У 2022 годзе ў Беларусі і сьвеце разагналася інфляцыя. Беларусь трапіла ў сямёрку лідэраў па гэтым паказчыку. Глядзім, чаму так адбываецца і што будзе далей.
Інфляцыю, або рост коштаў, у той ці іншай ступені сёлета адчулі на сабе ўсе краіны. Сямёрка лідэраў па росьце інфляцыі ў Эўропе ў чэрвені выглядае так:
- Турэччына — 79,6%
- Малдова — 33,5%
- Эстонія — 22,8%
- Украіна — 22,2%
- Літва — 21,6%
- Латвія — 21,5%
- Беларусь — 18,1%
Агулам па ЭЗ інфляцыя складае 9,6%. Менавіта на такі паказчык у сярэднім растуць цэны на тавары і паслугі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост інфляцыі ў 3,5 раза, 1262 палітзьняволеныя, 10 «палітычных» сьмерцяў. Што зьмянілася ў Беларусі за 2 гады крызісуУ чым прычына росту інфляцыі
Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, рост інфляцыі ў сьвеце зьвязаны з вайной, уцекачамі і санкцыямі, а таксама з выхадам з пандэміі ковіду. Кожная прычына па-рознаму ўплывае на тую ці іншую канкрэтную краіну.
«Інфляцыя сёлета шмат у якіх краінах б’е рэкорды, і паўсюль розная камбінацыя прычын. У Эўропе і ЗША інфляцыя выклікана тым, што падчас пандэміі рабілі захады, каб падтрымаць людзей і бізнэс. Друкавалі грошы, гэта дапамагло пазьбегнуць рэцэсіі, выкліканай ковідам. Сытуацыя была беспрэцэдэнтная, цяжка было нешта спрагназаваць, таму многія дзейнічалі грубымі мэтадамі, і гэта выклікала інфляцыю. Але гэта лепш, чым супэррэцэсія (спад вытворчасьці), выкліканая ковідам.
Іншая прычына — вайна і санкцыі. Многія тавары павышаюцца ў цане з прычыны санкцый, парушыліся лягістычныя ланцужкі. Украіна была важным экспартэрам шэрагу тавараў — гэта таксама паўплывала.
Таксама ў людзей у шэрагу краінаў назапасіліся грошы падчас пандэміі, што прывяло да росту попыту пасьля яе», — тлумачыць Леў Львоўскі.
У Беларусі ж інфляцыя выкліканая і сусьветнымі тэндэнцыямі, а таксама сувязямі з Расеяй.
«Таксама ў Беларусі ёсьць свае фактары — гэта санкцыі, накладзеныя на Беларусь, бо ўзьніклі лягістычныя праблемы. Складана даставіць нейкі тавар, гэта прыводзіць да яго ўдаражэньня. Да гэтага дадаюцца праблемы зь фінансавай лягістыкай, транзакцыі стала праводзіць складаней, што і ўплывае на цану. Дадаецца і ўнутраная нявызначанасьць з пункту гледжаньня імпартэраў, бо дзяржава спрабуе кантраляваць кошты. Напрыклад, нехта прывозіць рыбу даражэй, а ім забараняюць павышаць цэны, і яны застаюцца ў мінусе. З прычыны палітычнага крызісу вырас недавер да Нацбанку і вырасьлі інфляцыйныя чаканьні. Калі, умоўна, усе ўдзельнікі рынку чакаюць інфляцыі ў 20%, то яны і павышаюць цэны на 20%», — кажа Леў Львоўскі.
Але ёсьць у Беларусі і фактары, якія дзейнічаюць супраць інфляцыі: неаслабленьне рубля да замежных валют, бо беларускі рубель прывязаны да расейскага, а той, нягледзячы на ўсе падзеі, умацаваўся да даляра.
Да таго ж Беларусь уваходзіць у рэцэсію — некалькі месяцаў падае ВУП. Падае попыт, людзі менш набываюць, што дзейнічае супраць інфляцыі, кажа Леў Львоўскі.
«У некаторых беларускіх суседзяў інфляцыя зьвязаная з санкцыямі і зь вялікімі хвалямі міграцыі з Украіны, Беларусі і Расеі, што разганяе цэны на арэнду жыльля і на тавары», — дадае Леў Львоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыбуля +46%, рыба +31,5%. Як за паўгода вырасьлі цэны ў БеларусіШто будзе далей з інфляцыяй
У ЗША і ЭЗ цэнтрабанкі ўжо прыступілі да супрацьінфляцыйнай палітыкі.
«Складана сказаць, ці перамогуць яны інфляцыю, але пэўныя посьпехі ўжо ёсьць. Цэнтрабанк ЗША заяўляе, што інфляцыя ня будзе пастаяннай. У Беларусі Нацбанк вярнуўся да практыкі незабясьпечанай эмісіі (выпуск грошай). Прэм’ер Галоўчанка заяўляў, што неабходна зьнізіць стаўку на крэдыты. Калі выпуск грошай працягнецца, то эмісія можа прывесьці да гіпэрінфляцыі (гэта рост цэнаў яшчэ большымі тэмпамі)», — кажа Леў Львоўскі.
З такой сытуацыі можна выбрацца шляхам пазык і павышэньня падаткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на энэрганосьбіты і харчаваньне рэкордна растуць ва ўсім сьвецеШто рабіць людзям падчас росту інфляцыі
Каб уберагчы грошы ад інфляцыі, трэба іх захоўваць у тым, што пад інфляцыю не падпадае.
«Цяпер нават захоўваць грошы ў далярах і эўра не выпадае, бо і яны падпадаюць пад інфляцыю. Ёсьць актывы, якія абароненыя ад інфляцыі: умоўная нерухомасьць, акцыі (калі гэта пасьпяховае прадпрыемства), ёсьць рынак аблігацый і каштоўных мэталаў. Лепш за ўсё дыверсыфікаваць свае ашчаджэньні. А калі грошай мала, то можна проста набыць мех цукру», — кажа Леў Львоўскі.