Сьцісла
- Магчымасьць вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь выкарыстоўваецца Лукашэнкам як пагроза, якая мацнейшая за яе выкананьне.
- Першапачаткова ўмовай такога кроку называлася гіпатэтычнае разьмяшчэньне ў краінах, суседніх зь Беларусьсю, амэрыканскай ядзернай зброі.
- Потым рабіліся намёкі на тое, што ўмовы могуць быць і іншыя.
- Захад лічыць, што такімі заявамі Лукашэнка агучвае пляны Пуціна.
- Пасьля заяваў пра магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі Лукашэнка для сусьветных мэдыя — гэткі Кім Чэн Ын-light
- Расейцаў заявы Лукашэнкі пра ядзерную зброю павінны пераканаць у яго абсалютнай ляяльнасьці Расеі.
- Насамрэч у рэальным разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі не зацікаўленыя ані Лукашэнка, ані Крэмль.
Беларусь ня мае намеру адмаўляцца ад бязьядзернага статусу, заявіў начальнік аддзелу міжнароднай бясьпекі і кантролю над узбраеньнямі галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС Васіль Паўлаў 3 жніўня ў ААН на канфэрэнцыі па разглядзе дзеяньня Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі (ДНЯЗ). «Усе інсынуацыі наконт зьмяненьня бязьядзернага статусу Беларусі, роўна як і ў дачыненьні да невыкананьня абавязаньняў па ДНЯЗ, беспадстаўныя» — патлумачыў дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заявіла ў ААН, што не зьбіраецца адмаўляцца ад бязьядзернага статусу, хоць у Канстытуцыі зьнікла згадка пра гэтаСловы беларускіх ўрадоўцаў, у тым ліку і дыпляматаў, не заўсёды варта прымаць за чыстую манэту. У лютым сёлета міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заяўляў, што расейскія войскі, якія прыехалі ў Беларусь на вучэньні, пакінуць краіну па іх завяршэньні ў заплянаваныя тэрміны. Аляксандар Лукашэнка гадамі заяўляў, што зь Беларусі ва Ўкраіну могуць паехаць толькі трактары. 24 лютага стала зразумелая цана іх словаў.
Варта нагадаць храналёгію заяваў наконт магчымасьці разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі.
30 лістапада 2021 году
Кіраўнік інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Дзьмітры Кісялёў падчас інтэрвію пытаецца ў Лукашэнкі, якім будзе адказ на магчымае разьмяшчэньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Польшчы. Лукашэнка адказвае: «Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь... Мы дамовімся якую. Тую зброю, якая будзе найбольш эфэктыўнай. Усе хлявы для гэтага як дбайны гаспадар я захаваў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, пры якой умове папросіць Пуціна разьмяціць у Беларусі ядзерную зброю18 сьнежня 2021 году
Кіраўнік беларускага МЗС Макей у інтэрвію тэлеканалу RT Arabic тлумачыць словы Лукашэнкі: «Тое, пра што заявіў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, што мы разглядаем магчымасьць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернага ўзбраеньня, — гэта адзін з магчымых адказаў на будучыя магчымыя дзеяньні з боку Паўночнаатлянтычнага альянсу на тэрыторыі Польшчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Беларусь гатовая разьмясьціць у сябе ядзерную зброю пры пагрозе з боку NATOВарта адзначыць, што Макей не казаў, што ядзерную зброю ў Беларусі мяркуюць разьмясьціць толькі і выключна ў адказ на яе разьмяшчэньне ў Польшчы.
17 лютага 2022 году
Падчас беларуска-расейскіх вучэньняў, якія 24 лютага перарасьлі ў уварваньне ва Ўкраіну, Лукашэнка заяўляе : «Пры неабходнасьці, калі такія бязглуздыя, дурныя крокі зробяць нашы праціўнікі і супернікі, мы разьмесьцім ня толькі ядзерную зброю, але яшчэ і звыш'ядзерную, пэрспэктыўную, для таго каб абараніць сваю тэрыторыю». Але калі для Беларусі ня будзе ніякіх пагрозаў з боку «недружалюбных краін», то ядзерная зброя тут «сто гадоў не патрэбная», патлумачыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: ядзерную зброю разьмесьцяць у Беларусі толькі ў выпадку пагрозаў з боку ЗахадуНагодай для развагаў наконт разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Польшчы былі ў лістападзе 2021 году дыскусіі пры фармаваньні новага ўраду Нямеччыны. «Зялёныя» былі супраць захаваньня амэрыканскай ядзернай зброі ў Нямеччыне. Свае пярэчаньні «Зялёныя» зьнялі, амэрыканская ядзерная зброя ў Нямеччыне засталася, аб разьмяшчэньні яе ў новых краінах ніхто ў NATO больш размоваў ня вёў.
