Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гранітныя сымбалі чужой імпэрыі. Чаму Латвія наважылася на дэмантаж савецкага помніка ў Рызе


Помнік савецкім салдатам у сталіцы Латвіі. Рыга, 9 траўня 2022 году.
Парк, дзе знаходзіцца помнік, сёлета быў упрыгожаны сцягамі Латвіі і Ўкраіны і каля яго арганізавана выстава «Слава Ўкраіне»
Помнік савецкім салдатам у сталіцы Латвіі. Рыга, 9 траўня 2022 году. Парк, дзе знаходзіцца помнік, сёлета быў упрыгожаны сцягамі Латвіі і Ўкраіны і каля яго арганізавана выстава «Слава Ўкраіне»

Чытаючы пра савецкі помнік у Рызе, трэба думаць пра такія ж савецкія помнікі ў цэнтры Менску і дзясяткаў іншых беларускіх гарадоў.

Скандальны савецкі помнік у парку Узварас у Рызе будзе нарэшце зьнесены. Пытаньне ня ў тым, ці заслугоўваюць Другая сусьветная вайна і перамога над нацызмам памяці. Вядома ж, заслугоўваюць. Але памяці праўдзівай, а ня той, якую навязваў савецкі таталітарны рэжым.

Бо камуністычная ўлада ў СССР выкарыстоўвала вайну — трагедыю і траўму мільёнаў людзей — для таго, каб прапагандаваць уласны таталітарызм (іншы, чым гітлераўскі, але ад гэтага ня менш агідны).

Аднолькавымі колерамі на картах, аднолькавымі словамі ў параграфах падручнікаў і газэтных артыкулах, аднолькавым стылем карыкатураў апісваліся спачатку ўсе агулам антыкамуністычныя сілы падчас грамадзянскай вайны, потым нацысты падчас Другой сусьветнай вайны, а потым дэмакратычныя краіны Захаду ў пасьляваенны час. Хто хоць трохі засьпеў Савецкі Саюз, савецкую прапаганду і адукацыю, той зразумее, пра што я.

То бок, пры ўсім жахлівым падабенстве савецкага і нацыстоўскага таталітарызмаў, прапаганда дзесяцігодзьдзямі малявала нам абсурдную карціну сьвету, у якой атаясамліваліся гітлераўскі нацызм і заходняя лібэральная дэмакратыя. «Хто супраць савецкай улады, той фашыст». «Хто супраць Лукашэнкі і Пуціна, той фашыст». Разьвязваньнем войнаў, тэрорам супраць іншадумцаў і нават рэпрэсіямі паводле нацыянальнай прыкметы займаліся і займаюцца СССР, Лукашэнка і Пуцін, але «фашысты» ўсё роўна вы.

Нас выхоўвалі на хлусьні

У савецкай міталёгіі пра Другую сусьветную вайну няма месца савецкім ваенным злачынствам, калі Чырвоная армія ператварыла ўсходнюю Нямеччыну ў адну вялікую Бучу. Няма месца Пакту Молатава — Рыбэнтропа, Катыні, дэпартацыі цэлых народаў (што зьяўляецца формай генацыду), гіганцкаму савецкаму марадэрству і масавым савецкім згвалтаваньням у канцы вайны. Тысячам і тысячам рэальных задакумэнтаваных фактаў, якія робяць Другую сусьветную вайну далёка не такой адназначнай і справядлівай, як казённы вобраз «Вялікай Айчыннай вайны», да якога нас прывучалі зь дзяцінства. Ды нават Галакосту там амаль што няма месца.

У выніку лжывая савецкая міталёгія пра «Вялікую Айчынную вайну» сталася галоўным прапагандысцкім натхняльнікам для войска, якое сёньня, у гэты самы момант, зьдзяйсьняе масавыя злачынствы ва Ўкраіне, нясе гора тысячам і тысячам людзей. Гэтая міталёгія нясе прамую небясьпеку і прывяла да крывавай вайны.

А таму, чытаючы пра савецкі помнік у Рызе, трэба думаць пра такія ж савецкія помнікі ў цэнтры Менску і дзясяткаў іншых беларускіх гарадоў.

Зло з мастацкай каштоўнасьцю

«Помнік Перамогі на Круглай плошчы ў яго цяперашнім выглядзе, з савецкай сымболікай і з выявай маскоўскага Крамля на навершы, — гэта прапагандысцкі аб’ект, які адлюстроўвае толькі савецкі погляд на Другую сусьветную вайну. Погляд, мякка кажучы, аднабаковы».

Напісана ў 2016 годзе, але з таго часу зрабілася яшчэ больш відавочным — цаною жыцьцяў тысячаў украінцаў.

Мы павінны пазбаўляцца савецкага прапагандысцкага вобразу Другой сусьветнай. Выціскаць яго з сваёй сьвядомасьці, нават калі гэта будзе нязвыкла і некамфортна з эмацыйнага пункту гледжаньня. І ў тым ліку гнаць яго з гарадзкой прасторы, прыбіраючы альбо абясшкоджваючы ягоныя манумэнты. Савецкі наратыў пра вайну непраўдзівы, несумленны і створаны маскоўскімі імпэрцамі, каб зрабіць нас рабамі і прымусіць ненавідзець краіны і народы, якія павінны быць нашымі сябрамі. Нас усіх выхоўвалі на хлусьні. Мы мусім расплюшчыць вочы.

Помнік у Рызе мне як латвійцу трохі шкада хіба з мастацкага пункту гледжаньня. Мы толькі цяпер вучымся цаніць эстэтыку бруталізму, у тым ліку бруталізму савецкага. Зусім нядаўна аматарам архітэктуры атрымалася выратаваць былы будынак ЦК кампартыі Латвіі. І, паверце, будынак Палаца Рэспублікі ў Менску — ён таксама каштоўны з мастацкага пункту гледжаньня. Але, у адрозьненьне ад стэлы на Круглай плошчы, ён не нясе ідэалягічнага напаўненьня. Таму да яго пытаньняў няма. А да многіх савецкіх помнікаў Другой сусьветнай — ёсьць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG