Урад Чарнагорыі падпісаў пагадненьне з Сэрбскай праваслаўнай царквой. Празаходнія партыі пратэстуюць

Пратэст чарнагорцаў супраць пагадненьня з Сэрбскай праваслаўнай царквой, Падгорыца, 3 жніўня 2022

Урад Чарнагорыі падпісаў пагадненьне, якое рэгулюе адносіны з Сэрбскай праваслаўнай царквой, нягледзячы на ​​крытыку з боку праэўрапейскіх палітычных сілаў, сьцьвярджаючы, што пагадненьне дапаможа «вылечыць» глыбокія ўнутраныя рознагалосьсі.

Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Дрытан Абазавіч і патрыярх Сэрбскай праваслаўнай царквы Парфірый падпісалі так званае Асноўнае пагадненьне 3 жніўня без прысутнасьці СМІ і без папярэдняй абвесткі ў Віле Горыца, — урадавым будынку, які быў ачэплены сіламі бясьпекі, бо дзясяткі пратэстоўцаў сабраліся побач.

Падпісаньне пагадненьня зазнала неадкладную крытыку з боку праваабаронцаў і празаходніх палітычных партый, у тым ліку Дэмакратычнай партыі сацыялістаў (ДПС) прэзыдэнта Міла Джуканавіча. Гэтыя сілы заявілі, што дакумэнт дае сэрбскай царкве занадта шмат паўнамоцтваў у параўнаньні зь іншымі рэлігійнымі суполкамі дзяржавы.

ДПС, якая зьяўляецца кааліцыйным партнэрам Абазавіча, заявіла, што ўнясе парлямэнцкі вотум недаверу ягонаму ўраду ў сувязі з гэтым пагадненьнем. Джуканавіч выступае за аўтакефалію Чарнагорскай праваслаўнай царквы.

«Падпісанае сёньня пагадненьне, якое супярэчыць канстытуцыі Чарнагорыі, будзе прыпынена адразу пасьля выбраньня новага ўраду», — гаворыцца ў заяве ДПС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрбская праваслаўная царква прызнала аўтакефалію Македонскай праваслаўнай царквы

Пагадненьне рэгулюе адносіны паміж Сэрбскай праваслаўнай царквой, найбуйнейшай царквой у Чарнагорыі, у тым ліку права ўласнасьці на нерухомую маёмасьць, і дзяржавай Чарнагорыя.

Абазавіч заявіў, што пагадненьне, зацьверджанае яго ўрадам у мінулым месяцы, было ключавым для прымірэньня паміж кансэрватарамі, якія выступаюць за больш цесныя сувязі з Сэрбіяй і Расеяй, і праэўрапейскімі партыямі.

«Мне шкада, што гэтая дамова не была рэалізавана раней, але гэты ўрад поўны рашучасьці даць аднолькавыя правы ўсім рэлігійным суполкам», — сказаў ён пасьля цырымоніі падпісаньня.

Прарасейскі і прасэрбскі «Дэмакратычны фронт» вітаў падпісаньне дамовы як вынік іх палітычнай барацьбы за правы сэрбаў і Сэрбскай праваслаўнай царквы ў Чарнагорыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнагорыі працягваюцца жорсткія сутыкненьні паліцыі з пратэстоўцамі

Палітыка Чарнагорыі доўгі час адзначаецца рознагалосьсямі паміж тымі, хто лічыць сябе чарнагорцам, і сэрбамі, якія схіляюцца да Масквы і выступалі супраць незалежнасьці маленькай адрыятычнай рэспублікі ад былога дзяржаўнага саюзу з Сэрбіяй, таксама яны выступалі супраць яе членства ў NATO.

Чарнагорыя аддзялілася ад Сэрбіі ў 2006 годзе, але яе царква засталася ў падпарадкаваньні Сэрбскай праваслаўнай царквы. Пратэстоўцы лічаць гэтую царкву важкім фактарам уплыву Бялграду і Масквы на палітыку Чарнагорыі, а таму выступаюць супраць яе шырокіх правоў.

Калі ў красавіку Абазавіч фармаваў свой урад меншасьці, які ўключае як праэўрапейскія, так і прасэрбскія партыі, ён заявіў, што галоўнай мэтай будзе разблякаваць доўга адкладаныя рэформы, якія перашкаджалі намаганьням Чарнагорыі далучыцца да Эўразьвязу, нягледзячы на тое, што яна пачала перамовы аб уступленьні 10 гадоў таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Чарнагорыі забаранілі вяшчаньне Russia Today і Sputnik