Тым ня менш у лютым 2022 году Лукашэнка вярнуўся да тэмы, прычым у шырэйшым кантэксьце. «Бязглуздымі і дурнымі» афіцыйны Менск лічыць ці ня ўсе крокі заходніх краінаў. Ці толькі на пэўныя зь іх адказам можа быць разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі? Калі ня будзе ніякіх пагрозаў, ядзерная зброя ў Беларусі ня будзе разьмешчаная, — сказаў Лукашэнка. А калі пагрозы (ці тое, што ўспрымаецца як пагрозы) будуць, нават няядзерныя, — то будзе разьмешчаная ці не? На гэта адказу не было.
26 лютага 2022 году
Адбываецца тэлефонная гутарка паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.
«Прэзыдэнт Рэспублікі настойваў на адмове ад магчымага дазволу Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі», — гаварылася ў францускім камюніке па выніках перамоваў.
Сам Лукашэнка на наступны дзень расказаў, што сказаў Макрону, што калі Захад разьмесьціць такую зброю паблізу межаў краіны, то і ён разгледзіць пытаньне і зьвернецца да кіраўніцтва Расеі, каб такая зброя, у свой час выведзеная зь Беларусі, была вернутая назад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка патлумачыў, што сказаў Макрону пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброіАфіцыйныя крыніцы цытавалі і такія словы Лукашэнкі, сказаныя Макрону: «Калі народ Беларусі ня будуць душыць, ня толькі пра ядзерную — і пра звычайную зброю гаворкі быць ня можа».
Яны ж паведамлялі, што зьвесткі пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернага ўзбраеньня Лукашэнка ў размове назваў «фэйкам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўнае агенцтва БелТА дало сваю вэрсію тэлефоннай размовы Лукашэнкі і прэзыдэнта Францыі МакронаНу, наконт звычайнай зброі — гэта былі пэрлы рыторыкі. На той момант пра канвэнцыйную расейскую зброю ў Беларусі «гаворка была», яна ў краіне прысутнічала, і ў вялікай колькасьці, і менавіта зь яе вяліся масаваныя абстрэлы Ўкраіны.
Але што тычыцца ўласна ядзернай зброі, то навідавоку розныя пазыцыі. Макрон настойваў на безумоўным, незалежным ад крокаў Захаду, бязьядзерным статусе Беларусі. Лукашэнка быў гатовы абяцаць гэта толькі ўмоўна. Прычым умовы фармуляваліся па-рознаму: і як адмова Захаду ад разьмяшчэньня ядзернай зброі ў суседніх краінах, і як адмова ад «душэньня» беларускага народу — «калі ня будуць душыць». Дык «душэньнем» пры жаданьні можна палічыць усё што заўгодна — і санкцыі, і разьмяшчэньне саюзьніцкіх кантынгэнтаў NATO, скажам, у Польшчы, і нават павелічэньне ўласна польскага войска ці фінансаваньне «Белсату».
І на фоне такой няпэўнасьці даволі камічна прагучала заява пра «фэйкі». Заявы Лукашэнкі ад 30.11.21 і 17.02.22 хіба былі фэйкамі?
27 лютага 2022 году
У Беларусі праводзіцца канстытуцыйны рэфэрэндум, у новым праекце Канстытуцыі зьнікае фармулёўка: «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай».
Фармальна кажучы, і імкненьне быць бязьядзернай зонай не азначае гарантаванага бязьядзернага статусу, і наадварот — адсутнасьць канстатацыі таго імкненьня не азначае гатоўнасьці разьмясьціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. Але пэўны, хай і сымбалічны, крок у бок магчымасьці яе разьмяшчэньня гэтая зьмена Канстытуцыі абазначае.
