Кангрэсмэн Сьміт: Украіна можа атрымаць 25-30 HIMARS і аналягаў

HIMARS

ЗША і іх саюзьнікі могуць паставіць Украіне 25-30 ракетных сыстэм залпавага агню HIMARS і іх аналягаў.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода заявіў кіраўнік камітэта па ўзброеных сілах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Адам Сьміт.

Ён разам з шэрагам іншых сяброў Кангрэса наведаў Кіеў і сустрэўся ў суботу з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак пацьвердзіў, што размова ішла аб пастаўках зброі, у тым ліку і ракетных сыстэмах залпавага агню.

«Мы гатовы даць Украіне столькі ўстановак HIMARS, колькі зможам», — падкрэсьліў Сьміт. Ён адзначыў, што пастаўка, напрыклад, 50 такіх установак наўрад ці магчымая, аднак колькасьць 25-30 цалкам рэальная. Па словах кангрэсмэна, гаворка ідзе аб амэрыканскіх устаноўках, а таксама аб падобных ім сыстэмах MLRS з Вялікабрытаніі і іншых краін NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША перададуць Украіне яшчэ чатыры ракетныя сыстэмы HIMARS

Раней міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў казаў, што Ўкраіне для абароны неабходна 50 падобных установак, а для наступленьня — 100. Апошнюю ацэнку падзяляе і дарадца офіса прэзыдэнта Міхаіл Падаляк.

На дадзены момант ЗША ўжо паставілі Ўкраіне 12 рэактыўных сыстэм HIMARS і абяцалі паставіць яшчэ 4. Таксама пастаўлена некалькі MLRS.

Выкарыстоўваючы HIMARS, у апошнія тыдні ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі шэраг удараў па тылах расейскіх войскаў. Паводле ацэнак ЗША, Украіна зьнішчыла больш за 100 «высокавартасных» расейскіх мэт на занятых расейскімі войскамі ўкраінскіх тэрыторыях. Пры гэтым па тэрыторыі Расеі ўдары не наносіліся. Пэнтагон пасьля ўдакладніў, што Ўкраіне перадаюцца боепрыпасы для HIMARS з радыюсам дзеяньня да 80 км, а не ракеты, здольныя паражаць цэлі на адлегласьці 300 км.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўхвалілі продаж Эстоніі сыстэм залпавага агню HIMARS на суму $500 млн

Мінабароны Расеі сьцьвярджала, што расейскія вайскоўцы зьнішчылі 3 з 12 пастаўленых установак HIMARS. Украінскія вайскоўцы не прызналі страту ніводнай, незалежных сьведчаньняў зьнішчэньня хаця б адной РСЗА няма.