Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны апублікавала сьпіс расейскіх тапонімаў, рэкамэндаваных да перайменаваньня ў першую чаргу. У пералік увайшлі дзесяць найбольш распаўсюджаных ва ўкраінскай тапаніміцы прозьвішчаў расейскіх дзеячоў.
Перш за ўсё Мінкульт Украіны прапануе перайменаваць гарадзкія аб’екты, названыя ў гонар касманаўтаў Юрыя Гагарына і Ўладзіміра Камарова, палкаводца Аляксандра Суворава і Героя Савецкага Саюзу Аляксандра Матросава, лётчыка Валерыя Чкалава, вучонага Івана Мічурына, а таксама паэтаў і пісьменьнікаў Аляксандра Пушкіна, Максіма Горкага і Ўладзіміра Маякоўскага.
На думку аўтараў пераліку, жыцьцё і дзейнасьць гэтых людзей, «па вялікім рахунку, ня мае дачыненьня да Ўкраіны, яе гісторыі, навукі, культуры». Мінкульт рэкамэндаваў замяніць усе падобныя тапонімы, каб мінімізаваць уплыў савецка-расейскіх наратываў на сьветапогляд украінцаў і «аднавіць гісторыка-нацыянальную ўкраінскую тапаніміку».
- У рамках дэкамунізацыі, якая пачалася ва Ўкраіне ў 2015 годзе, былі перайменаваныя 52 тысячы вуліц, 987 населеных пунктаў, якія насілі імёны партыйных і дзяржаўных дзеячоў часоў СССР. Акрамя таго, былі дэмантаваныя ўсе вядомыя помнікі Ўладзіміру Леніну.