Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўхваліў магчымы продаж Эстоніі рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS і адпаведнага абсталяваньня, паведамляе Агенцтва па супрацоўніцтве ў галіне абароны і бясьпекі ЗША.
Кошт пагадненьня ацэньваецца ў 500 мільёнаў даляраў. Удакладняецца, што агулам Эстонія запрасіла да шасьці РСЗА HIMARS, да 36 сыстэм кіраванага залпавага агню GMLRS, рэактыўных установак і ракет. Як піша амэрыканскае агенцтва, гэта пагадненьне падтрымае зьнешнюю палітыку і нацыянальную бясьпеку ЗША, а таксама бясьпеку іх саюзьніка па NATO.
Эстонія мае намер выкарыстоўваць HIMARS для мадэрнізацыі сваіх узброеных сіл, пашырэньня магчымасьцяў умацаваньня абароны краіны і стрымліваньня рэгіянальных пагрозаў.
Амэрыканскія рэактыўныя сыстэмы залпавага агню HIMARS могуць паражаць мэты на адлегласьці да 80 кілямэтраў. У траўні Польшча абвясьціла пра намер набыць каля 500 ракетных сыстэм залпавага агню HIMARS. Міністар нацыянальнай абароны Польшчы тады заявіў, што HIMARS будзе інтэграваны ў польскую сыстэму баявога кіраваньня.