«Я больш не міліцыянт, я цяпер іншы чалавек». Як цяпер жыве былы супрацоўнік міліцыі, які звольніўся, каб ня ўдзельнічаць у рэпрэсіях

Ягор Емельянаў

9, 16 і 23 жніўня выйшлі першыя тры сэрыі новага падкаста Радыё Свабода «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020». Ён расказвае пра пасьлявыбарчыя пратэсты ў Беларусі два гады таму з гледзішча сілавікоў, пра тое, як усё выглядала знутры.

Разабрацца ў тым, што адбывалася пасьля выбараў 2020 году, дапамагаюць былыя сілавікі, якія падчас пратэсту звольніліся з органаў. Рэальную колькасьць тых, хто адмовіўся выконваць злачынныя загады, выявіць пакуль немагчыма. Але ўсё часьцей былыя праваахоўнікі расказваюць пра гэта публічна.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ: Падкаст «Красаўцы». Хто загадаў катаваць беларусаў

Ягор Емяльянаў 17 гадоў аддаў службе ў міліцыі. 11 жніўня 2020 году ён звольніўся з органаў, бо не хацеў удзельнічаць у рэпрэсіях супраць людзей. Пасьля было затрыманьне, «суткі», Акрэсьціна, крымінальная справа і ўцёкі за мяжу. Свабода пагутарыла з былым міліцыянтам пра былое і цяперашняе ў ягоным жыцьці.

Ягор Емяльянаў

«Прынцыпова не хацеў зьяжджаць зь Беларусі, бо я не рабіў нічога злачыннага»

Да пратэстаў 2020 году Ягор Емяльянаў жыў у Наваполацку, працаваў у міліцыі. Службе аддаў 17 гадоў. 11 жніўня ён звольніўся. Кажа, што не хацеў удзельнічаць у жорсткім здушэньні пратэстаў, у гвалце супраць людзей.

Звольніўшыся, Ягор пераехаў у Менск, працаваў трэнэрам у фітнэс-клюбе. Неўзабаве да яго пераехала жонка. Аднак Ягора «пакаралі» 40 суткамі на Акрэсьціна.

«На Акрэсьціна былі асаблівыя ўмовы, як для ўсіх „палітычных“. Гвалту не было, але быў карцар, адсутнасьць прагулак, гігіенічных сродкаў. Там працуюць ахоўнікі, маўклівыя, безь ніякіх эмоцый, здаецца, што гэта робаты, а ня людзі. Ад іх ужо робіцца блага», — узгадвае былы міліцыянт.

Пасьля вызваленьня з «сутак» было адчуваньне, што можна будзе жыць звычайным жыцьцём.

«Наймалі кватэру, усё было добра. Мне казалі, што ёсьць такая практыка для „былых“ — хоць выпусьцілі з „сутак“, але могуць пачаць крымінальную справу. Казалі, што жыцьця мне тут не дадуць, але мне да апошняга ня верылася. Я не хацеў зьяжджаць, прынцыпова. Бо я нічога кепскага не рабіў. Нідзе ня лез, інтэрвію не даваў. Але ў жніўні 2021 па мяне прыйшлі. Вобшук, выклік на допыт у якасьці падазраванага ў крымінальнай справе. Мы з жонкай вырашылі, што калі я пайду на допыт, наўрад ці адтуль вярнуся. Жонка зь дзецьмі паехала праз Расею ва Ўкраіну. Я пайшоў туды лясамі празь мяжу, бо наўрад ці мяне выпусьцілі б», — кажа Ягор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шнары пратэсту». Шэсьць фотагісторыяў пацярпелых на пратэстах у жніўні 2020-га

«З былымі калегамі мы страцілі адзін аднаго»

Ва Ўкраіне Ягор трапіў пад апэрацыю СБУ «Нелегал».

«Мы жылі ў доме, які даваў прытулак беларусам — палітычным уцекачам. 16 верасьня 2021 году да нас прыйшлі, даволі шумна, супрацоўнікі СБУ. Яны праводзілі апэрацыю па выяўленьні мігрантаў, якія незаконна жывуць ва Ўкраіне. На мяне склалі пратакол, я заплаціў штраф, праўда, мінімальны. Ва Ўкраіне нам не было блага, але адчуваньня бясьпекі таксама не было. Сяброўка прапанавала нам перабірацца ў Нямеччыну. Яна сама там жыве, дапамагала нам і з кансультацыямі, і фінансава», — кажа былы міліцыянт.

