Першага ліпеня выданьне «Народная воля» накіравала ліст міністру абароны Рэспублікі Беларусь генэрал-лейтэнанту Віктару Хрэніну з пытаньнямі, якія тычацца падтрымкі Беларусьсю вайны Расеі з Украінай, у прыватнасьці аб пастаўках Расеі беларускіх боепрыпасаў і зброі, адкрыцьці беларускіх межаў для наземнага ўварваньня і беларускага неба для нанясеньня ракетных удараў па Ўкраіне.
Цяпер рэдакцыя атрымала і апублікавала адказ ведамства на свой запыт. Пры гэтым падпісаны ліст не Хрэніным, а палкоўнікам Капыліным — выканаўцам абавязкаў памочніка міністра абароны ў ідэалягічнай працы ва Ўзброеных сілах.
«Наша дзяржава заўсёды актыўна і пасьлядоўна выступала за мірнае ўрэгуляваньне канфлікту ва Ўкраіне. Рэспубліка Беларусь і абароннае ведамства прыклалі шмат намаганьняў, каб арганізаваць перамоўны працэс, але ўмяшаньне трэціх краін не дае магчымасьці ўдзельнікам канфлікту знайсьці пункты судакрананьня, здольных спыніць гарачую фазу проціборства, — гаворыцца ў афіцыйным адказе Мінабароны. — Рэспубліка Беларусь ня лічыць Украіну праціўнікам, Міністэрства абароны прымала і будзе прымаць меры стрымальнага характару ў мэтах недапушчэньня распаўсюджваньня канфлікту».
Лукашэнка дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны, пасьля чаго здарылася разьня ў Бучы, а таксама расейцы вялі зь беларускіх гарадоў абстрэлы цывільных аб’ектаў у гарадах Украіны, ад чаго гінулі людзі. За саўдзел у вайне на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцый.
У той жа час у вайне на баку Ўкраіны змагаецца беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ўваходзяць у склад украінскіх вайсковых фармацый, некаторыя ўжо аддалі сваё жыцьцё на вайне.