7 прыярытэтных кірункаў паводле Сьвятланы Ціханоўскай:
- абарона незалежнасьці Беларусі і нацыянальных інтарэсаў краіны, а таксама спыненьне выкарыстаньня беларускай тэрыторыі для любой агрэсіі супраць трэціх краін;
- узмацненьне нацыянальнай ідэнтыфікацыі, падтрымка папулярызацыі беларускай мовы;
- узмацненьне ўнутранага і вонкавага ціску на рэжым, у тым ліку актывізацыя дзейнасьці для завядзеньня справаў у міжнародных судах за яго ўдзел у агрэсіі супраць Украіны і за злачынствы супраць беларусаў;
- дапамога незалежным сродкам масавай інфармацыі;
- дапамога беларусам у вырашэньні іхных праблемаў, а таксама сем’ям палітвязьняў;
- распрацоўка дарожнай карты пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі;
- рэарганізацыя руху для больш эфэктыўнай працы.
Таксама на канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасьці стварыць калектыўны орган для дасягненьня мэтаў новай Беларусі.
«Як бы мяне ні называлі — хатняй гаспадыняй, брытанскай каралевай, засланым агентам, гэта ні ў якім выпадку ня зьменіць жыцьцё майго суседа па пляцоўцы, і менавіта таму наша з вамі задача стварыць дзейнае аб’яднаньне, не дазволіць рэжыму, прапагандзе і асабістым абразам разьяднаць нас і даць апанэнтам нагоду для трыюмфу».
Паводле яе, кожнаму, хто будзе далучацца да супольнай працы, давядзецца ісьці на кампрамісы.
«Нам усім трэба будзе памятаць, што ў палітыцы не існуе паняцьця „мне не падабаецца“, ёсьць толькі паняцьце, ці дапаможа гэта людзям, перад якімі мы адказныя», — перакананая яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 нязручных пытаньняў да апазыцыі«Мы павінны стварыць калектыўны орган кіраўніцтва і ўхваленьня рашэньняў, і там маюць быць прафэсійныя, аўтарытэтныя і сьмелыя людзі. Там абавязкова мусяць быць людзі, якія адказваюць за бясьпеку, за эканоміку, за службу выведкі. Гэта вельмі складаныя задачы, і людзі, якія за іх возьмуцца, будуць рызыкаваць ня толькі сваёй рэпутацыяй, але і бясьпекай, як сваёй, гэтак і сваіх блізкіх, паколькі яны стануць вялікай праблемай для рэжыму», — дадала Ціханоўская.
«Досьвед апошніх двух гадоў навучыў мяне не спадзявацца на цуд. Калі нешта павінна быць зроблена, трэба браць і рабіць», — адзначыла яна.
Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што неабходна разам зрабіць усё, каб вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў, правесьці сумленныя і дэмакратычныя выбары, адстаяць незалежнасьць Беларусі і вывесьці з краіны замежныя войскі, адхіліць нелегітымны рэжым ад улады і забясьпечыць, каб у краіне працавалі дэмакратычныя інстытуты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дурні заўжды шукаюць ворагаў. Пра рацыянальнае стаўленьне да Ціханоўскай