Назвы вуліцаў — адна з самых красамоўных формаў культуры, яны непазьбежна навідавоку. Раз-пораз іх тэма ўсплывае ў мэдыях і грамадзкіх дыскусіях. У розных канцах краіны ўзьнікаюць ініцыятывы, каб вяртаць гістарычныя назвы ў цэнтрах гарадоў або ўсталёўваць мэмарыяльныя табліцы зь пералікам колішніх назваў вуліцаў. Навукоўцы старанна вывучаюць паходжаньне гэтых назваў. У рэаліях сучаснай Беларусі тапаніміка ўключаецца і ў сфэру грамадзка-палітычную. Як узьнікалі і мяняліся назвы вуліцаў у гарадах і мястэчках Беларусі ў гістарычным мінулым? Хто і паводле якой лёгікі называў іх? На якой мове? Шукаем адказу на гэтыя пытаньні з гісторыкам архітэктуры, культуролягам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.
Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, дык калі ж у Беларусі ўзьніклі назвы вуліцаў і навошта яны спатрэбіліся?
Сяргей Харэўскі: Натуральна, найстаражытнейшыя назвы ўзьніклі яшчэ ў старажытным Полацку. Пра гэта ёсьць цікавыя артыкулы полацкай дасьледчыцы Славіны Гаўрылавай. Самыя старажытныя ўрбанонімы там зафіксаваныя ў дакумэнтах, якія датуюцца XIV стагодзьдзем. На той час найчасьцей сустракаліся тапонімы апавядальнага, апісальнага характару, кшталту:
«...и взяли есьмо тоть манастыръ святого Николы на Лучне...»
або
«..дал есми великаму Иоану Предтечи у Остров сеножатку между дорогами Бобыницкою а Воронацкую верьх Савина ручья...».
Да канца XIV стагодзьдзя адносіцца пісьмовая згадка пра першы полацкі, як сьцьвярджае Славіна Гаўрылава, гадонім — назву вуліцы:
«...близко Богоявления Сьвятого на Богородицкой улице...».
А ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя гаданімія Полацку ўключала ўжо сама меней шэсьць адзінак, якія трывала ўвайшлі ў агульны ўжытак: вядомыя былі чатыры вуліцы — Вялікая, Падольная, Ільлінская, Пятніцкая — і два завулкі — Андронаў і Ўзьнясенскі.
— А што да іншых гарадоў? Як гучалі назвы першых вуліцаў там?
— Масавай зьяваю найменьні вуліцаў сталі ў XVI стагодзьдзі, у часы росквіту нашых гарадоў, дзякуючы і магдэбурскаму праву. Ня толькі рэзка вырасьлі аб’ём і якасьць матэрыяльнай і духоўнай культуры, але й вельмі ўскладніліся сацыяльныя і палітычныя, маёмасныя адносіны ўнутры саміх гарадоў. Паўстала патрэба дакладна фіксаваць адрасы. Адно з найстарэйшых — апісаньне Дзятлава за 1580 год, дзе пазначаны двор Зьдзеньцельскі ды пяць вуліцаў: Гальшанская, Дворная, Дубатоўкаў, Памарайка і Саменная. А інвэнтар Смалявічаў, на сто гадоў пазьней, называе нам вуліцы: Мінскую, Царкоўную, Дворную і Барысаўскую. А ў мястэчку Багуслаў (цяперашняе Жодзіна) называюцца вуліцы: Мінская, Жодзінская, Барысаўская, Смалявіцкая і Мезавая.
— Насамрэч, вельмі калярытныя назвы ў Дзятлаве. А як яны ўтвараліся? Ці была пачаткова нейкая лёгіка?
— Натуральна, была. Гальшанская — вяла ў Гальшаны, Барысаўская — у Барысаў, а Дворская ці Дворная — да панскага двара. І гэты, першы пэрыяд вызначаўся натуральнасьцю і рацыянальнасьцю: ад складанай апісальнай формы («вуліца ад Рынку да ракі») пераходзілі да простай указальнай (Рынкавая вуліца).
