Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расказаў бы мне хто, што будзе ў 2022-м, я б не паверыў». Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык піша кранальныя вершы з турмы


Андрэй Кузьнечык
Андрэй Кузьнечык

Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, які за 3 гадзіны суду атрымаў 6 гадоў турмы, чакае разгляду апэляцыі.

З магілёўскай турмы шле кранальныя дзіцячыя і філязофскія вершы. Чытае дзёньнікі Максіма Гарэцкага з імпэрыялістычнай вайны. І бачыць часам «забаўныя» сны — як у кайданках ідзе ў школьную бібліятэку.

«Адсюль каштоўнасьць сям’і адчуваеш найвялікшай»

Андрэй Кузьнечык падаў апэляцыйную скаргу на прысуд, разгляд яе прызначаны на 12 жніўня. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС паведамілі, што адбываць тэрмін Кузьнечык будзе ў наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

«Сярод імавернасьцяў ёсьць і блізкае вяртаньне, але займацца прагнозамі ў цяперашніх працэсах пры адсутнасьці нэўтральнай інфармацыі — справа рызыкоўная. Нармальны чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае», — напісаў Андрэй у лісьце жонцы Алесі.

У Андрэя і Алесі, якія разам ужо 20 гадоў, двое дзетак: васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвейка. Андрэй заўсёды аддаваў малым вельмі шмат увагі і часу: чытаў, займаўся зь імі спортам, разьвіваючымі гульнямі, вучыў катацца на ровары. Сям’я для яго — найвялікшая каштоўнасьць, гэта ведаюць усе калегі і сябры Кузьнечыка.

«Адсюль каштоўнасьць сям’і адчуваеш найвялікшай, а недахопы, капрызы і лайдацтвы ў мінулым — лёгкаадкідальнымі. Магчыма, у псыхалёгіі на гэта ёсьць свой трапны тэрмін і прыземлены прагноз. Але я поўны рашучасьці і плянаў ствараць шчасьлівае нашае будучае», — не губляе аптымізму палітвязень.

«...Калі што, я разьлічваю яшчэ Мацейку пасьпець пакатаць на роварным крэсьле па атракцыёнах і горках з качкамі. Бо той адзіны сэзон пакатушак ён мо і не запомніць».

«Я не адчуваю сябе ад вас адарваным. Штодня думаю пра вас, уяўляю, дзе вы, што робіце, адчуваю, як трымае за руку Яніна, цягне кудысьці Мацейка, чую твае абдымкі і пацалункі».

«Прыемна чуць пра гаспадарчыя посьпехі Яніны, пра камунікацыйныя посьпехі Мацьвея. Дзякуй ёй за аплікацыю».

«Вельмі крануў мяне Янчын клопат, каб не пісаць мне сумнага. Пішы, канечне. Я хачу і весяліцца, і журыцца разам з вамі. Цікава было б разам зь Янінай і табой паглядзець фільмы. Таго ж „Гары Потэра“ ці „Бясконцую гісторыю“ не спрабавалі глядзець? Ці яна яшчэ дужа да сэрца бярэ сумныя павароты сюжэту, як раней?» — піша Андрэй у лістах да сям’і.

Даслаў Андрэй дзецям і новы верш — свой варыянт узаемаадносінаў паміж катом і мышамі.

«Я ж паўсюль знаходжу цікавае, у самых нечаканых кнігах»

Андрэй шмат чытае. Нядаўна перачытаў «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. Да яго пачала даходзіць і падпіска: «ЛіМ», «Звязда», «Вечерний Минск», «Маладосць», «Полымя».

«Я ж паўсюль знаходжу цікавае, у самых нечаканых кнігах. У „Беларускім савецкім нарысе“ 1979 году прачытаў дзёньнік Максіма Гарэцкага з імпэрыялістычнай вайны. Седзячы ў акопах, салдаты меркавалі, што ў 2014-м будзе „рай на зямлі“. Расказаў бы мне хто, што будзе ў 2022-м, я б не паверыў. Вось жа, прагнозы — справа няўдзячная», — разважае Андрэй.

«Пра сны ўжо думаў не пісаць, але знаходзіш такія паралелі, што дух займае»

Працягвае ў лістах расказваць Кузьнечык і пра свае сны, якія трошку, як прызнае сам Андрэй, «пазмрачнелі, але здараюцца і забаўныя: як я ў кайданках хадзіў па школе ў бібліятэку».

9 ліпеня нарэшце ўпершыню яму прысьніўся сон, як ён катаецца на ровары.

«Усю ноч я падарожнічаў у Менску, то ў Мазурынскім парку ў Віцебску, нейкі мікс такі. Праўда, апошнія паўгадзіны я чакаў адкрыцьця гаспадарчай крамы, як у нашым доме, але яна месьцілася зьлева ад кінатэатра „Кастрычнік“ (вясельле наша было справа, гэта я ўжо прачнуўшыся прыгадаў). Але сон у цэлым мне спадабаўся і падарыў мне добры настрой».

«Пра сны ўжо думаў не пісаць, але знаходзіш такія паралелі, што дух займае, як, прыкладам, з той Вэтэрынарнай вуліцай (там яшчэ вэтакадэмія), а я паўдня пра яе думаў, бо аўтобус несумненна зьбіраўся туды заварочваць, хоць ён несумненна туды ня ходзіць.

Дык вось сьнілася (з самых выразных запомненых сноў), як прыехаў я ў Бабруйск, а там трыкалёры, і невядома што рабіць (ну, гэта, бадай, прадчуваньне Наваполацку). А ўчора прысьніўся звычайны побытавы сон, толькі я быў зарослы, як у ковідны год, і цалкам сівы».

Андрэй чакае пераводу ў наваполацкую калёнію ўзмоцненага рэжыму. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца пасьля разгляду апэляцыйнай скаргі, пасьля 12 жніўня.

  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ён у суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.
  • Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.
  • Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак.
  • 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
  • 12 траўня зьявілася інфармaцыя, што Кузьнечыка перавялі зь СІЗА-1 у магілёўскую турму.
  • 8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.
  • Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG