Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на энэрганосьбіты і харчаваньне рэкордна растуць ва ўсім сьвеце


Крама ў Грэцыі
Крама ў Грэцыі

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну выклікала глябальны рост цэнаў на энэрганосьбіты і харчаваньне. Гэта прывяло да істотнага павелічэньня інфляцыі ў многіх краінах сьвету. У Нямеччыне, Вялікай Брытаніі і ЗША яна дасягнула максымуму за 40 гадоў. Пра сытуацыю на сусьветным рынку расказвае расейскі праект Re:Russia, сытуацыю ў асобных краінах апісвае брытанскае выданьне The Guardian.

Паводле зьвестак Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР), на якія спасылаецца Re:Russia, са студзеня 2022 году вугаль у сьвеце падаражэў на 69%, пшаніца — на 60%, газ — на 55% у ЗША і на 27% у Эўропе. Глябальныя цэны на прадукты харчаваньня цяпер на 55% вышэйшыя, чым у сярэднім у 2014–2016 гадах.

Вайна ва Ўкраіне прывяла да таго, што на рынках збожжавых культураў і алею ўжо адчуваецца дэфіцыт. У сукупнасьці на Расею і Ўкраіну прыпадала 30% сусьветнага экспарту пшаніцы, 15% — кукурузы, 20% — мінэральных угнаеньняў, а таксама 20% — прыроднага газу і 11% — нафты.

Мацней за ўсё ад скачка інфляцыі пакутуюць бяднейшыя краіны, дзе харчаваньне і энэргія складаюць значную долю ў спажываньні.

Паводле інфармацыі The Guardian, у Індыі гародніна за апошні месяц падаражэла на 56%, рыс і пшаніцу бедным раздаюць бясплатна. На Філіпінах больш за 12% сем’яў хаця б раз за апошнія тры месяцы вымушана галадалі, цана на паліва там вырасла на 40% з пачатку году. У Нігерыі харчовая інфляцыя ў красавіку вырасла да 19%.

Аднак і ў разьвітых краінах інфляцыя, якая істотна павялічылася, падаўляе эканамічную актыўнасьць, што вядзе да зьніжэньня даходаў і балюча ўспрымаецца насельніцтвам.

У траўні 2022 году гадавая інфляцыя ў ЗША дасягнула 8,6%. Гэта самы рэзкі рост з 1981 году. У Нямеччыне інфляцыя ў траўні склала 7,9%, пры гэтым паліва стала ў сярэднім на 38% даражэйшым, а прадукты харчаваньня — на 11%. У Ірляндыі, адной з найбагацейшых краінаў Эўропы, цэны вырасьлі на 7,8% за год, газ падаражэў на 54%. У Бэльгіі інфляцыя дасягнула 9%, у Італіі — 6,8%.

  • Па выніках 2022 году сярэдняя інфляцыя ў краінах АЭСР складзе 8,5%. Па прагнозах Сусьветнага банку, пік глябальнай інфляцыі прыпадзе на сярэдзіну 2022 году, потым чакаецца яе зьніжэньне прыкладна на 3%.
  • У студзені 2022 году гадавыя тэмпы росту цэнаў у Расеі складалі 8,7%. Пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну інфляцыя павялічылася да двухзначных лічбаў, па выніках траўня яна склала 17,1%. Пры гэтым прадукты харчаваньня за год падаражэлі на 21,5%.
  • Апроч вайны ва Ўкраіне, на глябальную інфляцыю ўплываюць наступствы пандэміі COVID-19 і анамаліі надворʼя, выкліканыя зьменай клімату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG