«Дзякуй, родная СБУ, што абараняеце мой моцны сон і добрае здароўе. Ці мяне папярэдзілі? Так. Я нават у курсе, што асобным неахайным аматарам крыміналу перад сарваным замахам замовілі і праплацілі максымальную дыскрэдытацыю маёй сьціплай пэрсоны ў мэдыйным полі», — напісаў Сяргей Кароткіх у сваім тэлеграм-канале.
Ён дадаў, што калекцыянуе «такія навіны і падзеі». «Таму ня моцна зьдзіўлены. Так і жывем», — дадаў ён.
У камэнтары ўкраінскаму тэлеканалу «1+1», Сяргей Кароткіх выказаў зьдзіўленьне тым, што ягонае імя было побач з імёнамі міністра абароны і кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
«Ваенным шляхам у Расеі нічога не выходзіць зрабіць, таму яна спрабуе запалохаць жыхароў Украіны тэрорам», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі аб затрыманьні «кілера» з Луганску, які заехаў зь Беларусі і плянаваў забойства міністра абароныСяргей Кароткіх мяркуе, што Расею раздражняе ягоная пазыцыя. «Гэта ўжо ня першая спроба, калі яны такім чынам адпраўляюць мне „прывітаньне“. Я так разумею, што яны будуць спрабаваць дастаць яшчэ каго-небудзь. Некага з тых, хто зьвязаны з Расеяй і заяўляе, што Пуціну трэба ў Гаагу, што Расея хворая на вялікадзяржаўны шавінізм», — дадаў Сяргей Кароткіх.
8 жніўня Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла аб затрыманьні «кілераў спэцслужбаў Расеі, якія плянавалі забойства міністра абароны, кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і ўкраінскага актывіста».
Пазьней пракуратура Ўкраіны ўдакладніла, што ўкраінскі актывіст — адзін з кіраўнікоў «Нацыянальнага корпусу», у мінулым камандзір выведнай роты полку ўкраінскага вайсковага падразьдзяленьня «Азоў» і дарадца аднаго зь міністраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школа КДБ, РНЕ, «Азоў». Хто такі Сяргей Кароткіх, які дапамагаў нябожчыку Віталю Шышову зь «Беларускага дому ва Ўкраіне»Сяргей Кароткіх спрычыніўся да стварэньня і дзейнасьці арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне», кіраўніка якога Віталя Шышова год таму знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самагубства ці забойства? Што вядома сьледзтву праз год пасьля гібелі Віталя Шышова ў Кіеве