Чарнагорскія незалежнікі расцэньваюць прызначэньне Бялградам свайго мітрапаліта як спробу Сэрбскай праваслаўнай царквы пашырыць уплыў у краіне і ў далейшым вярнуць Чарнагорыю пад кантроль Сэрбіі.
«Мы стаім на барыкадах, таму што нам надакучыла, што Бялград адмаўляе існаваньне нашага сувэрэннага народу і дыктуе нам, якія ў нас ёсьць рэлігійныя правы», — сказала Reuters пратэстоўка Анджэла Іванавіч.
Пратэстоўцаў падтрымлівае прэзыдэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч. Ён заклікаў іх сарваць інаўгурацыю Анікея II на вышэйшы духоўны пост і не дапусьціць, каб ён стаў мітрапалітам Чарнагорыі. Да выбараў ён ініцыяваў закон, які дазваляе дзяржаве прэтэндаваць на царкоўную ўласнасьць.
У суботу сотні пратэстоўцаў усталявалі барыкады, каб заблякаваць дарогу да манастыра ў горадзе Цэтыне, па якой новы мітрапаліт Анікей павінен быў дабірацца да манастыра. У выніку яго даставілі на цырымонію на верталёце.
Прасэрбскі прэм’ер-міністар Здраўка Крывакапіч назваў пратэсты «тэрарыстычнымі актамі». У сталіцы Падгорыцы тысячы людзей сабраліся, каб вітаць сэрбскага патрыярха.
- Паводле апошняга перапісу насельніцтва, каля траціны чарнагорцаў — 630 тысяч чалавек — ідэнтыфікуюць сябе як этнічных сэрбаў.
- Чарнагорыя абвясьціла сябе незалежнай ад Сэрбіі краінай у 2006 годзе, але яе царква застаецца ў падпарадкаваньні Сэрбскай праваслаўнай царквы.