Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыца ААН па Беларусі: краіну «ахінула атмасфэра самавольства і страху»


Спэцдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн
Спэцдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн

Спэцдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн 29 чэрвеня выступіла са штогадовым дакладам у Радзе правоў чалавека ААН у Жэнэве.

Як паведамляе сайт Рады правоў чалавека ААН, Анаіс Марэн падрабязна акрэсьліла, якім чынам улады Беларусі сыстэмна ўзмацняюць жорсткасьць заканадаўства, якое абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы.

Адным з апошніх прыкладаў гэтай тэндэнцыі Марэн назвала канстытуцыйны рэфэрэндум 27 лютага 2022 году. Яна сказала, што працэсу не хапала празрыстасьці і адкрытасьці, а галасаваньне было азмрочанае сур’ёзнымі парушэньнямі і ня можа лічыцца свабодным і справядлівым.

«Рэформа, ініцыяваная гэтым рэфэрэндумам, зводзіцца да ўзмацненьня і сыстэматызацыі перашкодаў для рэалізацыі правоў чалавека беларускімі грамадзянамі», — сказала Марэн.

Адначасова, дадала яна, у Крымінальны кодэкс былі ўнесеныя папраўкі, якія яшчэ больш абмяжоўваюць свабоду мірных сходаў, асацыяцый і выказваньня меркаваньняў. Насуперак палажэньню Канстытуцыі аб выкарыстаньні найвышэйшай меры пакараньня «як выключнай меры пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы», папраўкі ў Крымінальны кодэкс пашырылі сфэру выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня, уключыўшы ў яго «плянаваньне» або «замах» на ўчыненьне тэрарыстычных актаў, адзначыла спэцдакладчыца.

«Я вельмі занепакоеная тым, што шырокія і расплывістыя азначэньні „тэрарыстычных актаў“ могуць быць інтэрпрэтаваныя як дзеяньні, накіраваныя на законнае ажыцьцяўленьне асноўных правоў», — сказала яна.

У сваім дакладзе Марэн дакумэнтуе заканадаўства, палітыку і практыку, якія прывялі да фактычнага зьнішчэньня незалежных няўрадавых арганізацый, СМІ і культурных арганізацый. Паводле справаздачы, законнай і крытычна важнай працы праваабаронцаў і адвакатаў таксама перашкаджаюць пастаянныя судовыя ці іншыя формы перасьледу з боку ўладаў.

Марэн заклікала міжнародную супольнасьць аказаць падтрымку грамадзянам Беларусі, якія вымушаныя пакінуць сваю краіну праз рэпрэсіі і запалохваньне з боку дзяржавы, і эфэктыўна бараніць іх правы чалавека.

«Сыстэмныя парушэньні правоў чалавека і беспакаранасьць за гэтыя злачынствы ахінулі Беларусь атмасфэрай самавольства і страху», — сказала Анаіс Марэн.

«У той час як увага сьвету засяроджаная на многіх крызісных сытуацыях у сьвеце, я перакананая, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не павінна адыходзіць на другі плян», — заключыла спэцдакладчыца ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG