Мігранты па краіне грамадзянства
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, летась ва Ўкраіну прыбылі 2199 грамадзян Беларусі, 1824 зь якіх засталіся на ўкраінскай тэрыторыі, а іншыя выехалі.
Гэта амаль удвая больш, чым пазалетась: тады ва Ўкраіну прыбылі 1018 грамадзян Беларусі, 769 зь якіх засталіся на ўкраінскай тэрыторыі, а іншыя зьехалі.
Агульны міграцыйны прырост з усіх краін у 2021 годзе склаў 19 137 грамадзян, у 2020-м — 7240, а ў 2019-м — 18 222 асобы.
Найбольш з постсавецкай прасторы ва Ўкраіну летась прыехала грамадзян Расеі — 3284, зь іх 2182 засталіся ва Ўкраіне. У 2020 годзе колькасьць расейскіх мігрантаў была крыху меншай — з 2910 расейцаў, якія прыбылі, ва Ўкраіне засталіся 2068 грамадзян Расеі. Па колькасьці мігрантаў грамадзяне Беларусі занялі другое пасьля расейцаў месца.
Мігранты па краіне нараджэньня
Асобна Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны абнародавала інфармацыю аб колькасьці мігрантаў па краіне нараджэньня.
Летась ва Ўкраіну прыбылі 2147 грамадзян, якія нарадзіліся ў Беларусі. Зь іх на тэрыторыі Ўкраіны засталіся 1704 чалавекі. Гэта азначае, што ня ўсе грамадзяне Беларусі, якія выехалі ва Ўкраіну, маюць беларускае паходжаньне.
У 2020 годзе статыстыку аб колькасьці мігрантаў паводле краіны нараджэньня не публікавалі.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, на 1 студзеня 2021 году ва Ўкраіне статус уцекача атрымалі 17 грамадзян Беларусі. Адпаведныя лічбы на 1 студзеня 2022 году пакуль не апублікавалі.
Эміграцыя беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсій
Беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заяўлялі пра дзьве вялікія хвалі міграцыі грамадзян Беларусі — з жніўня 2020-га, перад і асабліва пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, і вясной 2021 году, калі было спынены авіяцыйныя зносіны.
Праваабаронцы сьцьвярджалі, што толькі з жніўня па сьнежань 2020 году ва Ўкраіну ўехала 161 тысяча беларусаў, але большасьць зь іх паехалі далей, у эўрапейскія ці іншыя краіны, бо ва Ўкраіне было цяжка легалізавацца.
Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны зьняпраўджвала такую колькасьць вымушаных мігрантаў зь Беларусі і заяўляла пра тое, што некаторыя беларускія грамадзяне «злоўжывалі» ўкраінскім заканадаўствам.
Паводле міграцыйнай службы, за 9 месяцаў 2021 году на тэрыторыю Ўкраіны ўехалі 199 тысяч грамадзян Беларусі, а выехалі — 197 тысяч.
Як на міграцыю паўплывала расейскае ўварваньне ва Ўкраіну
Пакуль невядома, якая колькасьць беларусаў засталася ва Ўкраіне пасьля расейскага ваеннага ўварваньня 24 лютага.
ААН, аналізуючы міграцыйныя працэсы з Украіны, не фіксуе грамадзянства ўцекачоў ад вайны. Цяпер увогуле арганізацыя перайшла на падлік колькасьці перасячэньняў мяжы, а гэта азначае, што адна і тая ж асоба магла перасякаць украінскую мяжу па некалькі разоў.
Згодна з апошнімі зьвесткамі Агенцтва ААН у справах уцекачоў, з Украіны ад пачатку вайны выехалі 7 514 460 грамадзян. Адзначаецца, што з 28 лютага мяжу на ўезд ва Ўкраіну перасеклі 2 313 717 асобаў.
Разам з тым Міжнародная арганізацыя па міграцыі паведамляла, што дадому ва Ўкраіну вярнуліся амаль 4,5 мільёна ўкраінскіх уцекачоў, аднак не ўдакладнялася — тых, хто выехаў за мяжу краіны, ці ўнутраных перасяленцаў.
У СМІ пэрыядычна зьяўляецца інфармацыя аб тым, што грамадзянам Беларусі цяпер адмаўляюць ва ўезьдзе ва Ўкраіну. Свабода зьвярнулася з адпаведным афіцыйным запытам у Дзяржаўную памежную службу Ўкраіну.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.