Эўразьвяз забараніў Russia Today і Sputnik у сакавіку. Брусэль тады сказаў, што гэтыя два выданьні сыстэматычна маніпулявалі інфармацыяй і займаліся дэзынфармацыяй вакол уварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.
Санкцыі значаць, што мясцовым апэратарам будзе забаронена трансьляваць і распаўсюджваць любы кантэнт RT і Sputnik. Забарона тычыцца, сярод іншага, выкарыстаньня матэрыялаў СМІ мясцовымі апэратарамі сувязі і інтэрнет-правайдэрамі.
Агенцтва Reuters зьвяртае ўвагу, што ў Чарнагорыі пражывае шмат этнічных сэрбаў, многія зь якіх прытрымліваюцца прарасейскіх поглядаў. Пры гэтым большасьць чарнагорцаў бачаць будучыню краіны ў Эўразьвязе.
Эканоміка Чарнагорыі моцна залежыць ад турызму — краіну актыўна наведвалі расейскія і ўкраінскія турысты. Многія расейцы маюць у краіне нерухомасьць і яхты.
Сувязі паміж Чарнагорыяй і Расеяй застаюцца складанымі на працягу некалькіх гадоў. У 2014 годзе Чарнагорыя далучылася да санкцый супраць Расеі ўсьлед за анэксіяй Масквой Крыму.
У 2016 годзе Падгорыца абвінаваціла Маскву ў садзеяньні спробе дзяржаўнага перавароту ў краіне, які, на думку экспэртаў, меў на мэце перашкодзіць Чарнагорыі ўступіць у NATO.
На фоне баявых дзеяньняў Расеі з Украінай Чарнагорыя ў сакавіку выслала расейскага дыплямата. Масква ў адказ выслала чарнагорскага дыплямата.