Назвы вуліцаў паказвалі на населеныя пункты, у напрамку якіх вялі: напрыклад, Віленская, Азёрская, Верцяліская ў Горадні; або гэтаксама — Віленская, Вялікая Барысаўская, Койданаўская ў Менску.
Гэтак, да прыкладу, у Клецку, паводле інвэнтару 1552 году, нам вядомыя вуліцы Віленская, Нясьвіская, Пінская ды плошча Рынак. У 1560 годзе ў мястэчку Бершты, паводле тагачаснага інвэнтару, было шэсьць вуліцаў, але ў дакумэнце фіксуюцца толькі дзьве назвы: Навадворская і Рудзкая. У Іўі, адпаведна інвэнтару 1561 году, згадваюцца назвы вуліцаў — Віленская, Наваградзкая. У інвэнтары 1569 году згадваюцца ў Ашмянах — цэнтры староства — рынак і вуліцы Гальшанская, Папярэчная, Сьвятадухаўская (вяла да вёскі Сьвяты Дух), Віленская ды Жупранская.
Большасьць урбанонімаў паказвала на важныя для гараджанаў аб’екты, якія былі на іх. Тыповымі па ўсёй Беларусі былі назвы — Замкавая, Моставая, Царкоўная, Рынкавая або проста Рынак, у Менску былі яшчэ Зборавая (заходняя частка цяперашняй Інтэрнацыянальнай) і Школьная (дзе месьціўся комплекс габрэйскіх школаў-бажніцаў).
Некаторыя назвы вуліцаў лягічна прывязваліся да краявіду — Курганная і Падгорная ў Горадні; Завальная і Зыбіцкая ў Менску.
Шмат было назваў вуліцаў паводле заняткаў жыхароў: Басьняцкая, Залатарская, Ганчарная, Рэзьніцкая, Рымарская. У розных гарадах сустракаліся такія назвы, як Вялікая, Шырокая, Крывая, Новая.
— Таксама ж у гарадах і мястэчках даваліся назвы вуліцам і паводле народнасьцяў, прадстаўнікі якіх кампактна пражывалі там. Гэта так?
— Так. Найбольш тыповая гістарычная назва — Жыдоўская, або Габрэйская вуліца. Былі і Ляхаўскія, Нямецкія, Рускія. У інвэнтары Іўя 1598 году пазначаная Татарская вуліца, хоць на той час, пасьля вялікага пажару, усе татарскія дамы былі зьнішчаныя, адзіная мусульманская сядзіба Магмэта Ардынца месьцілася на вуліцы Крывой. У Менску такія былі Вялікая Татарская (сёньня немаведама ўжо чаму — Дзімітрава), Нямецкая (цяпер — Лібкнехта). У Горадні — Цесная Жыдоўская, Стары Нямецкі рынак.
Яскравы прыклад — назва вуліцы Валоцкай у Менску, што пачаткова гучала як Валоская, то бок Італьянская, паводле гістарычнай моўнай традыцыі. Але назоў Валоцкая стаў падставаю для рамантычнай вэрсіі пра нібы Валокі Полацкія ў раёне сёньняшняй Інтэрнацыянальнай вуліцы сталіцы.
— А на якой мове даваліся назвы вуліцаў і пляцаў у даўнія часы?
— Да другой траціны XVII стагодзьдзя інвэнтары складаліся на старабеларускай мове, затым на старапольскай, а ў ХІХ стагодзьдзі ўжо па-расейску. У выніку напісаньне многіх назваў вуліцаў, пляцаў, тэрыторыяў паселішчаў шматкроць скажалася. Шматкроць перапісаныя назвы, кшталту Панасаўская, Апанасаўская, Афанасьеўская, прымушаюць усумніцца ў першапачатковым гучаньні назвы вуліцы. Тое самае тычыцца й характэрных назваў вуліцаў кшталту Могілкавая, Цмэнтажна, Цьвінтарная або Кладбішчанская. Тарговы пляц або Рынкавая плошча? І, урэшце, Зборавая ці Саборная? Калі гістарычныя назвы, што былі напісаныя ад рукі лацінкаю на тутэйшай пальшчызьне, перакладаюцца на сучасныя беларускую або расейскую мовы, такія пераклады могуць быць памылковымі.
— Вы закранулі праблему русыфікацыі, натуральнай для каляніяльнага пэрыяду ХІХ стагодзьдзя. А наколькі за царскім часам тыя перайменаваньні былі палітычна матываванымі? Ці не тады ў Беларусі пачаўся працэс ідэалягізацыі ўрбанімічнай прасторы?
— Да 1830-х гадоў, нават за расейскімі царамі, назвы вуліцаў і пляцаў захоўвалі сваю гістарычнасьць, натуральнасьць. Рэзкая палітызацыя пачалася пасьля паўстаньня 1831 году. Пасьля ліквідацыі Уніі, а найбольш пасьля паўстаньня 1863 году, пачалося радыкальнае і сыстэмнае ўмяшаньне расейшчыны ў тутэйшую ўрбананіміку.
Перадусім пад перайменаваньне падпалі цалкам усе вуліцы са «старапольскім», каталіцкім характарам. Гэтак, напрыклад, у Горадні вуліца Дамініканская была перайменаваная ў Саборную, Брыгіцкая — у Купецкую, Баніфратэрская — раптам у Татарскую.
У Менску старажытная вуліца Бэрнардзінская стала Манастырскай, яшчэ старэйшая Валоцкая — Хрышчэнскай (цяпер — частка Інтэрнацыянальнай), Дамініканская — Петрапаўлаўскай (Энгельса). Старажытная Зборавая, якой не краналі 300 гадоў (!), стала Турэмнай, Фэліцыянаўская — у гонар сьвятога патрона гораду — стала Багадзельнай (цяпер гэта Камсамольская), фэшэнэбэльная Францішканская — Губернатарскай, і г.д.
У Наваградку Базыльянскую вуліцу перайменавалі ў Барысаглебскі завулак, Дамініканскую — у Міхайлаўскую.
І так па ўсёй краіне, ад Полацку да Берасьця. Выкалупвалі, выдзіралі з памяці і гарадзкой прасторы ўсё, што магло нагадваць пра нашу мінуўшчыну.
— Але, як я разумею, за расейскім часам, у ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, беларускія гарады і моцна вырасьлі. Якая была тады лёгіка надаваньня назваў новым вуліцам?
— Пасьля напалеонаўскай вайны 1812 году, калі край быў татальна разбураны, ад сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя пачынаецца імклівы дэмаграфічны рост. Пачалі расьці і гарады зь мястэчкамі. Рэзка пашырыліся гарадзкія межы і ўтварылася безьліч новых вуліцаў. Але калі раней назвы вуліцаў утвараліся натуральна, з вуснай традыцыі, то за Расеяй на месьцічаў раптоўна звалілася безьліч каляніяльных чынавенскіх ініцыятываў!
Чыноўнічкі спачатку імкнуліся ўвязваць назвы з рэчаіснасьцю. Напрыклад, узьніклі вуліцы Вакзальныя, што былі пры навюткіх тады вакзалах, Паліцэйскія, дзе былі паліцэйскія пастарункі, Падгорныя, Горныя, Рачныя, Зарэчныя...
Але дзясяткі вуліцаў атрымалі і такія назвы — Андрэеўская, Іванаўская, Міхайлаўская, Пензенская, Таганроская, Уфімская, Серпухаўская. Натуральна, Пецябурскія былі і Маскоўскія. Зьявіліся паўсюль салдафонскія Казарменныя, Гарнізонныя, Батальённыя, Артылерыйскія і Парахавыя. Дарэчы, менавіта ў часы каляніяльнай расейшчыны мы атрымалі такія нягеглыя, кур’ёзныя назвы, як 1-я, 2-я, 3-я лініі ў Менску, Безыменная і ажно 19 Безыменных завулкаў!..
— То бок фантазія скончылася? Выглядае, савецкая ўлада проста пераняла тыя каляніяльныя завядзёнкі, як і з помнікамі царам?
— Менавіта. Там, дзе голас тутэйшага люду нічога не вырашаў, чынавенства ўсё брала на сябе. Зрэшты, як і цяпер. Хіба нармальна, што ў Менску ажно пяць Брэсцкіх завулкаў?!
Тады ж, яшчэ ў царскія часы, упершыню зьявіліся ўласна патранімічныя назвы: каляніяльныя ўлады давалі іх у гонар рэальных асобаў. Галоўнай вуліцай Менску царскіх часоў была новая вуліца Захар’еўская, названая ў гонар першага ў нас расейскага губэрнатара Захарыя Карнеева.
Дарэчы, гэта была сапраўдная ініцыятыва зьнізу. Карнееў пакінуў па сабе ў нашай сталіцы выключна добры ўспамін. Ён быў лібэралам, масонам і літаратарам. Шанаваў тутэйшы лад жыцьця і годнасьць гараджанаў. Закладзены ім гарадзкі сад, цяпер парк імя Горкага, да сёньня наш гонар.
Захар’еўскую перайменавалі пазьней у Савецкую, на якой сёньня засталося з паўтузіна дамоў. Я вярнуў бы ёй імя таго слаўнага, на рэдкасьць талковага кіраўніка. А мо і помнік нават бы паставіў!
А, напрыклад, у Горадні старасьвецкія вуліцы Купецкая і Садовая сталі Кутузаўскай і Мураўёўскай. Вуліцы Кутузаўскія і Сувораўскія, на маскоўскі капыл, былі наогул тыповымі назвамі. У Менску зьявілася Скобелеўская, Пушкінская, тады, дарэчы, цалкам новая, а сёньня — Фізкультурная.
У гонар расейскіх цароў Аляксандраў зьявіліся Аляксандраўскія вуліцы ў нашых губэрнскіх цэнтрах і ў буйных гарадах. У Горадні цяпер гэта вуліца савецкага кавалерыста Будзённага.
Але зьвярніце ўвагу, наколькі людчэйшымі былі нават тыя, царскія назвы. Вуліца Антоніеўская ў Менску (цяпер Антонаўская), напрыклад, была названая ў памяць пра першага менскага праваслаўнага япіскапа Антонія Зубка. А Захар’еўская? Можаце сабе ўявіць, каб сёньня вуліца Маркса звалася Карлаўскай, а Леніна — Уладзімірскай?!
— Ці можна сьцьвярджаць, што гэта выключна каляніяльная спадчына — называць вуліцы ўласнымі імёнамі канкрэтных асобаў?
— Не зусім так. Мы ўжо згадалі, напрыклад, назву менскай вуліцы Фэліцыянаўскай — у гонар сьвятога Фэліцыяна Італійскага, якога шануюць хрысьціяне ўсіх цэркваў. Ягоная труна-рака зьберагалася ў катэдральным саборы, у капліцы, дзе побач і ішла тая вуліца.
Ажно ад 1560 году вядомая нам назва вуліцы Калючынскай, што ў Горадні, — ад сядзібы шляхецкай сям’і Калючыны. Сапраўдны цуд, што гэтая вуліца захавала сваю назву да сёньня.
То бок былі такія выпадкі ўжываньня імёнаў сьвятых, або першаўласьнікаў сядзібаў, але гэта не было масавай зьявай. І, яшчэ раз падкрэсьлім, яны набывалі гутарковыя варыянты, нават за расейскім часам — не Захарыя Карнеева, а Захар’еўская, не Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна — а Пушкінская!
Пра тое, паводле якой лёгікі і як сёньня называць новыя вуліцы і пераназываць старыя, размова пойдзе ў наступнай перадачы.