перадузята і неаб’ектыўна, зь яўным абвінаваўчым ухілам.
«Прашу апраўдаць Кастусёва цалкам у сувязі з адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях складу злачынства», — сказала Аленская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На судзе «аб змове» сьведкай у абарону Фядуты выступіла Вольга АбрамаваАдвакат Юрася Зянковіча Рыгор Жукаў свой выступ пачаў з таго, што за 15 гадоў практыкі ўпершыню сутыкнуўся з тым, што абвінавачанаму, які заключыў і выканаў угоду са сьледзтвам, дзяржаўны абвінаваўца просіць пакараньне «па поўнай». Паводле адваката, Зянковіч на працягу ўсяго сьледзтва прызнаваў віну і заключыў дасудовую дамову.
Адвакат пераконвае суд, што змова стала вынікам апэратыўнага экспэрымэнту, у якім удзельнічаў укаранёны ў шэрагі змоўшчыкаў падпалкоўнік Іван Жураўскі.
— Няма ніводнага прамога доказу, што Зянковіч кіраваў змовай, — сказаў Жукаў, дадаўшы, што абвінавачаны выконваў указаньні Жураўскага, у тым ліку і ў пошуках грошай на змову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа «аб змове»: Зянковіч ня выказаўся, ці прызнае віну, але ў судзе стала вядома пра ягонае пагадненьне са сьледзтвамАдвакат адзначыў, што Зянковіч ня меў карысьлівага намеру.
«Ён заможны, пасьпяховы амэрыканскі адвакат. І ў яго не было карысьлівага намеру. Ён нават перадаваў 16 тысяч даляраў са сваіх сродкаў. Я прашу апраўдаць майго падабароннага па ўсіх складах выстаўленага абвінавачаньня».
Абаронцы яшчэ дваіх фігурантаў справы — Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука — папрасілі суд прызначыць ім пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Пракурор для гэтых абвінавачаных прасіў па 3 гады калёніі.
Прысуд агучаць 5 верасьня.
Апошняе слова фігурантаў справы
Першым на судзе апошняе слова прамовіў Аляксандар Фядута. Ён заявіў, што гэтая змова была арганізавана ў выніку апэратыўнага экспэрымэнту.
«Так ці была змова — не падмацаваная ні грашыма, ні плянамі і вайсковымі сувязямі?» — задаў рытарычнае пытаньне Фядута.
Разам з тым ён адзначыў, што паўдзельнічаў у ёй.
«Калі я ў яе верыў, значыць яна існавала. (...) Я паверыў у змову вайскоўцаў таму, што хацеў у яе паверыць», — сказаў Фядута.
Выступ абвінавачанага доўжыўся ў судзе больш за паўгадзіны — ён зачытваў яго з паперы. Ён таксама заявіў, што ў яго не было ні карысьлівых, ні нізінных мэтаў.
Лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ён не даваў згоды на ўдзел у змове. З ягоных словаў, ён удзельнічаў у зумах для таго, каб знайсьці нейкае выйсьце з санкцыйнага ціску на краіну. Па яго словах, яго ўдзел быў з адзінай мэтай — прынесьці карысьць Беларусі.
«Запрашэньне да змовы з боку Зянковіча — балбатня і фэйк», — сказаў ён.
Пры гэтым ён нагадаў суду, што не прызнае віны, а пры прызначэньні пакараньня папрасіў улічыць, што ў яго сур’ёзнае захворваньне. Акрамя гэтага, ён заявіў суду, што мае намер напісаць яшчэ адну кнігу — гэта будуць мэмуары. Там ён напіша пра ўсіх удзельнікаў судовага працэсу. У канцы апошняга слова ў судзе ён прачытаў верш, прысьвечаны сваёй адвакатцы Аленскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фядута падчас допыту на судзе «аб змове з мэтай захопу ўлады»: арганізатарам быў Шчыгельскі, сувыканаўцам — ЗянковічАпошняе слова ў судзе Юрыя Зянковіча доўжылася некалькі хвілін — ён працытаваў некалькі фраз з кнігі «Гісторыя схаванай галавы».
Вольга Галубовіч падчас апошняга слоў плакала, казала, што сама прыняла рашэньне ня ўдзельнічаць у пратэставых акцыях:
«Гэтыя 17 месяцаў у СІЗА жудасныя, безь дзяцей і мамы. І яшчэ паставілі на ўлік як экстрэмістаў».
«Тры гады — гэта проста жорстка», — дадала яна, ацэньваючы тэрмін, які папрасіў для яе пракурор.
Дзяніс Краўчук яшчэ раз заявіў аб сваім раскаяньні ў зробленым і папрасіў суд не прызначаць яму пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, а пры вынясеньні прысуду ўлічыць ягонае раскаяньне.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўцаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.