Пра яе даклад піша выданьне reform.by.
«Іх міграцыя наўпрост зьвязаная з палітыкай, якая праводзіцца ўладамі Беларусі, і практыкай, якая ўжываецца імі, а таксама з мэтанакіравана створанай варожай абстаноўкай, якая перашкаджае бясьпечнаму вяртаньню», — адзначае Марэн.
Яна піша, што толькі невялікая колькасьць беларускіх грамадзянаў зьвярнулася з просьбай аб наданьні ім міжнароднай абароны як уцекачам. Са жніўня 2020 году да канца 2021 году толькі 2300 беларусаў папрасілі прытулку ў Польшчы, хаця адсотак прынятых заяваў за гэты час значна вырас (да 95% у 2021 годзе).
Паведамляецца, што пры выезьдзе беларусы выкарыстоўвалі розныя сродкі і маршруты, пачынаючы ад звычайнага перасячэньня мяжы да небясьпечных шляхоў, калі іншых варыянтаў не заставалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН па Беларусі: краіну «ахінула атмасфэра самавольства і страху»«Некаторыя думалі на час застацца па-за межамі Беларусі, „пакуль усё ня ўляжацца“, але пасьля таго, як убачылі, што іх калегаў, сяброў ці сваякоў запалохваюць ці затрымліваюць, вырашылі застацца за мяжой. Іншым, хто знаходзіўся за мяжой па працы ці па асабістых прычынах, раілі не вяртацца ў Беларусь, паколькі ў гэты час на іх офісы ладзіліся рэйды, а іх кватэры абшукваліся і апячатваліся. Некаторыя пакінулі краіну, палічыўшы гэта адзіным магчымым спосабам дыстанцыявацца ад бягучай палітыкі і дзеяньняў беларускіх уладаў, не бачачы магчымасьці бясьпечна ўдзельнічаць у дзяржаўных справах сваёй краіны і ўплываць на вядзеньне дзяржаўных справаў», — гаворыцца ў справаздачы.
Спэцдакладчыца ААН па Беларусі адзначае, што многія беларусы былі вымушаныя пакінуць краіну з прычыны пагрозы парушэньня іх эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, у першую чаргу праз дыскрымінацыю і адвольнага звальненьня з працы. У 2021 годзе было звольнена амаль 740 тысяч чалавек, у асноўным у вытворчым сэктары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стваральнік «Голасу» Павал Лібер — пра ўзлом плятформы, ІТ-шнікаў ГУБАЗіКа і лічбавую новую Беларусь«Грамадзяне Беларусі ў выгнаньні сутыкаюцца з абмежаваньнем іх базавага права на сацыяльную абарону, уключаючы магчымасьць атрымліваць належную ім пэнсію. Разам з гэтым яны ня могуць атрымаць доступ да банкаўскіх і страхавых паслугаў і маюць цяжкасьці пры праходжаньні некаторых адміністрацыйных працэдураў у органах запісу актаў грамадзянскага стану. У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб адмове ў наданьні консульскіх паслугаў або аб пачуцьці страху, якое яны адчуваюць пры неабходнасьці патрапіць у беларускае консульства для атрыманьня такіх паслугаў», — піша Марэн.
Паводле яе слоў, ва ўсіх выслуханых ёю сьведчаньнях людзі гаварылі аб тым, які страх яны адчувалі ў Беларусі на працягу месяцаў, дзён ці гадзінаў да выезду з краіны. Падкрэсьліваючы сваё жаданьне вярнуцца дадому і часовы характар свайго выгнаньня, большасьць з тых, хто падалі сьведчаньні, працягваюць пакутаваць ад нявызначанасьці ў дачыненьні да магчымасьці свайго вяртаньня ў Беларусь. Многія працягвалі займацца пытаньнямі, якія тычацца іх краіны, і лічылі сябе актыўнымі чальцамі беларускага грамадзтва, хаця і здалёк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусаў пераехалі ва Ўкраіну за даваенны год. Лічбы ад Укрстату«Беларусы ў выгнаньні сутыкаюцца з дадатковымі праблемамі і могуць апынуцца ва ўразьлівым становішчы, а значыць, маюць патрэбу ў абароне міжнароднай сыстэмы правоў чалавека. Калі беларусаў пыталіся пра цяжкасьці, зь якімі яны сутыкаюцца, вымушаныя зьехаць са сваёй краіны, у якасьці адной з галоўных праблем яны называлі магчымасьць атрыманьня паслугаў па ахове фізычнага і псыхічнага здароўя. Доступ да неабходнага і належнага лячэньня часта ўскладняецца такімі фактарамі, як адсутнасьць інфармацыі аб іх правах на мэдабслугоўваньне, кошт мэдычнай страхоўкі, складанасьці, якія не дазваляюць разабрацца ў мэдычнай сыстэме, моўны бар’ер і кошт самога лячэньня», — гаворыцца ў справаздачы.
Спэцыяльная дакладчыца вылучае шэраг рэкамэндацыяў адносна пошуку доўгатэрміновых рашэньняў, закліканых забясьпечыць выкананьне міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека ў дачыненьні да беларусаў-эмігрантаў.
Уладам Беларусі, сярод іншага, рэкамэндавана:
- перагледзець палітыку і практыку, якія прымушаюць беларусаў пакідаць сваю краіну
- правесьці ўсёабдымны агляд нацыянальнага заканадаўства для прывядзеньня яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека;
- пакласьці канец палітыцы выкараненьня грамадзянскай супольнасьці;
- адкрыць інфармацыйную прастору ў Беларусі;
- спыніць практыку пагрозаў рэалізацыі эканамічных, сацыяльных і культурных правоў;
- вызваліць усіх зьняволеных па палітычных матывах.
Іншым дзяржавам, міжнароднай супольнасьці і міжнародным арганізацыям таксама прапануецца шэраг парадаў:
- спрыяць стварэньню бясьпечных і даступных шляхоў уезду для беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну, і забясьпечыць наяўнасьць гуманітарных каналаў для ўезду;
- абараняць правы беларускіх грамадзянаў, у сувязі з гэтым разьвіваць партнэрскія адносіны і мабілізаваць сродкі для рэалізацыі гэтых правоў;
- спрыяць стварэньню добразычлівай атмасфэры і ўмоваў для таго, каб беларусы маглі працягваць значны ўдзел у грамадзкім жыцьці Беларусі, і ў гэтым кантэксьце разгледзець магчымасьць прыняцьця праграмаў, накіраваных на падтрымку звычайнай законнай дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і СМІ;
- улічваць выключныя і індывідуальныя абставіны кожнага чалавека, а таксама патрэбы беларускіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы;
- забясьпечыць строгае выкананьне прынцыпу невыдварэньня і праяўляць належную абачлівасьць;
стварыць
- эфэктыўныя мэханізмы для наданьня прававога статусу беларускім грамадзянам, якія не могуць вярнуцца;
- надаваць асаблівую ўвагу і аказваць падтрымку беларускім грамадзянам, якія знаходзіліся ў выгнаньні ва Ўкраіне і былі вымушаныя зноў зьехаць з-за вайны ва Украіне.