Сыну Ягора 13 гадоў, ён у Нямеччыне пайшоў у школу. Дачка ходзіць у дзіцячы садок. Сям’я мае права на бясплатныя моўныя курсы, на фінансавую дапамогу і жытло. Ягор плянуе працаваць тут па спэцыяльнасьці — фітнэс-трэнэрам. «У мяне ёсьць розныя ідэі ў пляне трэнэрства. Было б няблага працаваць па спэцыяльнасьці. Але маральна я гатовы, што можа будзе і іншая праца», — кажа Ягор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі, якія хацелі бачыць мяне за кратамі, вырашылі, што 2,5 года „хіміі“ для мяне замала». Рэдактарка «Новага часу» пра ад’езд зь Беларусі

З былымі калегамі ён не падтрымлівае сувязі.

«У мяне з калегамі былі выдатныя стасункі. Адзін нават быў хросным татам у майго дзіцяці. Але цяпер ён нават хрэсьніка са сьвятамі не віншуе. У мяне такое адчуваньне, што ім проста забаранілі мець са мной стасункі, і яны гэта выконваюць», — лічыць былы міліцыянт.


«Людзі, чым вы займаецеся ў міліцыі? Гэта проста жахліва!»

Ягор сачыў за рознымі «зьлівамі» пра дзейнасьць праваахоўных органаў, якія публікавалі «Кібэрпартызаны».

«Сярод маіх калегаў былі розныя людзі. Некаторыя маглі перагінаць палку, іншыя былі культурныя, матаў ад іх ня чуў. Нехта мог сказаць матам у парыве гневу. Але тое, што мы чуем на „зьлівах“, — нейкі жах. Проста вянуць вушы. Хоць я ня самы такі вялікі мараліст. За маты я ня буду асуджаць, але калі сур’езныя чыны і так размаўляюць? Міліцыянты мусілі б стаяць на абароне закону. Але яны ставяцца да апанэнтаў улады як заведама да злачынцаў, шукаюць „няправільную каляровую гаму“ ў адзеньні людзей, скажам, калі на белай шапцы — чырвоны бубон. Людзі, чым вы наогул займаецеся? Гэта жахліва, так зганьбіць форму. Вы не міліцыя, вам трэба стварыць нейкае асобнае падразьдзяленьне!» — лічыць Ягор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ірына Халіп: Я не хачу радавацца ніякай «Вуліцы-Ежы», пакуль сядзяць тысячы палітвязьняў

Ён кажа, што падчас службы ў міліцыі не дзяліў людзей па палітычных прыкметах. Яму трапляліся як прыхільнікі ўлады, так і апанэнты.

«Я не разглядаў іх як экстрэмістаў ці благіх людзей. Нават думак такіх не было. Дый калегі мае да 2020 году многія ня мелі такой перадузятасьці. Ну, татуіроўка з „Пагоняй“ у чалавека, і што?» — кажа былы міліцыянт.

Пра свой учынак у 2020 годзе ён не шкадуе. «Толькі, можа, варта гэта было зрабіць раней. Але дакладна не шкадую ні пра што», — дадаў Ягор.


«Я не хачу ў Беларусь: пакуль для мяне гэта страшнае месца»

Былы міліцыянт кажа, што яго ня цягне цяпер у Беларусь.

«Яна ў мяне ў псыхіцы адклалася як страшнае месца, месца болю, страху і жорсткасьці. Мяне маглі б пасадзіць, жонка і дзеці засталіся б безь мяне. Дзеці растуць, я не магу паставіць іх на паўзу. Я хачу жыць са сваёй жонкай, дзецьмі. Нават калі Лукашэнка памрэ — наўрад ці там нешта зьменіцца. Можа, яшчэ і горш будзе. Калі б, канечне, улада зьмянілася, я б шукаў першы рэйс, каб ляцець туды. Але пакуль не», — кажа Ягор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На сям’ю зь пяці чалавек маем 1700 даляраў». Як у беларусаў з працай у Польшчы

Пра Нямеччыну ён кажа, што гэта «зусім іншы сьвет». Хоча, каб ягоныя дзеці расьлі тут.

«Беларуская прапаганда палохае, што на Захадзе няма ані грэчкі, ані солі. Насамрэч тут усё ёсьць, шмат і разнастайнага. Тут проста іншая рэчаіснасьць, я тут бачыў шчасьлівых людзей», — кажа былы міліцыянт.

У міліцыі Ягор больш ня хоча працаваць. «Я больш не міліцыянт, я цяпер іншы чалавек». У міліцыю я дакладна не вярнуся. Не хачу больш нічога агульнага мець, займацца глупствам. Я раней сьвету божага ня бачыў за працай. Адзін выходны на тыдзень, і тое ты сядзіш на тэлефоне. Аказваецца, гэта ненармальна, ёсьць і іншае жыцьцё«, — дадаў Ягор.

Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»

Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.

Падкаст... Што гэта?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут