Паводле СБУ, «кілеры» працавалі ў складзе дывэрсійна-выведнай групы, сфармаванай супрацоўнікамі вайсковай выведкі Расеі для падрыўной дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны.
У яе ўвайшоў жыхар акупаванага Луганску, які ваяваў у складзе незаконных узброеных груповак так званай «ЛНР». Як сьцьвярджае СБУ, ён «маскаваў маршруты перамяшчэньня, таму заехаў ва Ўкраіну праз тэрыторыю Беларусі». У СБУ сьцьвярджаюць, што ён прыбыў праз пункты пропуску Макраны (Беларусь) — Даманава (Украіна).
Разам зь ім затрымалі жыхара Кіева, які за 5 тысяч даляраў пагадзіўся «зьліквідаваць» украінскага вайскоўца, нібыта датычнага да фізычнай расправы над расейскімі ваеннапалоннымі.
Абодвух затрымалі ў горадзе Ковелі і ўручылі падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе, учыненай ва ўмовах ваеннага стану. У суд накіравалі хадайніцтва аб іхным арышце на час дасудовага расьсьледаваньня.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны ня раз заяўлялі, што на тэрыторыі Беларусі расейскія спэцслужбы рыхтуюць дывэрсійна-выведныя групы для перакідваньня на тэрыторыю Ўкраіны і ўзброеных правакацыяў у памежных з Украінай раёнах Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей.