У Мікалаеў прыляцелі расейскія касэтныя бомбы. Пра новыя абстрэлы Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі зьвестак няма

Пасьля абстрэлу Мікалаева, ліпень 2022

Украінская армія адказала чарговым зьнішчэньнем складоў з боепрыпасамі. На раніцу 29 ліпеня пра новыя выпадкі абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі вядома не было.

У Расеі расказалі аб аб’ектах, па якіх нанесьлі ўдар зь Беларусі 28 ліпеня

28 ліпеня раніцай для абстрэлаў поўначы і поўдня Ўкраіны расейцы выпусьцілі ракеты «Калібр» з акваторыі Чорнага мора, «Іскандэр» — з аэрадрому «Зябраўка» у Гомельскай вобласьці і ракеты Х-22 з бамбавікоў Ту-22м3, якія базуюцца на аэрадроме «Шайкаўка» ў Расеі.

Сёньня міністэрства абароны Расеі паведаміла аб’екты, якія напярэдадні абстралялі з тэрыторыі Беларусі. Паводле іх, у Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях нанесьлі ўдар па «рэзэрвах» украінскага войска — па палігону Ганчароўскае і паблізу населенага пункту Люцяж.

«У выніку ўдараў цалкам страціла баяздольнасьць 30-я мэханізаваная брыгада, якую рыхтавалі да адпраўкі на Данбас. Апроч таго, крытычныя страты панесла 57-я мотапяхотная брыгада, якая аднаўляла баяздольнасьць на палігоне Ганчароўскае», — адзначаецца ў паведамленьні расейскага Мінабароны.

У Генэральным штабе Ўкраіны празь некалькі гадзін пасьля абстрэлу назвалі пацярпелыя вайсковыя аб’екты. Аднак колькасьць стратаў не паведамілі.

29 ліпеня пра новыя выпадкі абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі вядома не было.

Геаграфія расейскіх абстрэлаў украінскіх гарадоў застаецца амаль нязьменнай з пачатку ліпеня: Мікалаеў, Нікапаль Днепрапятроўскай вобласьці, Харкаў, Сумская вобласьць. Вядуцца актыўныя баявыя дзеяньні ў Данецкай вобласьці, але Расея там ня можа істотна прасунуцца. Пасьля пашкоджаньня Антонаўскага моста пад Херсонам Расея пачала сьцягваць у тым кірунку дадатковую жывую сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Беларусі адказалі на запыт, чаму Беларусь дапамагае Расеі ў вайне супраць Украіны

На Кінбурнскай касе пажары

Мікалаеў і Мікалаеўская вобласьць кожны дзень жывуць ад трывогі да трывогі. Яе абвяшчаюць ці ня кожныя паўтары гадзіны. Увечары 28 ліпеня ў Мікалаеве расейскія ракеты зруйнавалі тры прыватныя будынкі і пашкодзілі пункт выдачы гуманітарнай дапамогі. Папярэднія зьвесткі — тры мясцовыя жыхары атрымалі раненьні.

Расейцы працягваюць абстрэльваць і тэрыторыю між вёскамі, трапляючы ў палі са збожжам. Пасьля адной з ракетных атак на Кінбурнскай касе загарэўся іглічны подсьціл.

29 ліпеня адразу пасьля 9-й раніцы расейцы аднавілі атаку Мікалаева. Як паведаміў мэр гораду Аляксандар Сянкевіч, ад разрыву касэтных бомбаў пацярпелі цывіільныя — папярэдне, чацьвёра загінулі і сямёра параненыя. На месца выехалі машыны хуткай дапамогі.

Больш за 40 ракет па Нікапалі

У Днепрапятроўскай вобласьці пад абстрэлам зноў Нікапаль. Як паведамляюць мясцовыя ўлады, расейцы з «Градаў» запусьцілі больш як 40 рэактыўных снарадаў. Пашкодзілі 6 прыватных будынкаў, гаспадарчыя пабудовы, лініі электраперадач. Горад часткова без электрычнасьці. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без ахвяр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі: пік у сакавіку, пагроза ядзернай катастрофы, бамбаваньне нафтабазы

Галоўныя цэлі на Харкаўшчына — жылы сэктар і прадпрыемствы

З 4-й раніцы расейскія войскі аднавілі абстрэлы Харкава і ягоных ваколіц. Абласныя ўлады паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны ў рэгіёне шпіталізавалі 8 параненых.

У Харкаўскім, Чугуеўскім і Ізюмскім раёнах у выніку атак пашкоджаны жылы сэктар, гаспадарчыя пабудовы, аб’екты прамысловасьці і інфраструктуры.

У Чугуеўскім раёне абстралялі цеплаэлектрастанцыю, а ў Ізюмскім загарэлася поле з пшаніцай.

Сумшчыну абстрэльваюць з Расеі

Ноч у Сумскай вобласьці была спакойнай, але раніцай расейскія войскі аднавілі мінамётны абстрэл па адной зь мясцовых грамад. Улады пакуль не паведамляюць, куды трапілі міны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы з тэрыторыі Беларусі абстралялі Ўкраіну «Іскандэрамі», вядома пра 25 запускаў ракет

У Данецкай вобласьці — актыўныя баі. Украінцы зьнішчылі два вялікія склады

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейскія войскі не спыняюць штурму на Бахмуцкім кірунку, але пакуль ня могуць захапіць сам Бахмут, Новалуганскае і Салядар, нягледзячы на дапамогу авіяцыі.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што расейцы могуць сьцішыць наступы на Сіверск, сканцэнтраваўшыся на Бахмуце, але наўрад ці змогуць яго захапіць. Паводле экспэртаў інстытуту, гэтыя кірункі ці не адзіныя, на якіх Расея можа аднавіць наступ.

Тым часам дэпартамэнт камунікацый Узброеных сіл Украіны паведаміў аб зьнішчэньні ў Данецкай вобласьці двух найбуйнейшых складоў Расеі з боепрыпасамі — у Ілавайску і Брылеўцы. Прычым у Ілавайску былі зьнішчаныя ня толькі боепрыпасы, а і паліва, і асабісты склад расейскага войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьцены і вокны дрыжэлі!». У сацсетках беларусы абмяркоўваюць пуск ракетаў, якія ляцелі ва Ўкраіну