18 сакавіка 2022 году
У інтэрвію японскаму тэлеканалу TBS Лукашэнка зноў тлумачыць сваю пазыцыю: «Калі амэрыканцы, Францыя, Брытанія разьмесьцяць ядзерную зброю ў непасрэднай блізкасьці да Беларусі, дапусьцім, у Польшчы, Літве, ці той жа Ўкраіне, то я запатрабую ад Пуціна вярнуць нам тую ядзерную зброю, якую мы калісьці вярнулі Расеі. Канстытуцыя, і ранейшая, і цяперашняя, да гэтага ня маюць ніякага дачыненьня, бо па старой нашай Канстытуцыі мне ніхто не перашкаджаў вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь, гэтак і гэтая».
У гэтым жа інтэрвію ён таксама сказаў: «Я не пляную разьмяшчаць тут ядзерную зброю, вырабляць тут ядзерную зброю, ствараць, або выкарыстоўваць гэтую ядзерную зброю супраць каго б там ні было. Такога ніколі не было ў плянах беларускага кіраўніцтва». І зноў было заяўлена, што паведамленьні пра падобныя пляны — «выдумка Захаду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што не зьбіраецца разьмяшчаць ядзерную зброю ў БеларусіНу якая ж выдумка, як жа ніколі не было ў плянах? Плян, які мяркуецца рэалізаваць пры пэўных умовах, — гэта ўсё роўна плян. І пра такі плян пры пэўных умовах Лукашэнка казаў і ў інтэрвію Кісялёву ў 2021 годзе, і ў заяве 17 лютага сёлета, і ў гутарцы з Макронам, і нават у самім гэтым інтэрвію TBS. Хіба што ў інтэрвію японскай тэлевізіі ён ізноў вярнуўся да першапачатковай фармулёўкі ўмоваў — «бязглуздыя крокі» Захаду і «душэньне» беларускага народу ў якасьці ўмоваў ужо не фігуравалі.
25 чэрвеня 2022 году
На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады «вельмі непакояць пытаньні трэніровачных палётаў ЗША, і самалётаў натаўскіх, якія трэніруюцца несьці ядзерныя боегалоўкі і ядзерныя зарады».
«Таму я прашу вас разгледзець пытаньне „люстранога адказу“ на гэтыя рэчы, безь перабору, — сказаў ён. — Яны трэніруюцца несьці ядзерныя боегалоўкі, вы, калі ласка, дапамажыце нам хаця б прыстасаваць самалёты нашы, якія ў нас ёсьць (Су-35, па-мойму, так), якія могуць несьці ядзерныя зарады. Я не кажу пра тое, што заўтра вы перавезяце туды ядзерныя боепрыпасы, але жартаваць нам нельга».
У адказ Пуцін паабяцаў даць Беларусі комплексы «Іскандэр-М» і мадэрнізаваць самалёты, якія стаяць на ўзбраеньні беларускай арміі. Пуцін патлумачыў, што гэтыя комплексы могуць страляць ядзернымі ракетамі, змогуць іх несьці і самалёты пасьля мадэрнізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея «ў найбліжэйшыя месяцы» перадасьць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М»27 чэрвеня 2022 году
Лідэры «вялікай сямёркі» (G7) выказалі «сур’ёзную заклапочанасьць пасьля заявы Расеі аб тым, што яна можа перадаць Беларусі ракеты зь ядзерным патэнцыялам».
28 чэрвеня 2022 году
Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што падчас сустрэчы з Лукашэнкам прэзыдэнт Расеі не казаў пра перадачу Беларусі ракет зь ядзернай зброяй. Паводле Пяскова, гаворка ішла пра комплексы, якія тэхнічна здольныя несьці розныя віды зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль: Пуцін не абяцаў Лукашэнку перадаць ракеты зь ядзернай зброяй21 ліпеня 2022 году
Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву AFP заявіў: «Нам ядзерная зброя непатрэбная. Нам дастаткова, што ядзерная зброя ёсьць у Расеі. Калі трэба, Расея па дамове будзе абараняць Беларусь, як сваю тэрыторыю».
Што вынікае з гэтага шэрагу заяваў? Так выглядае, што магчымасьць вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь выкарыстоўваецца Лукашэнкам як пагроза, якая мацнейшая за яе выкананьне. Першапачатковая ўмова такога разьмяшчэньня, якая і адпачатку была ня вельмі актуальнай, а цяпер стала здабыткам гісторыі, раз за разам прыгадваецца. Прычым час ад часу робяцца няпэўныя намёкі на тое, што ўмовы могуць быць і іншыя. Гэта прагучала і ў леташняй заяве Макея, і ў сёлетняй лютаўскай заяве Лукашэнкі, і ў яго гутарцы з Макронам.
Ну, і просьба да Пуціна даць носьбіты ядзернай зброі (праўда, не саму зброю) — таксама своеасаблівы ціск няпэўнасьцю. Гэта крок ці нават паўкрока да ўласна разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі, але не яно само.
Наколькі моцна гэтыя пагрозы ўзьдзейнічаюць на Захад — пытаньне складанае. Відавочна, што Захад бачыць за гэтым гульню Крамля, лічыць, што гэта Пуцін так палохае Захад пэрспэктывай распаўзаньня расейскай ядзернай зброі. Але вось патэлефанаваў жа Макрон Лукашэнку, пагаварыў і пра ядзерную зброю таксама, заклікаў да нечага наконт гэтага. Надта станоўчым вынікам гэта не назавеш, але чым багатыя...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя запусьціла самую магутную ракету з 2017 годуВось замежныя журналісты дагэтуль пытаюцца ў Лукашэнкі пра яго ядзерныя пляны. І ён кожны раз тлумачыцца, пакідаючы пры гэтым некаторую няпэўнасьць. Якое-ніякае, а прызнаньне. Кім Чэн Ын дык палохае сьвет нават самой сваёй ядзернай зброяй. А Лукашэнка — пагрозай увесьці расейскую. І аказваецца гэткім Кімам-light, мэдыйнай зоркай.
Да таго ж гэта яшчэ адзін жэст ляяльнасьці Расеі. Пуціну гэта, можа, вялікай прыемнасьці і не дастаўляе, ня выключана, што на яго прапанову ўсе гэтыя заявы і рабіліся, але для расейскай публікі, для элітаў як гэта выглядае? Лукашэнка — такі верны саюзьнік, што нават ядзерную зброю гатовы ў сябе разьмясьціць, апошняе гатовы аддаць расейскім братам. Дык, можа, і «браты» што добрае Лукашэнку дадуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея можа ўвесьці ядзерную зброю ў Беларусь і пагражаць Украіне. Удар у адказ будзе па Беларусі», — прагноз палітоляга СівіцкагаПраўда, сам Крэмль у адказ на даволі туманныя заявы Лукашэнкі наконт ядзернай зброі напускае яшчэ большага туману. На леташнія яго сэнсацыйныя прамовы ў Крамлі сказалі, што варыянты адказу на дзеяньні Захаду разглядаюцца розныя, сёлета ў чэрвені патлумачылі, што разьмяшчаць у Беларусі ядзерную зброю не зьбіраюцца.
Ну, і нарэшце — пэўнае паўтарэньне вядомага анэкдоту. Чалавек ідзе па вуліцы і пляскае ў ладкі. — Навошта вы гэта робіце? — Разганяю кракадзілаў. — Дык іх жа няма? — Таму і няма, што разганяю.
Папярэдзіў Лукашэнка Захад — і вось бачыце, ніякай ядзернай зброі (кракадзілаў) ані ў Польшчы, ані ў Літве няма. Украіне зброю даюць, канвэнцыйнымі сродкамі ўсходні флянг NATO ўмацоўваюць, але ядзерны патэнцыял на ўсход не распаўсюджваюць. Пэўна, таму, што баяцца Лукашэнкі, ён жа такі магутны.
З усяго гэтага наскрабаецца ў выніку няшмат. Але сёе-тое. Што да рэальнага разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ніякага дачыненьня ня мае.
Бо насамрэч вялікай патрэбы ў гэтым няма ані ў Расеі, ані ў Лукашэнкі. Ракеты даляцяць і з расейскай тэрыторыі, калі палічаць патрэбным іх ужыць. Парушэньне міжнародных правілаў, у ядзернай сфэры асабліва, — гэта двугострая і рызыкоўная справа. А наяўнасьць у Беларусі расейскай ядзернай зброі, якой расейцы ж кіраваць і будуць, яшчэ больш абмяжуе як сувэрэнітэт Беларусі, гэтак і самастойнасьць Лукашэнкі, ад якіх і так няшмат што засталося.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.