Я не палітык, таму не прапаную рашэньняў. Але дазволю сабе сфармуляваць дзясятак пытаньняў, на якія палітыкам варта было б адказаць. Пытаньні гэтыя — ня толькі мае асабістыя, у той ці іншай форме яны гучалі і горача абмяркоўваліся ў грамадзтве апошнім часам.
1. У беларускай гісторыі паміж грамадзкімі ўздымамі, паўстаньнямі былі даволі працяглыя пэрыяды рэакцыі і грамадзкай апатыі. Так было пасьля паўстаньня 1831 году, пасьля паўстаньня 1863 году, у найноўшую эпоху — пасьля Плошчы-2010. Ці разьлічваеце вы на хуткі новы грамадзкі ўздым, і калі так, то чаму?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Контрарэвалюцыі: Ад паўстаньня Каліноўскага да Беларусі-20202. У 2020 годзе мэта скінуць Лукашэнку абʼядноўвала большасьць беларусаў. Ці ёсьць зараз пазытыўная праграма, якая б спадабалася большасьці? Ці мэта 2020 году здольная абʼяднаць большасьць і цяпер? Ці гэта наагул не абавязкова, а рашучая меншасьць можа і павінна накінуць большасьці свае каштоўнасьці і мэты?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рашучая меншасьць альбо падтрымка большасьці: дыскусія Астапені і Шрайбмана пра выбар апазыцыі3. У 2010-я гады ў інфармацыйнай прасторы Беларусі панаваў TUT.BY, у 2020 годзе быў выбух папулярнасьці тэлеграм-каналаў. Цяпер легальныя незалежныя СМІ разгромленыя, карыстаньне нелегальнымі ў многіх выклікае складанасьці і перасьцярогі, за гэта ёсьць юрыдычная адказнасьць. У выніку аўдыторыя альтэрнатыўных каналаў камунікацыі істотна зьнізілася. Ці ёсьць ідэі адбудовы новых каналаў данясеньня інфармацыі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму дасталася спадчына Tut.by? Тлумачэньне мэдыяэкспэрта праз год пасьля разгрому парталу4. У 2020 годзе пераважная большасьць палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, мэдыя пагаджаліся з тым, што пратэст мае быць мірны. Цяпер некаторыя называюць навукай 2020 году тое, што мірны пратэст ня можа перамагчы такую сыстэму, як цяпер у Беларусі. Між тым іншы, нямірны праект Шчыгельскага–Фядуты–Зянковіча–Кастусёва таксама ня меў вялікага плёну, мякка кажучы. Ці захоўваецца кансэнсус 2020 году на карысьць толькі мірных, негвалтоўных сродкаў барацьбы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фядута падчас допыту на судзе «аб змове з мэтай захопу ўлады»: арганізатарам быў Шчыгельскі, сувыканаўцам — Зянковіч5. Зараз многія апазыцыйныя палітычныя сілы дэкляруюць адназначна праэўрапейскі выбар. Аднак, паводле сацыялягічных апытаньняў, нягледзячы на агрэсію Расеі супраць Украіны (ці нават дзякуючы ёй), геапалітычны выбар большасьці беларусаў — не на карысьць Эўропы. На ваш погляд, нягледзячы на гэта, ці варта апазыцыйным сілам дэкляраваць выбар, якога трымаецца меншасьць?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўленьне беларусаў да дзеяньняў Расеі пагоршылася, да Расеі — не зьмянілася, — вынікі апытаньня6. Шматлікія сацыялягічныя апытаньні паказваюць вельмі высокую ступень палярызацыі ў беларускім грамадзтве, зацятыя прыхільнікі Лукашэнкі (якія складаюцца не адно з катаў ГУБАЗіКу) і зацятыя праціўнікі Лукашэнкі ненавідзяць адны адных, успрымаюць як сваіх ворагаў. Ці варта ставіць на мэце палагоджаньне гэтага расколу? Калі так, то якімі сродкамі гэтага можна дасягнуць?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Полюсы» беларускага грамадзтва татальна не прымаюць адзін аднаго — ацэнка сацыёляга7. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай — гэта яе апарат, інстытут яе памочнікаў і дарадцаў. Ці магчымае і ці мэтазгоднае стварэньне нейкага органу выпрацаваньня супольнай палітыкі з такіх палітыкаў, як Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка, Валер Цапкала, Зянон Пазьняк?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як памірыць апазыцыю? Дыскусія былых дыпляматаў Котава і Кавалеўскага8. У сакавіку Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская вылучылі ідэю, паводле якой Беларусь зараз акупаваная Расеяй. Аднак за 5 месяцаў гэтая ідэя ніякай міжнароднай падтрымкі на ўзроўні ўрадаў не атрымала. На чым грунтуюцца спадзяваньні, што атрымае ў будучыні? Ці дае яна палітычны плён і безь міжнароднай падтрымкі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тышкевіч: ці акупаваная Беларусь, што можа Лукашэнка, калі беларуская армія нападзе на Ўкраіну9. Наколькі мэтазгодным бачыцца стварэньне ўраду ў выгнаньні і абвяшчэньне Ціханоўскай прэзыдэнткаю? Якія шанцы на міжнароднае прызнаньне гэтых крокаў, ці былі наконт гэтага кансультацыі з урадамі заходніх дзяржаваў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азірніцеся на папярэднікаў! Пра што варта памятаць, ствараючы новы «ўрад у выгнаньні»10. Ёсьць досьвед некалькіх хваляў масавай эміграцыі зь Беларусі. Пры гэтым у мінулым беларуская дыяспара не адыгрывала значнай ролі ўва ўнутрыпалітычным жыцьці мэтраполіі. Якія ёсьць шляхі павелічэньня грамадзкай і палітычнай ролі беларускай дыяспары?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.