Любы піяршчык ведае, што інтэрвію зоркі павінна зьмяшчаць абавязковую «недасканаласьць» героя, а таксама пэўную долю «драмы» і «пакутаў» — публіка гэта любіць, яна не прыме гісторыю посьпеху безь пераадоленьня нейкіх перашкодаў. «Так же, как все, я по земле хожу», — сьпявала Ала Пугачова, марна спрабуючы даказаць, што ейныя праблемы нічым не адрозьніваюцца ад клопатаў «простых людзей».
У заходніх унівэрсытэтах падчас прыняцьця ў студэнты асаблівую ўвагу ўдзяляюць паходжаньню, расе, прыналежнасьці да меншасьці абітурыента; лічыцца, што пэўныя катэгорыі апрыёры прыгнечаныя (нават незалежна ад сацыяльнага і матэрыяльнага статусу) і ім трэба даваць зялёнае сьвятло. Мільёны амэрыканцаў раптам пазнаходзілі ў сябе індзейскія карані. Забясьпечаныя дзеці зь сярэдняй клясы хутка «прасеклі фішку» і, ня маючы рэальных жыцьцёвых бедаў, перабольшваюць пакутлівыя драмы зь сямейнага жыцьця, стасункаў зь сябрамі, хлопцамі-дзяўчатамі ці бацькамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Павал Севярынец за кратамі дапрацаваў хрысьціянскую віктарынуНа YouTube ёсьць забаўны ролік, дзе прыёмная камісія разглядае лісты абітурыентаў і адразу прымае тых, у каго ёсьць «драма»: «У дзень перад іспытам я даведалася, што тата нас кінуў», «Памёр любімы сабачка». Залічаны, атрымаеш грант на вучобу!
Я бачу гэта як варыянт падсьвядомага прабачэньня за свабоднае і заможнае жыцьцё. Няма праблемаў, дык мы іх створым. Толькі не падумайце, што нам добра жывецца, — «багатыя таксама плачуць».
З адваротнага боку — шматвекавая расейская традыцыя абагаўленьня, узьнясеньня болю і пакутаў, мэтафізычнае рахметаўскае ляжаньне на цьвіках. Прытым яны ж не абмяжоўваюцца добраахвотным стварэньнем пакутаў для сябе — яны ствараюць іх для іншых, бо ў іхнім разуменьні без пакутаў чалавек не чалавек, таму трэба іх забясьпечыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замовілі піцу — прыехала міліцыя. Як і за што затрымлівалі Зьмітра і Насту Дашкевічаў, якіх цяпер судзяць за «масавыя беспарадкі»Мы не гатовыя прызнацца сабе, што штосьці ў нашым жыцьці было лішнім, непатрэбным, таму прыдумляем казку пра «ўсё было нездарма». Любую трагедыю, страту, зьняволеньне мы тлумачым тым, што «гэта дало мне новы жыцьцёвы досьвед», «пасьля гэтага я вырас як асоба», «я шмат зразумеў». За гэтым забаўна было назіраць у арміі — падчас службы ўсе салдаты тэрміновай службы армію мацюкалі і ненавідзелі, а вярнуўшыся на «гражданку», пачалі расказваць, «як шмат мне армія дала і навучыла».
Тое самае з турмой. У гэтай вечнай спрэчцы Шаламава і Салжаніцына большасьць не гатовая прыняць бескампрамісную пазыцыю Шаламава:
«Убежден, что лагерь — весь — отрицательная школа, даже час провести в нем нельзя — это час растления. Никому никогда ничего положительного лагерь не дал и не мог дать».
Маральна гэта цяжка прыняць, прызнаць, што ў цябе забралі столькі часу жыцьця, таму былы вязень пачынае апавядаць, зь якімі добрымі людзьмі пазнаёміўся ў турме, колькі разумных кніжак прачытаў, колькі думак перадумаў. А без турмы ты кніжак не чытаў, для гэтага абавязкова за краты?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турма можа стаць месцам, якое крадзе жыцьцё, або магчымасьцю для самаразьвіцьця». Эдуард Бабарыка даў першае інтэрвію зь СІЗАМы шукаем нейкі глыбінны сэнс там, дзе яго няма і ніколі не было. У любой паразе і няшчасьці шукаем надзею і ўрок. Асабліва сёньня, калі людзей захапіла масавая псыхалёгія «пазытыўчыку». Раптоўная заўчасная сьмерць прымушае нас гаварыць штосьці супакаяльнае кшталту «Яму там будзе лепей», «Божанька так вырашыў — значыць, так і трэба». Бо мы ня хочам і не гатовыя прыняць ледзяны дотык бяды, змрочную і пранізьлівую несправядлівасьць таго, што адбылося.
Ня трэба шукаць нешта добрае ў несвабодзе, як і ў вайне, рамантызаваць іх праз захапленьне пакутамі. Трэба пісаць і крычаць, што гэта толькі гора і бяда і гэтага неабходна ўсяляк пазьбягаць. Як нельга рамантызаваць вайну, так нельга «апраўдваць» і зьняволеньне, шукаць у іх нешта станоўчае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк два тыдні трымаюць у карцары; аднавіўся закрыты працэс над Ірынай СлаўнікавайТурма, страты, хвароба, вайна, нават сьмерць — на ўсё ў нас гатовыя адгаворкі ў стылі «ўсё было недарма», «гэта дало мне новы досьвед», «навучыла мяне новаму». Прызнаць праўду, што вайна, няшчасьці, пакуты і страты не даюць нам нічога, акрамя пакутаў і стратаў — гэта нам часта не пад сілу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расказаў бы мне хто, што будзе ў 2022-м, я б не паверыў». Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык піша кранальныя вершы з турмы